Пад псеўданімам «Кракаўскі»… | Заря над Бугом

Пад псеўданімам «Кракаўскі»…

На мінулым тыдні ў Беларусі, Польшчы і Літве адгрымелі ўрачыстасці, прысвечаныя 150-й гадавіне паўстання 1863-1864 гадоў. І кожны раз, узгадваючы герояў супраціву, людзі паўтаралі імя нашага слаўнага суайчынніка Рамуальда Траўгута. У жыццё героя, які з’явіўся на свет на памежжы Брэсцкага і Камянецкага раёнаў, упісана нямала шчаслівых і трагічных старонак. Вучоба, нялёгкая служба ў арміі, Крымская вайна і, нарэшце, паўстанне… Яго жыццё было не вельмі доўгім, але яскравым, як сполах маланкі…

У студзені 1826 года ў маёнтку Шастакова (сёння Камянецкі раён) Рамуальд нарадзіўся ў сям’і незаможных шляхцічаў. Яго дзяцінства прайшло ў роднай вёсцы, а ўжо ад дзясятага года хлопец распачаў вучобу ў Свіслацкай гімназіі. Навучанне ў найлепшай установе Гродзенскай губерні доўжылася да 1842 года, калі Траўгут прыняў рашэнне паступіць у Інжынерную акадэмію ў Пецярбурзе. Але план гэты не быў рэалізаваны, і Рамуальд пайшоў служыць юнкерам у трэці сапёрны батальён. Праз чатыры гады службы ў мястэчку Жэлехава дваццацігадовы юнак атрымлівае першае афіцэрскае званне прапаршчыка. Адразу пасля гэтага малады афіцэр трапляе ў вір ваенных дзеянняў: падаўленне венгерскай рэвалюцыі, вайна ў Дунайскім княстве, Крымская вайна 1854 года. Лёс быў літасцівы да Траўгута, і ў віхурах бітваў ён ацалеў. Каб адыграць найважнейшую роль у сваім жыцці…

За год да падзеяў студзеньскага паўстання Рамуальд Траўгут сыходзіць у адстаўку і пасяляецца ў маёнтку Востраў Кобрынскага павета. Здаецца, нішто не прадказвала буры, але раптам з-за Буга прыйшла навіна: паўстанне! Толькі ўвесну 1863 года ў мясцінах Траўгута пачалі з’яўляцца паўстанцкія атрады. І хоць Рамуальд добра ўсведамляў, што перамогу над царскім войскам такімі сіламі наўрад ці ён атрымае, афіцэр хутка прыняў прапанову ўзначаліць паўстанцкі атрад Кобрынскага павета і ўзяў псеўданім “Кракаўскі”. Узнікла фарміраванне каля Антопаля і налічвала прыкладна 160 чалавек – шляхты, чыноўнікаў, служачых і сялян. Дзякуючы вайсковаму таленту, Траўгут здолеў узмоцнена падрыхтаваць свой атрад, зрабіўшы сапраўдных салдат з людзей, якія ніколі не трымалі ў руках зброю.

Усе баі, якія прымаў атрад Рамуальда, былі заведама правальнымі, але паўстанцы кожны раз адбівалі атакі царскай арміі, якая значна пераўзыходзіла іх па колькасці. І так не магло быць заўсёды: няроўныя баі настолькі выматалі атрад, што знясіленыя паўстанцы пачалі далучацца да іншых атрадаў Брэсцкага і Кобрынскага паветаў. А сам Траўгут, неаднаразова паранены і цяжка хворы, застаўся ў маёнтку Людвінава (сённяшні Драгічынскі раён), дзе яго даглядала Эліза Ажэшка. На працягу ўсяго паўстання яна не толькі выконвала ролю сувязной, але дапамагала лекамі і харчаваннем. На сябе Ажэшка ўзяла і рызыку адвезці Траўгута сваёй карэтай пад самую мяжу Каралеўства Польскага.

Пасля падзеі развіваліся ў шалёным тэмпе: Траўгут трапляе ў Польшчу, затым выязджае ў Парыж, адкуль у складзе нацыянальнага ўраду кіруе паўстаннем. Сілы царскай і паўстанцкай армій былі значна няроўныя, і хутка паўстанне было задушана. Вясной 1864 года Рамуальд быў выдадзены паводле данясення здрадніка, а праз некалькі месяцаў быў выкананы прысуд вайсковага суда — Траўгута павесілі ў Варшаўскай цытадэлі.

Нягледзячы на паражэнне і трагічную гібель, Рамуальд Траўгут навекі застаўся ў гісторыі краіны як мужны і слаўны герой. Яго памяць увасобілася ў шматлікіх помніках, у тым ліку, і на Беларусі. Сёння ўзгадаць паўстанцкую дзейнасць Траўгута можна ля помніка яму ў Свіслачы, дзе герой некалі вучыўся. Зрэшты, асаблівага месца для гэтага не трэба, бо памяць пра яго застанецца ў людскіх сэрцах назаўжды…

Арцём КІР’ЯНАЎ

 

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!