Пад небам Белай Русі | Заря над Бугом

Пад небам Белай Русі

Памыляецца той, хто лічыць,  што дастаткова пабудаваць новы жывёлагадоўчы комплекс з сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, як адразу ж павысяцца надоі, якасць малака і рэнтабельнасць вытворчасці. У жывёлагадоўлі цудаў не бывае, амаль усё залежыць ад людзей — якія рацыёны, які падабраны статак, як лечыць рагулю ветэрынар, як доіць карову, нарэшце, даярка. Аўтаматыка і вылічальная тэхніка, вядома, прагрэсіўныя з,явы, але ж чалавечы фактар быў і застаецца на фермах галоўным.

Ёсць у ААТ «Камароўка» не адзін, а нават некалькі сучасных малочна-таварных комплексаў, якія з кожным годам упэўнена і надзейна «плюсуюць» па ўсіх паказчыках. Аднак хутчэй за ўсіх пачала прыносіць аддачу пасля нядаўнай рэканструкцыі МТФ у вёсцы Орхава, якую узначальвае Надзея Іванаўна Недашкоўская.  За адзін толькі мінулы год прыбаўка тут саставіла 2476 кілаграмаў малака на кожную карову. Агульны ж вынік на ферме — 7640 кілаграмаў.

Як вам  удалося зрабіць такі рывок? — пытаемся ў аператараў машыннага даення Надзеі Васільеўны Канаплёвай і Праскоўі Рыгораўны Пікалюк, якія ўдвух абслугоўваюць дойны статак у 190 галоў.

Тут заслуга ўсіх заатэхнікаў, ветэрынараў, загадчыцы. Добра, што кароўкі нашы менш хварэюць, што фураж даюць якасны, што ўсё па раскладу на ферме робіцца, што парадак, што нават у самыя лютыя маразы ў нармальным рэжыме працавалі механізмы, заўсёды была вада, свет, — пералічваюць жанчыны мноства станоўчых фактараў, без якіх, лічаць яны, поспеху б не было. — Кукурузны сілас дабрэнны, камбікармы свае. А сянаж які, а сена якое  — цуда! Дзякуй за гэта аграномам нашым. Вось каго пахваліць трэба… Канешне, і мы стараемся, шчыруем. Але што адзін зробіш без людзей? Гуртам і бацьку ямчэй біць, — успомнілі беларускую прыказку сяброўкі.

Надзея Васільеўна і Праскоўя Рыгораўна ў «Камароўцы» жывуць і працуюць ужо даўно. Абедзьве — украінкі, амаль што зямлячкі нават. Розныя ў іх былі шляхі-дарогі, пакуль не сустрэліся ў Беларусі. Тут вось, на самым памежжы з Украінай, уладкаваліся з сем,ямі, абжыліся, а дзеткі ўвогуле лічаць Прыбужжа найлепшым куточкам у свеце.

Надзея Васільеўна Канаплёва ніколі не думала, што будзе даяркаю, хоць і нарадзілася ў вёсцы. Пасля школы падалася ў Латвію. На шклозаводзе ў Рызе атрымала перспектыўную прафесію наборшчыцы мазаічнай пліткі. Пазнаёмілася з добрым хлопцам, выйшла замуж. Абое лічыліся будаўнікамі, аднак уласнага жылля ў Рызе так і не дачакаліся. У 1983 годзе прачулі ад родзічаў, што ў Тамашоўцы ахвотна прымаюць на працу механізатараў і даярак, прычым адразу даюць службовае жыллё. Падумалі, распыталі людзей, узважылі ўсё і прыехалі.

Ніколі не пашкадавалі, — гаворыць Надзея Васільеўна. — Прынялі нас на працу, выдзелілі кватэру. Што яшчэ трэба? Людзі мясцовыя добрыя, ветлівыя, шчырыя. Зараз я жыву ў кватэры на другім паверсе. Цёпла, утульна, прасторна. Заработную плату ніколі не затрымлівалі. Мне здаецца, што я ў Тамашоўцы і нарадзілася.

Родную мову не забыліся?

Ой, што вы такое кажаце! Як можна?

Праскоўя Рыгораўна Пікалюк сваю працоўную біяграфію пачынала пасля тэхнічнага вучылішча на Харкаўскай панчошнай фабрыцы. Выйшла замуж за маладога спецыяліста. Хутка пайшлі дзеткі. Усё было б добра, каб не галоўная праблема — кватэра. Спадзявалася маладая сям,я, што пашчасціць у Кіраваградзе, куды перавялі Уладзіміра Рыгоравіча праз Міністэрства лёгкай прамысловасці. Але не атрымалася і там. Неяк дачуліся, што ёсць такая Камароўка ў Брэсцкім раёне, радзіма вядомага лётчыка-касманаўта Пятра Клімука. Ёсць праца, абяцаюць кватэру. «Мы ж нічога не губляем, — вырашылі на сямейным савеце. — Паехалі!»

Вось такі лёс. Хацелася сказаць — звычайны. Але паслухайце гэтую гісторыю далей.

Начальнік аддзела кадраў ААТ «Камароўка», яна ж і старшыня прафкама гаспадаркі Антаніна Васільеўна Макідон, падказала:

Праскоўя Рыгораўна і Уладзімір Рыгоравіч вырасцілі пяцярых дзяцей. Так што ў нашу Камароўку яны не з пустымі рукамі прыехалі.

На Украіне сям,ю пачалі будаваць, — смяецца Праскоўя Рыгораўна, — а на Беларусі прадоўжылі. Ужо і не ўпомню, хто дзе нарадзіўся, трэба ў метрыкі глядзець.

Дзіва што. Старэйшаму Андрэю ўжо пад  трыццаць, падарыў з жонкаю бацькам гарэзу-ўнучку. Потым — Алёна, Грышка, Аня і Раман… Моцныя, як бачыце, карані пусцілі Пікалюкі пад небам Белай Русі.

А яшчэ трэба сказаць, што менавіта Беларусь заўважыла, улічыла і адзначыла мацярынскі подзвіг Праскоўі Рыгораўны — у верасні 1997 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь жанчына-працаўніца была ўзнагароджана ордэнам Маці.

А з жыллём як атрымалася? — запыталі мы ў знатнай жанчыны.

Вялікае дзякуй такой краіне, як наша, — шчыра адказала Праскоўя Рыгораўна. — Спачатку выдзелілі просты драўляны домік, цяпер вось жывем у асабняку. Заходзьце, паглядзіце. Не адразу пачалі жыць у харомах, пятнаццаць гадкоў прайшло-праляцела. Але ж дачакаліся. А каб не працавалі шчыра, то хто б на нас глядзеў?

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт «Зари над Бугом»

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!