«На роднай мове кніжнай святы чытаўся змест…» | Заря над Бугом
«На роднай мове кніжнай  святы чытаўся змест…»

«На роднай мове кніжнай святы чытаўся змест…»

“…Мы—духоўныя і гістарычныя наследнікі тых пакаленняў,  якія стагоддзямі марылі пра сваю суверэнную дзяржаву.Гісторыя беларускай дзяржаўнасці заўсёды была няпростай. Але імкненне нашага народу жыць у сваім доме было стрыжнем, які даваў  сілу і мацаваў яго дух. Мы помнім пра тых асветнікаў і спадзвіжнікаў дзяржаўнасці, якія стаялі ля яе вытокаў. Гэта нашы знакамітыя землякі: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны і многія іншыя гістарычныя асобы.”

Аляксандр Лукашэнка

Ураджэнец старажытнага Полацка, выдатны філосаф, асветнік, гуманіст, пісьменнік, вучоны эпохі Адраджэння Францыск Скарына ўвайшоў у гісторыю як «бацька» ўсходнееўрапейскага кнігавыдання: менавіта ён у 1517 годзе ўпершыню выдаў Біблію на старабеларускай мове для «людзей паспалітых да добрага навучання». Сваім жыццём і дзейнасцю ён падвёў сваеасаблівы вынік развіцця ўсходне-славянскай культуры за пяць стагоддзяў, што прайшлі ад прыняцця хрысціянства, і выступіў наватарам, даў новы напрамак, які арыентаваўся на агульначалавечыя каштоўнасці.

 

Францыск Скарына – «сын з слаўнага града Полацка»

Нарадзіўся Францыск Скарына каля 1490 года ў сям’і купца Лукі (Лук’яна) у горадзе Полацку, які ў той час з’яўляўся адным з буйнейшых палітычных і культурных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага.

Пачатковую адукацыю юны Францыск атрымаў у бацькоўскім доме, дзе спасцігаў азы чытання і пісьма, а затым вывучаў лацінскую мову ў школе пры Полацкім бернардзінскім манастыры, заснаваным у 1498 годзе па ініцыятыве вялікага князя Аляксандра Ягелона.

У 1504 годзе «сын з слаўнага града Полацка» паступіў у адзін з лепшых еўрапейскіх універсітэтаў таго часу – Кракаўскі – на факультэт «вольных мастацтваў» і праз два гады атрымаў сваю першую вучоную ступень – бакалаўра філасофіі.

У студэнцкія гады сярод захапленняў Францыска была і медыцына: згодна з данымі біёграфаў, праз некалькі гадоў у сценах alma mater ён атрымаў ступень магістра, а ў 1512 годзе – бліскуча здаў экстэрнам экзамен доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце.

Аб прыродных здольнасцях і стараннасці маладога вучонага хадзілі легенды, а ў актавых запісах адзначаецца, што «сын спадара Лукі Скарыны з Полацка праявіў сябе пахвальна». І сёння партрэт беларускага доктара можна знайсці ва ўніверсітэцкай галерэі сярод іншых выпускнікоў, знакамітых вучоных з розных еўрапейскіх краін.

Згодна з адной з версій, у 1512 – 1516 гадах Францыск Скарына служыў асабістым лекарам і сакратаром сына літоўскага караля Жыгімонта І Старога – княжыча Яна, з якім пазнаёміўся яшчэ ў час навучання ў Балонскім універсітэце.

 

Вытокі кнігадрукавання: першая Біблія на старабеларускай мове

Выдавецкую дзейнасць Францыск Скарына пачаў у Празе, дзе пры падтрымцы купцоў-мецэнатаў з Полацка і Вільні заснаваў друкарню, а ўжо 6 жніўня 1517 года апублікаваў «Псалтыр» у перакладзе на старабеларускую мову, які стаў першым выданнем у гісторыі нацыянальнага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Усяго ж на працягу двух гадоў у пражскай друкарні ўбачылі свет 23 кнігі Бібліі, якія суправаджаліся ілюстрацыямі (ксілаграфічнымі гравюрамі, ініцыяламі і застаўкамі), а таксама аўтарскімі прадмовамі і каментарыямі, у якіх Францыск Скарына дзяліўся з чытачамі сваімі асветніцкімі ідэямі і поглядамі.

У пачатку 1520-х гадоў Францыск Скарына пераехаў у Вільню і адкрыў першую друкарню на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тут выйшла «Малая падарожная кніжка», дапоўненая акравершамі і календаром сонечных і месячных зацьменняў, і «Апостал», які расказвае аб дзеяннях і пасланнях бліжэйшых вучняў Хрыста.

«Малая падарожная кніжка» прызначалася для падарожнікаў і ўключала 18 царкоўных кніг, у лік якіх увайшлі «Псалтыр», «Часасловец», «Шасцідневец» і «Саборнік», а таксама акафісты і каноны… Унікальныя выданні невялікага фармату былі ўпрыгожаны гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, а дзевяць з іх суправаджалі пасляслоўі.

 

Кніжная спадчына Францыска Скарыны

Дзякуючы асветніку і першадрукару Францыску Скарыну беларускае нацыянальнае кнігавыданне ўзбагаціла не толькі еўрапейскую, але і агульнасусветную культуру. Рэнесансныя выданні знакамітага палачаніна вызначалі высокая якасць друку, характэрныя мастацкія, гравюрныя і арнаментальныя ўпрыгажэнні, шрыфты і іншыя кампаненты выдавецкай эстэтыкі.

Адной з галоўных асаблівасцей усіх кніг Скарыны сталі аўтарскія каментарыі, якія дапамагалі «паспалітым» людзям лепш зразумець змест, асэнсаваць значэнне падзей, адлюстраваных у кнігах Свяшчэннага Пісання.

У красамоўных прадмовах, якія адлюстроўваюць гуманістычныя ідэалы і светапогляд Францыска Скарыны, прасочваюцца прыкметы іншых літаратурных жанраў, якія пазней атрымалі працяг у беларускай літаратуры і пісьменстве.

Кнігі Францыска Скарыны распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях, і  сапраўды не толькі паўплывалі на развіццё духоўнай культуры беларускіх зямель, але і ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве.

 

Апошнія гады жыцця: падарожжы і ўрачэбная практыка

Апошнія гады жыцця Францыск Скарына прысвяціў медыцынскай практыцы. У 1520 – 30-я гады ён выконваў абавязкі лекара і сакратара ў віленскага біскупа Яна, а ўжо ў 1529-м па запрашэнні прускага герцага Альбрэхта Гогенцолерна наведаў Кёнігсберг, дзе ўспыхнула эпідэмія.

У сярэдзіне 1530-х ужо вядомы пры чэшскім двары па ўдзеле ў дыпламатычнай місіі Жыгімонта I Францыск Скарына прыняў прывабную прапанову ад караля Фердынанда I і стаў прыдворным лекарам і садоўнікам у раскошным батанічным садзе, які абрамляў велічны замак Градчаны.

Памёр Францыск Скарына каля 1551 года, аднак дакладная дата смерці і месца пахавання невядомы. Яго сын Сімяон у 1552 годзе атрымаў прывілей ад чэшскага караля Фердынанда I на права на спадчыну нябожчыка доктара «Францыска Руса» з Полацка.

 

Францыск Скарына і сучаснасць

Памяць Францыска Скарыны, імя якога стаіць у адным радзе з такімі выдатнымі дзеячамі сусветнай культуры эпохі Адраджэння, як Леанарда да Вінчы, Рафаэль і Ян Амос Каменскі, увекавечана ў назвах вуліц многіх беларускіх гарадоў, універсітэта ў Гомелі, а таксама помніках, адным з якіх з’яўляецца бронзавая скульптура першадрукара каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У краіне заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды – ордэн і медаль Францыска Скарыны, якія ўручаюцца за ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны народа; асаблівыя заслугі ў гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці, поспехі на ніве нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…

Сёння спадчына Францыска Скарыны налічвае 520 кніг, многія з якіх знаходзяцца ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі. Усяго ж выданнямі беларускага першадрукара валодаюць каля 50 краін, у тым ліку і яго радзіма – Беларусь – 28 экзэмпляраў.

У 2017-м годзе, які прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, краіне ўдалося вярнуць унікальны помнік нацыянальнай культуры – «Малую падарожную кніжку», якая лічыцца першай кнігай, выдадзенай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сярод галоўных падзей 2017-га года – прэзентацыя 20-томнага факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», прызёра Гран-пры конкурсу «Мастацтва кнігі», маштабная выстаўка «Францыск Скарына і яго эпоха», міжнародны тэлепраект «Францыск Скарына на мовах народаў свету» і дакументальны фільм «Першадрук», які пакажуць у рамках Дня беларускага пісьменства ў Полацку…

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!