Общественно-политическая газета Брестского района
Напярэдадні Дня вялікай Перамогі беларусы адзначылі Дзень герба і сцяга. Атмасфера свята, безумоўна, панавала і ў нашым раёне.
На плошчы Дома культуры вёскі Чэрні сабраліся прадстаўнікі раённай улады і школьнікі з розных куткоў Прыбужжа. Музычныя кампазіцыі, якія гучалі на ўсю акругу, прыцягнулі ўвагу і мясцовых жыхароў.
Падняць сімвал краіны — беларускі сцяг, даверылі старшыні раённага савета ветэранаў Пятру Антонавічу Брузгіну і вучаніцы Чэрнінскай школы Крысціне Мазоль. Урачысты момант узняцця сцяга суправаджаўся калектыўным спевам гімна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Паўлавіч Саланевіч павіншаваў прысутных са святам дзяржаўнага герба і сцяга, таксама расказаў вучням пра вытокі нацыянальнай сімволікі, якая прайшла выпрабаванне часам і зацвердзілася ў свядомасці народа.
У выкананні юных талентаў, на плошчы каля раённага Дома культуры прагучала шмат песень пра Беларусь, пра любоў да сваёй Радзімы.
Сімвалам свята сталі выпушчаныя ў неба белыя галубы, якія ва ўсе часы атаясамліваліся з мірам і дабром.
Дзеці ў нацыянальных касцюмах, упрыгожаная паветранымі шарамі плошча, высока ўзняты беларускі сцяг — усё гэта сведчыць аб патрыятычнай свядомасці падрастаючага пакалення і ментальнасці беларускага народа.
Крысціна БУДЧАНІНА