Падмурак Бацькаўшчыны Гістарычны экскурс да 80-годдзя школы ў вёсцы Яцкавічы | Заря над Бугом

Падмурак Бацькаўшчыны Гістарычны экскурс да 80-годдзя школы ў вёсцы Яцкавічы

Амаль для кожнага з нас неад’емнай часткай Бацькаўшчыны, яе падмуркам, адным з галоўных выхавальнікаў, які ўплывае на фарміраванне нашага светаразумення, з’яўляецца школа. І са сваімі настаўнікамі вучні захоўваюць духоўную сувязь усё жыццё. Са школай ў вёсцы Яцкавічы Брэсцкага раёна звязана жыццё вялікай колькасці яе выхаванцаў і выкладчыкаў, бо працуе яна ўжо на працягу 80 гадоў.

У лютым 1919 г. заходнія вобласці Беларусі былі занятыя польскімі войскамі. На гэтай тэрыторыі быў уведзены новы адміністратыўны падзел на акругі, ваяводствы, паветы, гміны. Ствараліся польскія органы  ўлады і самакіравання: ваяводскія праўленні, павятовыя староствы, гмінныя праўленні. Вёска Яцкавічы пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы апынулася на тэрыторыі Матыкальскай гміны Брэсцкага павета, які ў 1919 г. увайшоў у склад Брэсцкай акругі, а ў лютым 1921 г. быў далучаны да Палескага ваяводства. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. польскія ўлады пачалі займацца ўладкававаннем сістэмы школьнай адукацыі такім чынам, каб яна адпавядала патрабаванням стратэгічнага напрамку палітыкі польскай улады на заходнебеларускіх землях – палітыкі паланізацыі беларускага насельніцтва. Поспехі ў ажыццяўленні палітыкі паланізацыі ў значнай ступені залежалі ад стану адукацыі. Прыгадаем, што ў Польшчы пачатковае навучанне дзяцей з 7-гадовага ўзросту заканадаўча было абвешчана абавязковым.

На стане сістэмы школьнай адукацыі заходнебеларускіх земляў не маглі не адбіцца разбуральныя падзеі Першай сусветнай і савецка-польскай (1919-1921 гг.) войнаў, таму яе ўладкаванне вымагала ад польскіх уладаў вялікіх высілкаў. Значная частка мясцовага насельніцтва была непісьменнай, большая частка школьных будынкаў, якія існавалі да вайны, застаўшыся ў спадчыну ад Расійскай імперыі, былі часткова або цалкам зруйнаваны  падчас ваенных дзеянняў, не хапала настаўніцкіх кадраў, здольных выкладаць у польскамоўных школах. Патрабавалася не толькі пабудаваць значную колькасць новых агульнаадукацыйных школ з польскай мовай выкладання і новым зместам вучэбна-выхаваўчага працэсу, але і забяспечыць гэтыя школы педагагічнымі кадрамі, здольнымі ажыццяўляць выкладанне адпаведна патрабаванням польскай сістэмы навучання.

Дакументы, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, дазваляюць атрымаць пэўныя звесткі аб стане школьнай адукацыі на тэрыторыі Матыкальскай гміны. У “польскі час” працавалі агульнаадукацыйныя пачатковыя школы, у большасці сваёй гэта былі 1-класныя з 1 настаўнікам або 2-класныя з 2 настаўнікамі.  У вёсках Матыкалы Вялікія, Церабунь, Кустынь, Нехалсты, Вістычы працавалі 2-класныя школы, ў Скоках — 3-класная з 3 настаўнікамі, ў Астрамечава – 5-класная,  а ў вёсках Клейнікі, Лышчыцы, Нэплі, Шчытнікі Малыя, Сегенеўшчына, Кавердзякі, Пяскі, Сухарэвічы, Марозавічы, Янава, Костычы, Малыя Зводы, Сычы — 1-класная. Працавала школа і ў вёсцы Яцкавічы. Частка школ, як, напрыклад, у в. Матыкалы, Астрамечава, Церабунь, Вістычы, Кустынь, змяшчалася ў гмінных будынках. Але ў многіх вёсках уласных будынкаў школ не было (Яцкавічы, Клейнікі, Нехалсты, Шчытнікі Малыя, Лышчыцы, Нэплі і інш.). Навучанне вялося ў з’ёмных будынках, за наём якіх гміннае праўленне вымушана было плаціць немалую арэндную плату. Да прыкладу, па стану на верасень 1931 г. гмінным праўленнем Матыкалы арандавалася 8 школьных будынкаў. З гміннага бюджэту рабіліся выдаткі і на такія патрэбы школьніцтва, як рамонт школьных памяшканняў, закуп мэблі і паліва для школьных печаў (па стану на 1931 г. налічвалася 37 школьных печаў), асвятленне, падтрыманне чысціні, пісьмовыя матэрыялы і навучальныя дапаможнікі, будаўніцтва школ або набыццё ўжо існуючых будынкаў для іх. Так, у 1931 г. была ўзведзена 1-класная школа ў Сегенеўшчыне Матыкальскай гміны, кошт будовы якой склаў больш за 6000 злотых.

Для забеспячэння сістэмы школьнай адукацыі польскамоўнымі настаўніцкімі кадрамі ў Заходнюю Беларусь накіроўваліся настаўнікі польскага паходжання. Настаўнікам-палякам, прыязджаўшым працаваць у вёскі Матыкальскай гміны  і не меўшым уласнага жылля, выплочвалася з гміннага бюджэту спецыяльная субсідыя на пакрыццё жыллёвых расходаў. У той жа час мясцовыя настаўнікі, пражываўшыя на тэрыторыі Матыкальскай гміны, не заўсёды былі забяспечаны працай. Так, у адным з дакументаў, які трапіў ў рукі аўтараў, распавядалася аб тым, што жыхар калоніі Нехалсты — настаўнік Слівінскі Павел, меўшы на ўтрыманні 3 дзяцей і жонку, застаўся без працы і, увогуле, без сродкаў для існавання (бо не меў зямельнай уласнасці). Гміннае праўленне, праўда, імкнучыся яму дапамагчы, звярталася з просьбай у Павятовы камітэт дапамогі беспрацоўным у Брэсце над Бугам — каб выклапатаць дазвол на прыняцце гэтага чалавека на працу ў Матыкальскае гміннае праўленне і выдзяленне адпаведнай квоты на выплату яму зарплаты.

Паводле архіўных дадзеных, у 1930-я гады у склад грамады Яцкавічы ўваходзілі наступныя населеныя пункты: вёска Яцкавічы (у ёй пражывала 625 жыхароў), фальварак Чарвінцы — 3 жыхары, хутар Юльянава — 16 жыхароў, калонія Міхалін – 112 жыхароў, калонія Вераб’ёва – 22 жыхара. Разам колькасць жыхароў грамады складала 778 чалавек, а іншы раз і больш за 800. Жыхарамі вёскі былі: Юзеф Тарнавецкі, Емельян Шумавец, Мікіта Хвісюк, Вінцент Пецык, Ян Белік, Сільвестр Сацюк, Тэадор Кузюк, Тэадор Хамічук, Панцелеймон Еўдачук, Ян Валчынскі, Рыгор Дарашук, Сцяпан Нічыпарук, Рыгор Дабышук, Леон Дзем’янюк, Навум Парфамук і інш. Солтысам грамады Яцкавічы з 15.05.1929 года быў Рыгор Ярмалюк, мясцовы гаспадар, які меў 5,5 дзесяцін зямлі і па тых часах лічыўся малазямельным селянінам. Рыгор Ярмалюк меў пачатковую адукацыю, быў  праваслаўным і пачаў выконваць абавязкі солтыса ў даволі маладым узросце – яму было 30 гадоў.

Сярод жыхароў грамады Яцкавічы мелася даволі вялікая колькасць дзяцей школьнага ўзросту. Але уласнага будынку школы да 1937 г. не існавала. З 1932 па 1935 гады дзецям школьнага ўзросту прыходзілася наведваць школу ў вёсцы Кустынь. А з 1935 па 1937 гады школьныя заняткі праходзілі ў сялянскай хаце Гардзея Шпыркоўскага ў самой вёсцы Яцкавічы. Да рэчы, ён пэўны час працаваў настаўнікам Яцкавіцкай школы, і выкладаў ён да 1939 года.

Відавочна, што існавала патрэба ва ўласным будынку пачатковай школы агульнага навучання ў вёсцы Яцкавічы. Улічваючы наяўнасць такой патрэбы, праўленнем Матыкальскай гміны было накіравана паданне ў Палескае ваяводскае праўленне аб атрыманні дазволу на будаўніцтва агульнаадукацыйнай 2-класнай школы ў вёсцы Яцкавічы. Папячыцельствам Брэсцкай школьнай акругі былі ўнесены прапановы да праекту будаўніцтва 2-класнай Яцкавіцкай школы агульнага навучання. Урэшце, Палескае ваяводскае праўленне ў ліпені 1936 г. зацвердзіла праект будаўніцтва і выдала дазвол на пабудову школы ў Яцкавічах. У пісьме кіраўніка камунікацыйна-будаўнічага аддзелу Палескага ваяводскага праўлення К. Сакалоўскага ад 30.07.1936 г., накіраванага ў праўленне гміны ў Матыкалах Брэсцкага павета і Папячыцельству Брэсцкай школьнай акругі ў Брэсце над Бугам наконт будаўніцтва школы ў Яцкавічах, гаварылася аб тым, што дазвол на будаўніцтва згубіць сваю моц, калі на працягу бліжэйшых 2 гадоў не будуць распачаты будаўнічыя работы або пасля іх пачатку на працягу двух гадоў будуць часова прыпыненыя. Да таго ж нагадвалася, што пасля заканчэння будаўніцтва школы гміннаму праўленню належала яшчэ зрабіць адну працэдуру — выклапатаць асобны дазвол  Палескага ваяводскага праўлення на выкарыстанне гэтага будынку.

Аляксандр КІРЫКОВІЧ,

дырэктар ДУА “БШ в.  Яцкавічы”,

Наталля ДЗЯДЗІЧКІНА, 

кандыдат гістарычных навук

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!