Мы – беларусы, і тым ганарымся! | Заря над Бугом

Мы – беларусы, і тым ганарымся!

3 даўніх часоў людзі карыстаюцца знакамі, якія ў кароткай, нагляднай форме адлюстроўваюць тое, што асабліва дорага для іх – Радзіму. Такімі знакамі-сімваламі з’яўляюцца герб, сцяг і гімн. Кожная дэталь дзяржаўнай сімволікі мае важнае значэнне і дае зрокавыя, наглядныя і ў той жа час важныя звесткі пра нашу краіну, пра наш народ.

У мінулую нядзелю на плошчы каля раённага Дома культуры, што ў в. Чэрні, госці і жыхары Прыбужжа святкавалі Дзень Дзяржаўнага герба і флага Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнік раённай вертыкалі Уладзімір Мацука, старшыня раённага Савету дэпутатаў Фёдар Каланчук, намеснік старшыні райвыканкама Людміла Жуковіч, старшыня раённага Савету ветэранаў Пётр Брузгін, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, а таксама хлопцы і дзяўчаты з усіх школ Прыбужжа, іх настаўнікі, актывісты Саюзу моладзі і, вядома, жыхары Чэрнінскага сельсавету, многія з якіх прыйшлі на свята сем’ямі.

Прывітальнымі словамі адкрыў мерапрыемства старшыня раённага Савету дэпутатаў Фёдар Каланчук:

— Паважаныя землякі, прыміце сардэчныя віншаванні з урачыстым святам нацыянальнай сімволікі, вытокі якой узыходзяць каранямі ў глыбокае мінулае. У іх адлюстраваны важнейшыя асаблівасці менталітэту беларускага народу. Дзяржаўныя сімвалы нашай краіны прайшлі доўгі шлях станаўлення, развіцця і сцвярджэння. За гады незалежнасці сімвалы Беларусі сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, знакам гонару за сваю Радзіму. Нашы герб і сцяг – гэта сімвалы новай краіны, якая рашуча ідзе па шляху захавання сваёй самабытнасці ў новых гістарычных умовах, яны сталі знакам гонару за нашу краіну і яе візітнай карткай, — подкрэсліў Фёдар Фёдаравіч. – Стаўленне да Дзяржаўнага герба, сцяга і гімна – гэта стаўленне да Радзімы, да зямлі, на якой нарадзіўся і вырас чалавек, дзе жылі яго продкі, якія здолелі ў цяжкай барацьбе захаваць сваю культуру і нацыянальную самабытнасць. Няхай вечна ззяюць над Беларуссю слаўныя сімвалы нашай суверэннасці і свабоды. І пакуль мы маем свой нацыянальны атрыбут, мы будзем адчуваць і ведаць, што мы паўнапраўныя гаспадары сваёй Айчыны. Паважаныя сябры, ад імя раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама прыміце пажаданні здароўя, шчасця, дабрабыту, чыстага і мірнага неба, поспехаў і дасягненняў на карысць нашай Радзімы. Са святам вас!

Дзяржаўныя сімвалы, перш за ўсё, аб’ядноўваюць беларускі народ у самыя розныя моманты жыцця: ад нацыянальных святаў да перамог на сусветным узроўні. І ў які б кут планеты не закінуў нас лёс, яны заўсёды нагадваюць аб свабоднай, працавітай роднай Беларусі. Дзяржаўная сімволіка трывала ўвайшла ў наша паўсядзённае жыццё, а стаўленне грамадзян да яе становіцца ўсё больш і больш паважлівым.

З ранняга дзяцінства мы выхоўваем павагу да нацыянальнай сімволікі, без гэтага немагчыма выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Цешыць, што сёння ва ўсіх беларускіх школах выкладаецца прадмет “Мая Радзіма — Беларусь”, дзе з першых урокаў дзеці вывучаюць нацыянальныя сімвалы. Падчас мерапрыемства я спытала ў некаторых школьнікаў, ці ведаюць яны, чаму наш сцяг менавіта такіх колераў, і падлеткі наперабой пачалі распавядаць:

— Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя повязі, братэрства, барацьбу за справядлівую справу. Ён азначае высокае прызначэнне ў лёсе і перамогу. Адначасова гэта знак шчаслівага жыцця. Зялёны – гэта колер прыроды, нашай карміцелькі, колер палёў і лясоў, якія здаўна займалі асноўную частку тэрыторыі нашай краіны. А яшчэ ён з’яўляецца сімвалам дабрабыту, росту, развіцця і міру. Нарэшце, белы – гэта, перш за ўсё, колер свабоды. Нездарма лічаць, што назва Беларусь звязана з непахіснай воляй да свабоды. Сцяг Беларусі мае яшчэ адну важную, характэрную рысу, яшчэ адну важную дэталь — гэта чырвоны народны ўзор ці, інакш кажучы, арнамент. Што ён азначае? Што сімвалізуе? Перш за ўсё – працавітасць і працоўнае майстэрства. У цэнтры арнаменту – ромб з тоўстымі «кручкамі», якія азначаюць вечнасць і рух. А сам ромб – гэта старадаўняя выява багіні Зямлі і Урадлівасці, — вось які разгорнуты, нібыта прачытаны са сторонкі гістарычнай кнігі, адказ я атрымала на сваё пытанне.

Упэўнена, вы пагадзіцеся са мной, што ў краіне, дзеці якой з вялікай павагай ставяцца да дзяржаўнай сімволікі, ведаюць яе гісторыю і карані, будучыня абавязкова будзе светлай і шчаслівай.

У сваёй гісторыі беларусы карысталіся рознымі сцягамі і гербамі. Цяперашнія нацыянальныя атрыбуты Рэспублікі Беларусь прыняты ў выніку ўсенароднага галасавання 14 мая 1995 года. Высветліць народную думку што да сцяга і герба прапанаваў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Герб, сцяг і гімн лічацца ва ўсіх краінах вышэйшымі сімваламі народа, іх шануюць, як роднае слова, родны дом, родную культуру і звычаі.

Сёння сімвалы краіны шырока прапагандуюцца і суправаджаюць нас паўсюль: на пашпартах грамадзян, узнагародах, пячатках. Нацыянальныя сцягі размяшчаюцца на фасадах дзяржаўных будынкаў, і ніводнае ўрачыстае мерапрыемства не праходзіць без дзяржаўных сімвалаў. Менавіта падчас узняцця сцяга кожны грамадзянін адчувае гонар за сваю краіну.

Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена старшыні раённага Савета ветэранаў Пятру Брузгіну і актывістам, выдатнікам вучобы Чэрнінскай сярэдняй школы Анастасіі Баран і Уладзіславу Бабічу.

У той час, калі чырвона-бела-зялёнае палотнішча пачало паступова ўздымацца да нябёсаў, над плошчай загучалі першыя акорды гімну, і выхаванцы Клейнікаўскай школы мастацтв пачалі выконваць урачысты спеў. Усе, ад малога да вялікага, замерлі, і амаль кожны з прысутных пачаў падпяваць.

Пасля свята працягнулася звонкімі песнямі і народнымі танцамі ў выкананні калектываў мастацкай самадзейнасці Прыбужжа. А яшчэ на плошчы разгарнуўся выязны гандаль.

Напрыканцы хочацца ўспомніць словы выдатнага класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы: “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…”. Герб і сцяг – гэта таксама наша спадчына, наша гісторыя і будучыня, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, важнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.

Яніна СТАЛЯРЧУК

Фото аўтара

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!