НОВЫЯ ПАДЫХОДЫ СУПРАЦЬ СТАРЫХ ПРАБЛЕМ | Заря над Бугом

НОВЫЯ ПАДЫХОДЫ СУПРАЦЬ СТАРЫХ ПРАБЛЕМ

Дзясятая сесія раённага Савета цяперашняга 26-га склікання прайшла ў фармаце выязной. Пачалася яна на тэрыторыі Лышчыцкага сельскага Савета.

Такі пачатак работы быў абумоўлены пэўным парадоксам: для пераймання вопыту ў раён ездзяць прадстаўнікі суседніх раёнаў, а свае бываюць не так часта. Таму і вырашылі паглядзець, што робіцца ў сябе пад бокам.

Дэпутатам было прапанавана наведаць некалькі аб’ектаў вёскі Кашылава: калодзежы агульнага карыстання, могілкі, арандаваны вадаём. Старшыня Лышчыцкага сельскага савета – Іна Анатольеўна Дзячак — на пасадзе каля двух месяцаў. Але й за гэты кароткі час ўжо нешта паспела зрабіць: дзякуючы ініцыятыўнасці старшыні у Кашылаве абладжаны грамадскія калодзежы, добраўпарадкаваны могілкі. Усяго на тэрыторыі сельсавета 9 месцаў пахавання, восем з іх па-ранейшаму патрабуюць увагі.

Наступны аб’ект – арандаванае возера. Зарыблена яшчэ ў 2008 годзе. Але пакуль што дасягнутая карысць невялікая: па выніках 2010 года арандатарам М.В. Крывіцкім рэалізавана паўтоны рыбы пры даведзеным заданні 1,5 тоны.

У гэты дзень, перш чым трапіць у актавую залу лышчыцкага сельскага дома культуры, дэпутаты пабылі на розных аб’ектах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, райбытсэрвіса, у конна-спартыўнай школе і садзе СВК “Астрамечава” і г.д. цікавіў вопыт па ўпарадкаванню машынных двароў, найперш у тых гаспадарках, якія яшчэ нядаўна не былі ў ліку прыкладных.

На пленарным пасяджэнні, якое вёў старшыня раённага Савета дэпутатаў А.П. Саланевіч, былі падсумаваны вынікі атрыманай інфармацыі і разгледжаны шэраг пытанняў павесткі пасяджэння.

Так, значная частка ўвагі была аддадзена разгляду работы органаў мясцовай улады, тэрытарыяльнага самакіравання, прадпрыемстваў і арганізацый па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва на прыкладзе Лышчыцкага сельсавета. Работа вышэйназваных структур рашэннем раённага савета дэпутатаў была прызнана станоўчай. Старшыня райсавета адзначыў, што яму імпануе той падыход да работы, які існуе ў сельсавеце: “Калі так ісці далей, то вынік будзе”. Пры гэтым было адзначана, што зняць старыя праблемы стане магчымым, калі знойдзем новыя падыходы. А праблемы сапраўды старыя. Тут і якасць вады ў Астрамечаве, і пытанне будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у Яцкавічах і іншае. Так, сярэдняя канцэнтрацыя растваральных соляў жалеза ў вадзе са свідравін в. Астрамечава перавышае норму ў чатыры разы. Свідравін прадпрыемства “Брэсцкая ЖКГ” недастаткова для забеспячэння вадой насельніцтва. Для таго, каб прывесці ў норму якасць вадаправоднай вады, патрэбна будаўніцтва станцыі абезжалезвання.

Выступаючыя адзначылі вялікую ролю ў вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў дэпутатаў раённага Савета А.С. Скакуна, А.І. Шуляка, Л.А. Каберны, І.В. Краўчука і шэрагу дэпутатаў сельскага Савета.

Таксама на сесіі была зацверджана раённая праграма “Кадры”. Дадзеная праграма разлічана на 2011 – 2015 гады і мае на мэце далейшае ўдасканаленне работы з кадрамі ў раёне, укамплектаванне органаў дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання высокакваліфікаванымі кадрамі. Здольнымі рэалізоўваць эканамічную, навукова-тэхнічную і сацыяльную палітыку дзяржавы.

На сённяшні дзень арганізацыі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю і грамадскага харчавання, лясной гаспадаркі, сацыяльнай сферы раёна цалкам укамплектаваны кіруючымі кадрамі. У мэтах павышэння эфектыўнасці работы па вучобе, падборцы і расстаноўцы кадраў у раёне зацверджаны кадравы рэестр райвыканкама, якім вызначаны пералік пасад кіруючых работнікаў.

Таксама на сесіі былі прыняты рашэнні пра ўстанаўленне граніц сельскіх населеных пунктаў Брэсцкага раёна і разгледжаны шэраг іншых пытанняў.

Алег Субтэльнік

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!