Новая надзея для сучасных пакаленняў | Заря над Бугом

Новая надзея для сучасных пакаленняў

Напрыканцы лістапада, як ужо паведамляла “Заря над Бугам”, рымска-каталіцкая парафія Узвіжання Святога Крыжа прымала шматлікіх гасцей: папскага нунцыя, кардыналаў, біскупаў, святароў і вернікаў з Беларусі і іншых краін свету. Сабрала іх вялікае свята – 600-годдзе заснавання і 20-годдзе аднаўлення парафіі. Пра цяжкі шлях брэсцкай святыні расказаў нам пробашч касцёла ксёндз Юрый ХІНЕВІЧ.

Па каралеўскай і княжаскай фундацыі

“Праўдападобна, — расказвае айцец Юрый, — што парафія з’явілася ў 1412 годзе. Менавіта гэта дата ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах. Але цалкам верагодна, што гісторыя яе сягае ажно ў канец 14 стагоддзя”. Па словах пробашча, пабудова святыні стала магчыма дзякуючы фундацыі  польскага караля Уладзіслава Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Месца, дзе стаяў старажытны касцёл, да сённяшняга дня застаецца невядомым. Паводле слоў айца Юрыя, гэта маглі быць і абшары сучаснай крэпасці, і месца, дзе касцёл Узвіжанная Святога Крыжа знаходзіцца сёння. “Пад кіраўніцтвам былога пробашча Збігнева Караляка вяліся рамонтныя работы, падчас якіх пад касцёлам былі знойдзены рэшткі старога фундамента, — гаворыць Юрый Хіневіч. – Таму верагодна, што парафія наша ніколі не пераносілася з месца на месца”.

З эпохай Рэчы Паспалітай звязана і з’яўленне тут цудоўнага абраза Маці Божай Брэсцкай. З гісторыі вядома, што ён быў уласнасцю рода Пацееў-Тышкевічаў. Яго прадстаўнік – Іпацій Пацей – пасля падпісання ў Рыме Берасцейскай царкоўнай уніі прывез абраз, падораны Папам Кліментам VII, у родны горад як знак паяднання цэркваў. Славу цудадзейнага абраз набыў пасля цікавай гісторыі, якая здарылася з жонкай гетмана Міколы Патоцкага. Паводле веравызнання яна была лютаранкай, але падчас цяжкой хваробы мужа доўга малілася перад абразам Маці Божай Брэсцкай. Менавіта гэта ўратавала здароўе гетмана, жонка яго стала каталічкай, а вестка пра цудадзейнасць абраза хутка разляцелася па беларускіх і польскіх землях. Тысячы пілігрымаў штогод прыходзілі на малітву да святой Заступніцы ў Брэст. Але час не песціў ані брэсцкіх святыняў, ані сам абраз. Горад разам са святынямі цярпеў ад шматлікіх войнаў, а ў 19 стагоддзі, якое стала пачаткам цяжкога шляху, Берасце было сцерта з аблічча зямлі.

Гады забыцця і спусташэння

Зруйнаваны горад быў перанесены на 2,5 кіламетры ад месца, дзе сёння стаіць Брэсцкая крэпасць. Ксёндз Юрый не змог дакладна сказаць, ці быў сучасны касцёл Узвіжання Святога Крыжа адзіным у горадзе. “Праўдападобна, што так магло быць, бо ўсе астатнія касцёлы былі разабраныя падчас будаўніцтва крэпасці. Заставаўся езуіцкі касцёл, але яго хутка зачынілі пасля паўстання 1863 года і таксама знішчылі царскія ўлады. Нельга выключаць, што некаторы час працаваў і гарнізонны касцёл, бо мясцовага каталіцкага насельніцтва заставалася яшчэ шмат”.

Новы цагляны касцёл быў пабудаваны ў 1856 годзе на месцы старога драўлянага, які згарэў падчас пажару. У гэты ж год святыня была кансэкравана віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім. Касцёл перажыў паўстанні, рэвалюцыі і Першую сусветную вайну. Натуральна, што з далучэннем Заходняй Беларусі да Польшчы жыццё ў парафіі стала больш актыўным, а ў 1936 годзе нават абмяркоўвалася пашырэнне існуючага касцёла, на месцы якога мела з’явіцца велічная базіліка. Але 1939 год не даў гэтым планам спраўдзіцца, бо ў горад увайшлі войскі Чырвонай Арміі. Святыня ацалела ў вірах Вялікай Айчыннай, а ўжо ў 1948 годзе касцёл быў зачынены – “за ненадобностью”, як было сфармулявана ў пастанове гарадскіх уладаў. Лічылася, што католікам Брэста дастаткова будзе адной толькі капліцы на Кіеўцы.

Паводле слоў цяперашняга пробашча парафіі, тое, што адбылося праз семь гадоў пасля заканчэння вайны, нельга назваць інакш як рабаваннем. “Усе, што было ўнутры касцёла, было проста выкінута на вуліцу і складзена ў вялікую купу. Драўляныя алтары і 37 абразоў спалілі, а на трубах з аргана яшчэ колькі дзесяцігоддзяў свісцелі дзеці з усіх прылеглых двароў. Дзякуй Богу, што Ён натхніў брэстаўчаніна Андрэя Чарняка літаральна цудам выхапіць абраз Маці Божай Брэсцкай з гэтага стосу “непатрэбных” рэчаў і захоўваць яго каля 20 гадоў у сваёй хаце. Абраз, — працягвае святар, — ён замураваў у сцяну, і толькі ў 1968 годзе католікі Брэста вырашылі адкрыта выставіць яго ў капліцы на Кіеўцы”. Будынак касцёла быў грунтоўна перабудаваны: не стала вежаў, скляпенні і фрэскі знішчылі, прастору ўнутры падзялілі перакрыццямі. Да 1992 года ў сценах святыні не было месца вернікам – там ішлі экскурсіі, бо пад дах колішняга храма пераехаў абласны краязнаўчы музей.

Змаганне за касцёл

Узімку 1989 года пад мурамі касцёла тагачасным пробашчам Збігневам Каралюком была адпраўлена першая за 40 год Святая Імша. Тады сабралася каля 40 чалавек, але ўсё адно людзі баяліся падпісваць лісты ў Маскву і Мінск. Ды і пазіцыя гарадской улады была прынцыповай: музей служыць усяму гораду, а католікаў у Брэсце зусім не шмат. Кожную нядзелю да самага лета 1990 года вернікі праходзілі праз горад з транспарантам “Дамагаемся вяртання касцёла”. І, нарэшце, у жніўні ў мурах святыні было адпраўлена набажэнства. Два гады спатрэбілася, каб юрыдычна замацаваць за парафіяй права на будынак, дамагчыся права адбудаваць вежы. 28 жніўня 1992 года касцёл Узвіжання Святога Крыжа быў рэкансэкраваны (гэта значыць, зноў асвячаны біскупам) і да сённяшняга дня штодзень прымае вернікаў.

Напрыканцы месяца адбылася яшчэ адна значная падзея: урачыстай працэсіяй абраз Маці Божай Брэсцкай быў перанесены з Кіеўкі да касцёла на Леніна і зноў заняў сваё пачэснае месца. А 30 чэрвеня 1996 года кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на абраз залатыя кароны, асвячаныя Папам Рымскім. Такім чынам Рым прызнаў асаблівае значэнне абраза не толькі для Брэста, але і для ўсяго Каталіцкага Касцёла.

Новае жыццё парафіі

“Ужо 14 год наша парафія працуе ў больш-менш стабільным рэжыме, — гаворыць пробашч ксёндз Юрый. – Безумоўна, здараюцца не вельмі прыемныя сітуацыі, як, напрыклад, у 2000 годзе, калі людзі проста засталіся без ксяндза. Назіраецца пэўная дынаміка. Не ў колькасным, але хутчэй у якасным сэнсе. Калі напачатку адраджэння касцёла на Імшу прыходзіла не больш за 40 чалавек, то сёння кожную ня-дзелю ўсе чатыры набажэнствы збіраюць поўную святыню. І гэта, безумоўна, не можа не цешыць нас”.

Гады атэізму нанеслі касцёлу шматлікія раны, якія вернікі змаглі вылечыць толькі нядаўна. Ад самага 1992 года ў святыні ішла рэканструкцыя. За 18 год удалося прыбраць перакрыцці, якія дзялілі прастору на паверхі, збудаваць 3 алтары – два бакавых і адзін галоўны, усталяваць арган, уставіць новыя вокны, давесці да ладу сістэму ацяплення і знешні выгляд увогуле. Адбудаваныя вежы касцёла абсталяваны электронным механізмам, які прымушае рухацца званы. Іх, дарэчы, тры: малыя “Ян Павел” і “Жыгімонт” і трэці, самы вялікі, які пакуль не мае назвы.

Пакутным шляхам вярнулася Маці Божая Брэсцкая ў сваю адноўленую святыню. “Дзякуй Богу, розум вяртаецца да нас”, — казаў у сваёй прамове Казімір Свёнтэк падчас каранацыі абраза. І праўда, дзякуй Богу, што дае нашай зямлі крыніцу новай надзеі для сучасных пакаленняў на шляху да веры, на шляху ў будучыню.

Арцём КІР’ЯНАЎ

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!