Падмурак Бацькаўшчыны [Заканчэнне] | Заря над Бугом

Падмурак Бацькаўшчыны [Заканчэнне]

 

 

Многія госці, якія наведалі базавую школу ў вёсцы Яцкавічы, адзначалі — школа гэтая асаблівая. Асаблівая яна сваёй непаўторнай атмасферай хатняй утульнасці, душэўнага цяпла, гасціннасці і антонаўкамі са школьнага саду, якімі тут традыцыйна частуюць наведвальнікаў. 27 мая школа адзначала сваё 80-годдзе. Святочна ўпрыгожаны школьны двор, хвалюючая і ўрачыстая атмасфера, адчуванне радасці і адначасова суму, а часам і слёзы на вачах у прысутных, авацыі і словы падзякі педагогам – гэта можна было ўбачыць у той дзень. Атрымалася запамінальнае, добрае і кранальнае свята, напоўненае пачуццямі і эмоцыямі. Свята не толькі і не столькі адзначае сабой нейкую веху ў гісторыі школы, колькі сведчыць аб захаванні духоўнай сувязі былых вучняў са школай, дзе былі атрыманы першыя ўрокі жыцця. У гэты дзень успаміналі педагогаў, якія аддалі Яцкавіцкай школе лепшыя гады свайго жыцця, жывых і адышоўшых у вечнасць, успаміналі гісторыю школы з таго самога моманту, калі яна ў 1937 годзе адчыніла дзверы для сваіх першых вучняў…

Будаўніцтва школы ў Яцкавічах было распачата і амаль завершана ў 1936 годзе. Але нягледзячы на тое, што асноўныя будаўнічыя работы былі выкананы, з-за недахопу сродкаў заставаліся пэўныя недаробкі. Напрыклад, не хапала агароджы. З гэтай нагоды сяляне грамады вёскі Яцкавічы прынялі рашэнне ўхвалой грамадскай рады ад 2.10.1937 года выдзяліць 270 злотых на агароджу школьнага плацу. З пратаколу пасяджэння гміннай рады Матыкал ад 21 снежня 1937 г., знойдзенага ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, даведваемся і аб тым, што гмінная рада таксама разглядала пытанне аб доўгатэрміновай пазычцы памерам 12000 злотых на заканчэнне будаўніцтва школ у Вістычах, Лышчыцах і Яцкавічах (у Вістычах адсутнічалі падлогі, столі, печы, сталярка, зашкленне і агароджа, у школах вёсак Яцкавічы і Лышчыцы, пабудаваных у 1936 г., не было тынкоўкі, апалубкі і інш.). Паколькі гмінны бюджэт не прадугледжваў выдаткаў на заканчэнне будаўніцтва ў Вістычах, Лышчыцах і Яцкавічах, то было прынята рашэнне звярнуцца да Таварыства падтрымкі публічных агульнаадукацыйных школаў з просьбай аб выдачы доўгатэрміновай пазыкі. Адпаведна, гмінная рада абавязалася прадугледзець у гмінным бюджэце выплату пазыкі. Для выканання ўсялякіх фармальнасцяў, звязаных з атрыманнем гэтай пазыкі, упаўнаважвалася гміннае праўленне. Так, дзякуючы намаганням гміннай рады і гміннага праўлення будаўніцтва, урэшце, было завершана. І новапабудаваная пачатковая школа ў Яцкавічах у 1937 годзе упершыню адчыніла свае дзверы для вучняў.

Школа знаходзілася на ўтрыманні гміннага праўлення. І паколькі было пячное ацяпленне (аж 5 печак), кошт паліва пакрываўся выдаткамі гміннага праўлення. Так, у 1937 — 1938 гадах для ацяплення было выдзелена паліва коштам 220,70 злотых. Гмінным праўленнем пакрываліся расходы на аплату працы школьных вартаўнікоў, падтрыманне чысціні, на набыццё канцылярскіх матэрыялаў і навучальных дапаможнікаў.

Яшчэ сёння ў вёсцы Яцкавічы можна знайсці сведкаў, якія захоўваюць успаміны аб польскім перыядзе існавання школы. Так, былая вучаніца Яцкавіцкай школы Лідзія Міронаўна Дабышук (1928 г.н.) падзялілася ўспамінамі аб тым, як пры паляках кармілі дзяцей у школе: “Дзеці павінны былі прыносіць з сабой хлеб і лыжку, а ў школе ім налівалі кожны дзень рыбін тлушч, які яны заядалі сваім хлебам”. Так што паўнавартаснага харчавання ў школе ў тыя часы не было.

Вучні вывучалі польскі язык, арыфметыку і геаметрыю, праводзіліся заняткі па маляванню, спевам,  фізічнай культуры, рэлігіі, практычныя заняткі (у сучасным разуменні – трудавое навучанне). У Яцкавіцкай школе існавала невялічкая бібліятэка. Улічваючы тую акалічнасць, што на тэрыторыі гміны Матыкалы бібліятэк было вельмі мала: гміннай бібліятэкі не было, існавала бібліятэка пры Доме людовым ў Лышчыцах (там праходзілі канцэрты і прадстаўленні) і рухомая бібліятэка, то для вясковых жыхароў гміны Матыкалы школы былі сваеасаблівымі асяродкамі культуры і адукаванасці.

Першым кіраўніком-дырэктарам школы быў Юзаф Пфайфер. Яго змяніў Станіслаў Ечань. Дырэктар жыў пры школе. У жылыя памяшканні пана кіроўцы і яго сям’і ў будынку школы меўся асобны ўваход. Вядома, што ў “польскі час” адным з настаўнікаў у школе быў Карол Гунька. Дарэчы,  гэты школьны настаўнік узначальваў пажарную дружыну вёскі Яцкавічы, якая была ўтворана ў 1930 г. У яе склад уваходзіла 15 жыхароў вёскі, сакратаром лічыўся Ян Гаеўскі, скарбнікам – Платон Федацюк. Добраахвотныя пажарныя дружыны ў тыя часы былі амаль у кожнай вёсцы. Яны падначальваліся Акруговаму саюзу пажарнай аховы ў Брэсце над Бугам.

Пасля ўсталявання савецкай улады ў 1939 годзе школа працягвала працаваць да 1941 года. У час Вялікай Айчыннай вайны з перапынкамі, але ўсё ж зноў у школе працягвалася навучанне. І паколькі вёска Яцкавічы была аднесена да тэрыторыі рэйхскамісарыята “Украіна”, то новыя акупацыйныя ўлады патрабавалі весці выкладанне на ўкраінскай мове. У 1944 годзе ў будынку школы размясціўся нямецкі шпіталь, у сувязі з чым заняткі прыпыніліся. У памяці жыхароў вёскі Яцкавічы засталіся імёны выкладчыкаў, якія працавалі ў школе падчас вайны і адразу пасля яе заканчэння – гэта былі мясцовыя жыхары Васіль Дабышук і Юзаф Тарнавецкі. Пасля заканчэння вайны школа, аднавіўшая сваю дзейнасць, працавала без перапынкаў да сённяшняга часу. Праўда, яна за гэты час не аднойчы рэканструявалася. Да старога будынку былі дабудаваныя новыя прыбудовы. Першапачаткова пабудаваная як драўляная, яна з цягам часу  была абкладзена цэглай…

На святкаванні юбілею школы сабралася шмат гасцей: былыя вучні, пачынаючы з выпускаў 1950-х гадоў, настаўнікі, жыхары вёскі — для ўсіх гэтых людзей свята было вельмі важнай і значнай падзеяй, для кагосьці — рэдкая магчымасць сустрэцца. Сярод ганаровых гасцей былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Людміла Жуковіч і былы кіраўнік СПК “Астрамечава” Аляксей Скакун. На святочным мерапрыемстве таксама прысутнічалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віталь Чарапенька, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Зарына Ціхан, старшыня Лышчыцкага сельскага выканкама Іна Дзячэк, дырэктар ААТ «Астрамечава» Алег Бурак. Выступоўцы падзялялі радасць прысутных, дзякавалі педагогам школы за плённую працу, а таксама ўручалі каштоўныя падарункі.

Школа ў вёсцы Яцкавічы славіцца ў Брэсцкім раёне сваімі цудоўна дагледжанымі садовымі ўчасткамі і агародам, дзе педагогі і вучні вырошчваюць кветкі, гародніну і садавіну. Так што цяпліца, падораная школе, без сумнення, прыйдзецца да спадобы вучням і настаўнікам для працягу садова-агародніцкай справы. Педагогі школы былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі райвыканкама, Ганаровай граматай раённага Савета  дэпутатаў, Ганаровымі граматамі упраўлення адукацыі аблвыканкама, граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Граматай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. І, што асабліва кранула, з вялікай павагай і любоўю ўспаміналі настаўнікаў, большая частка жыцця якіх была звязана са школай ў Яцкавічах — Ніну Ямельянаўну Шумавец,  Алу Фёдараўну Судзібор, Валянціну Мікалаеўну Кірэенка і, вядома, Лідзію Міронаўну Дабышук, якая на 8 гадоў старэйшая за школу, адпрацавала 29 гадоў настаўнікам і 13 гадоў дырэктарам гэтай школы. Ушанавалі і памяць Мікалая Андрэевіча Судзібора, які на працягу 22 гадоў узначальваў школу ў Яцкавічах. Госці яшчэ раз упэўніліся, што школа мае традыцыі, школа захоўвае гістарычную памяць, школа выхоўвае ў сваіх навучэнцаў любоў, падзяку і вернасць. Таму хочацца пажадаць школе яшчэ доўгага і плённага жыцця. І хочацца спадзявацца, што і надалей яна будзе расчыняць свае дзверы для вучняў, сучасных і былых!

Пачатак

Аляксандр КІРЫКОВІЧ, 

дырэктар ДУА “БШ в. Яцкавічы”,

Наталля ДЗЯДЗІЧКІНА, кандыдат гістарычных навук

Фота Сяргея ХМЕЛЯ

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!