Настаўнік Іваноў | Заря над Бугом

Настаўнік Іваноў

«Настаўнік! Колькі трэба любві і цяпла?

Каб нязгасная памяць у вучнях жыла…»

У нашым жыцці бывае многа розных настаўнікаў. Некаторыя помняцца па прозвішчу, некаторыя – па бацьку, другія – як выкладчыкі прадмета, а многія сціраюцца з памяці назаўжды… Але застаюцца ў ёй толькі строгія і патрабавальныя, якія з сырога, дзіцячага цеста ляпілі будучых людзей, давалі ім грунтоўныя веды і адкрывалі перад імі дзверы ў шырокі свет. Бо без школы і настаўнікаў мы —  ніхто! Таму ўсім ім нізкі паклон…

Нашы школьныя гады прыйшліся на пару шасцідзесятых. Гэта быў цяжкі час. Пасля апусташальнай вайны савецкая дзяржава толькі-толькі пачынала пакрыху падымацца на ногі. У пачатковых класах Чэрнінскай васьмігадовай школы мы вучыліся яшчэ пры газавых лямпах і пісалі ў сшытках пер’евымі ручкамі і карандашамі.
Нашымі настаўнікамі былі былыя франтавікі і ўсе тыя, хто перажыў жах вайны. Некаторыя з мужчын насілі не цывільныя касцюмы, а салдацкае, безпагоннае абмундзіраванне.
У той час у Чэрні не хадзілі аўтобусы. Машыны — тыя былі вялікай рэдкасцю. Часам раз за тыдзень па сялу праязджаў калгасны грузавік, кабіна якога была драўлянай.
Амаль усе настаўнікі жылі дзесьці ў горадзе ці ў другім месцы, таму дабіраліся ў школу ў любую пагоду пехатою, а то – на веласіпедах. У дождж, у мяцеліцу, праз гурбы снегу яны спяшаліся на працу і ніколі ніхто не спазніўся, не прапусціў заняткі.
Калі па школьным карыдоры ішоў настаўнік-франтавік, што адчувалася па яго выпраўцы, падцянутасці і ўпэўненым кроку, усе вучні адразу прыціхалі і віталі яго. Для ўсіх шкаляроў гэтыя людзі былі эталонам пераймання…
На ўсё жыццё запомніліся Васілій Васільевіч Свірскій – настаўнік гісторыі, Іван Герасімавіч Іваноў – настаўнік матэматыкі, Валянцін Серафімавіч Стралкоў – дырэктар школы, Надзея Мікалаеўна Кастыко – настаўніца нямецкай мовы, Марыя Емельянаўна Пячко – настаўніца пачатковых класаў…
Але на гэты раз расказ пойдзе пра нашага матэматыка – Івана Герасімавіча Іванова. Гэты былы франтавік быў чалавекам складанага лёсу. Усім вучням ён запомніўся строгім і патрабавальным выкладчыкам. На яго ўроках усе сядзелі, бы «мышы пад мятлою», усе працавалі і адказвалі на пытанні. Непаслухмяных ён мог пакруціць за вуха, прыкрыкнуць на іх ці паставіць ў класны куток. Здольным вучням Іван Герасімавіч за невывучаны ўрок ніколі не ставіў «двойку».
— Сядай! Ты заслугоўваеш «кол»!.. — з абурэннем гаварыў ён і акуратна выводзіў у класным журнале безхвостую і безносую «адзінку». А пры пераздачы недавучанага матэрыяла прыстаўляў да той «адзінкі» прамы вугал, і з яе атрымлівалася прыгожая «чацвёрка».
Ён ніколі не ставіў «пяць».
— На пяцёрку ведаю толькі я! — часам гучна заяўляў ён. — Вось калі на ўступных экзаменах вам паставяць «выдатна», тады і будзеце папракаць мяне…
Але адзінаму свайму вучню – Дзіме Калішуку з вёскі Братылава, Іван Герасімавіч усё ж такі паставіў у пасведчанне аб заканчэнні васьмігодкі «пяць». Яшчэ ў пятым классе з першых урокаў матэматыкі ён заўважыў ў хлопчыку незвычайныя здольнасці і пачаў іх развіваць, працуючы з ім па асобнай праграме. Нагружаў яго цяжкімі, мудрагелістымі задачамі і прыкладамі, і вучань паспяхова іх рашаў.
Кожны раз, атрымаўшы правільны адказ, настаўнік ставіў Дзіму ў прыклад усяму класу, ганарыўся ім і прарочыў вялікую будучыню. І ён не памыліўся!
Дзіма Калішук паступіў у Мінскі палітэхнічны інстытут. Па заканчэнні яго стаў аспірантам, а потым — дацэнтам матэматычных навук. Да гэтай пары ён даўно ўжо прафесар ці акадэмік…
Усе вучні ў школе баяліся Іванова. Звычайна кажуць: «Баяцца – значыць паважаюць…» А тут было наадварот: баяліся на ўроках, а па за сценамі школы называлі паміж сабою «жылай». Такім чынам яны выказвалі сваё незадавальненне за заніжаныя адзнакі:
— Як ты не вучы, а ў гэтай «жылы» пяць не атрымаеш…
Настаўнік, мабыць, ведаў пра гэтую мянушку, але не крыўдзіўся і нікога не праследаваў…
Але вось што цікава!
Праз гады, калі яго вучні станавіліся дарослымі і самастойнымі, то, успамінаючы Івана Герасімавіча, гаварылі пра яго з ўдзячнай павагай, а пры сустрэчы з ім шчыра дзякавалі за дадзеныя веды.
Іваноў жыў на Плосцы, у трох кіламетрах ад Чэрняў. Кожны дзень ён ездзіў у школу на веласіпедзе. Хадзілі ў Чэрнінскую, тады яшчэ сямігодку, і ўсе плоскаўскія дзеці.
Усе тыя падлеткі лічылі, што ім наогул не пашчасціла… Бо, жывучы побач, у адным сяле, настаўнік кожны раз паведамляў бацькам аб усіх іхніх «двойках».
Але дзіўным для шкаляроў было тое, што ён ніколі і ні разу не далажыў пра добрыя адзнакі. Затое, як толькі з’яўлялася «хвастатая», то ў той жа дзень Іваноў – тут як тут, на парозе хаты… І заўжды ягоны візіт ветлівасці заканчваўся бацькаваў папругай.
Таму аднойчы, ідучы ў школу, шкаляры вырашылі адпомсціць настаўніку за ласкавы голас ўчарашняй лупцоўкі.
— Гэта ўсё праз яго! Спіна свярбіць, што не паварухнуцца, — скардзіўся Сцяпан Шчарбіна сваім дружбакам. — Трэба ж было мне папасці пад гарачую руку бацькі…
— А мяне маці біла шкадуючы – фартухам, — са смехам казаў Коля Макарэвіч.
Уся плоскаўская кампанія спачувала сябрам, бо і з імі бывала такое. Па дарозе ў школу хлопцы дамовіліся, што возьмуць там па крэйдзе і, ідучы дадому, на ўсіх электрычных слупах, якія стаялі ўздоўж веласіпеднай сцежкі, напішуць: «жыла».
І як толькі мара стала явай, то адзін перад другім сталі выказваць сваё захапленне:
— Ага-га! Хай чытае!
— Будзе ехаць веласіпедам, а на кожным слупу: «жыла»!
— Вось табе! Так табе! — трыўмфавалі хлапчукі, думаючы, што нарэшце «насалілі» настаўніку.
На другі дзень, раніцаю, Іван Герасімавіч, едучы ў школу, заўважыў на слупах злыя дзіцячыя надпісы. У школе ён сабраў усіх пісак у гурт і прыказаў:
— Так, мастакі! Усім узяць па анучцы і бягом выціраць напісанае… Я буду чакаць вас ля дзвярэй школы…
І мусілі хлопцы выконваць прыказ. Прапала весялосць. Пазнаходзілі шматы і зышліся на ўказаным месцы. Адтуль і пагнаў іх настаўнік да слупоў, аж пад самую Плоску. Усю дарогу тыя беглі наперадзе, а ён ехаў за імі ззаду на веласіпедзе…
Сам Іваноў па нацыянальнасці быў чуваш. А ў нашым краі застаўся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Пераможцы ў сорак пятым вярталіся на Радзіму з Няметчыны. Многія вайсковыя часці доўгі час стаялі ў прымежжы. Салдаты квартэравалі па сёлах, хадзілі на танцы да мясцовых дзяўчат. Знаёміліся, а дэмабілізаваўшыся, жаніліся і заставаліся на пастаяннае жыццё.
Так сталася і з Івановым. Спадабалася яму наша прыгажуня, і ён больш нікуды не паехаў. Дэмабілазаваўся і ажаніўся з ёй, а затым стаў працаваць настаўнікам матэматыкі.
У першыя гады працы Іван Герасімавіч дырэктарстваў у Збірагах. У школу хадзіў у салдацкім шынялі, гімнасцёрцы, штанах «галіфэ» і чобатах. Усе вучні запомнілі свайго настаўніка сапраўдным салдатам, які быў заўжды падцягнуты і крочыў зладжанай хадою. Ён быў немнагаслоўны і дакладны. У класных журналах яго старонкі былі самымі акуратнымі.
Праз некаторы час, ужо ў канцы «пяцідзесятых», Іван Герасімавіч перавёўся працаваць у Чэрні, дзе і пранастаўнічаў да самай пенсіі. Іваноў меў цвёрды і рашучы характар, любіў сваю працу, меў выдатную сям’ю з чатырох дзяцей… Старэйшыя Алена і сын Міша былі выдатнікамі і вучыліся ў інстытутах.
На жыццёвым небасхіле Івана Герасімавіча пакуль не было, нават, воблакаў, а не то, каб хмар. Здавалася, што так будзе заўжды…
Але нечакана бяда пастукала да яго ў дзверы. За ёю хадзіць не трэба. Яна заўжды нахабна прыходзіць сама…
Прыгажуня Алена раптоўна памерла ў двадцаць адзін год. Пахаванне маладой студэнткі было падобна на шырокую дэманстрацыю. З усёй акругі, хто пехатою, а хто на веласіпедзе, прыбывалі людзі, каб выказаць настаўніку сваё спачуванне ў наваліўшымся горы.
«Але бяда ідзе не адна. За сабой цягне горкае гора».
У дваццаць адзін год загінуў сын Міхайла. Ён вучыўся тады ў Гродненскім медыцынскім інстытуце. У час летняй сесіі пайшоў з сябрамі на Нёман. На беразе ракі і на на свежым паветры добра запамінаецца вывучаемы матэрыял. Міша вырашыў там пакупацца. З разбегу нырнуў у раку і больш не вынырнуў…
Страта абоіх дарослых дзяцей, бы кувалдай, біла і дабівала настаўніка. Ён адразу прыціх, пастарэў. Патух ў вачах гарэзлівы і смешны агеньчык.
Праз гады, атрымаўшы пенсію, Іван Герасімавіч яшчэ доўгі час працаваў кладаўшчыком на БЭМЗе. Адказваў там за ГЗМ. На гэты склад доўга патрабаваўся работнік. Усе баяліся адказнасці і абыходзілі бокам гэтае працоўнае месца. Там мог выстаяць толькі прынцыповы чалавек з непахісным характарам, такім як у Іванова.
У час вялікай смуты, якая была названа з высокіх вуснаў — «Перабудовай», стары матэматык працаваў на ГЗМ і вёў дзве картатэкі матэрыялаў. Адну з якіх, для асабістай падстрахоўкі, ён трымаў дома, ў патаемным месцы.
А інакш – нельга…. Інакш будзе неба ў арыфметыку.
Дэфіцытны бензін патрабаваўся ўсюды. Началь-нікі прыязджалі і нахабна прыказвалі:
— Дай! Налі ў бак! Потым спішам…
Але Іваноў ні ў кога не ішоў на повадзе:
— Спачатку накладную, а потым бензін.
Адшумела «Перабудова»…
Ужо колькі год, як няма на зямлі Івана Герасімавіча Іванова. Але аблічча сапраўднага настаўніка раз-пораз усплывае ў памяці былых яго вучняў, і здымак з ім хутка займе годнае месца ў музеі Чэрнінскай сярэдняй школы…
Ціна ХУТАРАНКА

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!