НАД ПОЛЕМ «ЗАХОДНІМ» БЕЗ ПЕРАМЕН | Заря над Бугом

НАД ПОЛЕМ «ЗАХОДНІМ» БЕЗ ПЕРАМЕН

“У сераду на большай частцы тэрыторыі чакаюцца караткачасовыя дажджы, у заходніх раёнах вобласці – навальніцы з моцным парывістым ветрам… У чацвер будзе неўстойлівае дажджлівае надвор’е, месцамі пройдуць моцныя навальнічныя ліўні… У пятніцу ў Беларусь паступіць вільготнае паветра з Заходняй Еўропы…” (З паведамленняў сіноптыкаў).

Баліць душа у хлебаробаў: ураджай вырас адменны, аднак дажджы, навальніцы і шквальныя ветры не перастаюць “гуляць” над Прыбужжам. Буксуюць, грузнуць на палетках камбайны. Кожны прагон, кожны гектар збажыны ў СГЦ “Заходні” дастаецца з цяжкасцю. — Калі ў аддзяленні Матыкалы і ўключаюцца ў работу камбайны, то з Радваніч тэлефануюць, што ў іх зноў пачаўся дождж, — расказвае старшыня прафкама гаспадаркі Марыя Паўлаўна Драневіч. – Вось і сёння ў нас над полем без перамен. Гэта над полем. А на зямлі, на палетках перамены, бясспрэчна ёсць. Людзі і тэхніка працуюць, і на жніве ўжо вызначыліся экіпажы, якія намалацілі па 500 тон зерня. І вось да іх, пераможцаў, і збіраецца ехаць Марыя Паўлаўна, каб уручыць працоўныя вымпелы славы, пісьмовыя падзякі ад кіраўніцтва гаспадаркі і грашовыя прэміі. Па дарозе Марыя Паўлаўна ўводзіць нас у курс сельскіх навін, адзначае, з якімі пытаннямі прыходзяць людзі ў прафкам. Характар зваротаў у апошні час, безумоўна, іншы, чым быў раней. Многія ўзялі крэдыты, улезлі ў даўгі, а што цяпер, дзе выхад? Любы фінансава-эканамічны абвал у рэшце рэшт б’е па працоўнаму люду, а крызіс, як апоўзень, абрынаецца на кожнага з нас. І як добра, што ёсць на прадпрыемствах калектыўны дагавор, што ёсць пэўная дзяржаўная сацыяльная дапамога, ёсць іншыя рычагі і сродкі, якія можна задзейнічаць. Скажам, тысячу тон зерня і не зможа намалаціць кожны экіпаж у СГЦ “Заходні”, а 500 – многія. Значыць, прэміі ў сям’ю прынясуць таксама многія. Не за гарамі ж верасень, школа, вучоба дзяцей у інстытутах. (Для даведкі: на жніве ў СГЦ “Заходні” удзельнічаюць 23 “сваіх” экіпажаў і 2 з Брэсцкага райаграсервіса). За гарачыя абеды і вячэры механізатары і іншыя ўдзельнікі жніва ўносяць, можна сказаць, сімвалічную суму, якая ўвогуле не вельмі адбіваецца на сямейным бюджэце. Па ўмовах спаборніцтва на жніве, якія прыняў прафкам СГЦ “Заходні”, камбайнеры і вадзіцелі, якія намалацілі і перавезлі з поля 500 тон зерня і зернебабовых, узнагароджваюцца дыпломамі і грашовымі прэміямі. У мінулы аўторак ганаровыя вымпелы і прэміі атрымалі Аляксандр Міхайлавіч і Міхаіл Васільевіч Палешчукі (сямейны экіпаж КЗС-1218), Вячаслаў Іванавіч Васільчук і Аляксандр Мікалаевіч Снітко (экіпаж камбайна “Джон Дзір”), вадзіцелі МАЗаў Уладзімір Васільевіч Хлеўны і Павел Паўлавіч Тушкевіч. — Гэта толькі пачатак, — прыгадала Марыя Паўлаўна ўзнагароджаным. – Старайцеся, мужчыны. А мы зробім усё, каб прозвішчы нашых перадавікоў на жніве ведала ўсё Прыбужжа. Зараз на зямлі пануюць два колеры – зялёны і залацісты, хлебны. З кожным днём дабаўляецца новы – чорны. Гэта свежая ралля. Пад новы ўраджай. Нажаль, не хапае цяпер яшчэ аднаго колеру – блакітнага. Неба над Прыбужжам па-ранейшаму ў гэтыя ліпеньскія дні маркотнае, шэрае, нізкае, якое раз-поразу зусім цямнее. Толькі неба пакуль без перамен…

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт “Зари над Бугом»

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!