Наканавана будзіць памяць, веру і надзею Брэсцкаму раённаму альманаху «Астрамечаўскi рукапiс» | Заря над Бугом

Наканавана будзіць памяць, веру і надзею Брэсцкаму раённаму альманаху «Астрамечаўскi рукапiс»

У цёплай і творчай атмасферы ў мінулую пятніцу прайшла прэзентацыя Брэсцкага раённага альманаха «Астрамечаўскi рукапiс» — першага на рэгiянальным узроўнi ў нашай краiне

У гэты дзень Астрамечаўскi Палац культуры сабраў у сваёй утульнай зале многiх людзей – ад кiраўнiкоў раённай вертыкалi да ўдзельнiцы фальклорнага калектыву. Ад вядомага старшынi перадавога сельскагаспадарчага кааператыва да загадчыцы сцiплага вясковага клуба i майстрыхi-вышывальшчыцы. Ад унiверсiтэцкага выкладчыка i студэнтак-першакурснiц – да самай малодшай удзельнiцы дзiцячага танцавальнага гуртка i ветэрана самадзейнага хора. Усіх іх аб’ядноўвала одно: жаданне, каб «нарадзiўшаеся дзiцятка», так ласкава назвала альманах дырэктар Дома рамёсел Таццяна Лук’янюк, мела шчаслівую будучыню і моцна трымалася на нагах.

На сцэну ў гэты дзень выходзіла шмат гасцей, кожны марыў выказаць добрыя пажаданні «першапраходцу».

Ніяк не магло абысціся гэтае мерапрыемства без выступлення галоўнага рэдактара i ўкладальнiка альманаха Аляксандра Ваўковіча, які паведаў аб сваiх планах на будучыню, аб цiкавых i незабыўных фальклорных экспедыцыях, аб тым, чым сёння жыве выданне. «Рубрыкi альманаха адлюстроўваюць цiкавыя i ўнiкальныя матэрыялы пра музычную, песенную, гiстарычную, вусна-паэтычную, харэяграфiчную i лiтаратурную спадчыну Брэсцкага краю», — паведамiў Аляксандр Міхайлавіч.

Доктар фiлалагiчных навук, прафесар кафедры беларускага лiтаратуразнаўства БрДУ iмя А.С. Пушкiна Іна Швед у сваім эмацыянальным, характэрным толькi ёй выступленні падкрэсліла, што з’яўленне такога альманаха неабходна і дзякуй тым, хто працуе над яго стварэннем не дзеля матэрыяльных дабротаў, а добраахвотна, для тых, хто хоча ведаць традыцыі і гісторыю свайго роднага краю, сваёй мовы. «А навошта тады ўвогулле збiраць, расшыфроўваць, сiстэматызаваць сабраныя матэрыялы, калi асноўная масса чытачоў будзе пазбаўлена знаёмства з гэтымi цудоўнымi творамі?» — падкрэсліла Іна Анатольеўна.

У той жа час на прэзентацыі справядліва адзначылі, што без фінансавання выданне ніяк не можа жыць. Такая дапамога альманаху неабходна.

«Са свайго боку мы прыкладзем усе намаганні, каб падтрымаць гэты ўнікальны праект. Гэта неабходна для вяртання нашай гістарычнай спадчыны, вельмі важна працягваць прапаганду народных культурных традыцый рэгіёну, — падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Людміла Жуковіч. – Аднак ўжо сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што «Астрамечаўскi рукапiс» — яркi, рэгiянальны культурны брэнд Брэсцкага раёна».

Вельмi прыемна i тое, што, дзякуючы Уладзіміру Сітухе, з’явіўся першы верш, прысвечаны маладому выданню. Як урачыста і яскрава гучаць яго першыя радкі: «Расправiў крылы, нiбы птах, у раёне Брэсцкiм альманах!»

Ажыўлялі і ўзвышалі мерапрыемства музыка, песні і танцы астрамечаўскіх фальклорных калектываў, вучняў музычнай школы.

Напрыканцы сустрэчы другi ўкладальнiк альманаха Таццяна Лук’янюк выказала пажаданне, каб сапраўднай вiзiтоўкай Брэсцкага раёна стаў уласны фестываль традыцыйнай культуры, падрыхтаваны на аснове славутага сшытка. Што ж, было б някепска, каб гэтыя планы ажыццявiлiся. Гэтая яскравая падзея, безумоўна, дапамагла б многiм людзям пазнаёміцца з цудоўным прыбужскiм кутком.

Артыкул хацелася б скончыць пранікнённымі словами галоўнага рэдактара рэспубліканскага часопіса «Вясёлка» Уладзіміра Ліпскага, з якіх пачынаецца трэці выпуск «Астрамечаўскага рукапісу»: «Дай жа Бог гэтаму народжанаму Дзіцяці даўгалецця, творчых крылаў і бясконцага натхнення. Дай жа Бог усім нянькам гэтага выдання неспакою, шчадроты, творчых крылаў і мудрасці. Дай жа Бог, каб Брэсцкі краязнаўчы альманах жаданым госцем увайшоў у кожную сям’ю і абудзіў Памяць, Веру і Надзею ў сучаснікаў зямнога раю. Хай так станецца, міласэрны Божа!»

Алена СЕЗІНА

Фота Юрыя МАКАРЧУКА

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!