Павага да сімвалаў — гэта павага да Радзімы! | Заря над Бугом

Павага да сімвалаў — гэта павага да Радзімы!

 

У Прыбужжы месцам правядзення святочных урачыстасцей, прысвечаных Дню Дзяржаунага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, стала веска Чэрні.

У нядзелю, ужо з самай раніцы, да раённага ДК пачалі пад’язджаць аўтамабілі з арганізатарамі і непасрэдна ўдзельнікамі гэтага важнага палітычнага мерапрыемства. Як грыбы пасля дожджыку, хутка выраслі ярка-жоўтыя палаткі мясцовага гандлю, блакітныя – індывідуальных прадпрымальнікаў. Цэнтральны ўваход у памяшканне ДК быў пераўтвораны ў канцэртную сцэну і з густам аздоблены палотнішчамі колеру нацыянальнай сімволікі. З дынамікаў па ўсім наваколлі гучалі прыемныя мелодыі музычных кампазіцый, ствараючы ўзнеслую атмасферу маючага адбыцца свята. Новы прыліў станоўчых эмоцый у аудыторыі выклікала з’яўленне на плошчы ваеннага аркестра. Музыканты-пагранічнікі за лічаныя хвіліны ўлавілі агульны настрой прысутных і пачалі адну за другой выконваць кампазіцыі, ад якіх святлелі твары і сэрцы поўніліся пачуццём гонару за краіну і яе сённяшні дзень. А калі стрэлкі гадзінніка застылі на лічбе «12», паветра над Чэрнямі тройчы напоўнілася мелодыямі фанфар, што азначала афіцыйны пачатак святочнага мерапрыемства.

Са словамі прывітання да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Фёдар Каланчук, які напачатку асабліва падкрэсліў тую абставіну, што ўжо стала добрай традыцыяй ва ўрачыстай абстаноўцы адзначаць Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

— Сёння мы сабраліся тут, — адзначыў далей Фёдар Фёдаравіч, — каб выказаць шчырую павагу дзяржаўным сімвалам краіны, якія за гады незалежнасці Беларусі сталі неад’емнай часткай нашага жыцця, знакам гонару за сваю Радзіму, выяўляюць сапраўдныя народныя традыцыі, захоўваюць пераемнасць пакаленняў.

Герб і сцяг Беларусі прайшлі доўгі шлях станаўлення, развіцця і зацвярджэння. Іх гісторыя цесна пераплятаецца з лёсам краіны і жыццём яе грамадзян, якія прайшлі нялёгкі шлях выпрабаванняў.

Фёдар Каланчук, робячы своеасаблівы экскурс у гісторыю, нагадаў аудыторыі аб тым, што прынятыя ў 1991 годзе герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, шматлікія спрэчкі і патрабаванні аб пераглядзе гэтага рашэння.

У 1995 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме грамадзяне падтрымалі новую сімволіку, якая найбольш адпавядала рэаліям развіцця беларускай дзяржавы і ўвасабляла ў сабе лепшыя якасці беларускага народа, яго традыцыі і гісторыю.

Па выніках рэферэндуму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 7 чэрвеня 1995 года быў падпісаны Указ аб зацвярджэнні герба і сцяга маладой Рэспублікі Беларусь.

Сучасныя сімвалы беражліва захоўваюць рысы, якія сцвярджаюць перш за ўсё суверэннасць, незалежнасць і нацыянальную асаблівасць нашай рэспублікі, адлюстроўваюць менталітэт беларускага народа-працаўніка.

Мастацкія элементы нашага герба яскрава выяўляюць мірныя і стваральныя памкненні Беларусі. Сімвалізуючы дзяржаўную волю народа, з’яўляючыся візітнай карткай дзяржавы, наш герб выразна характарызуе нацыянальныя асаблівасці і ўклад жыцця беларусаў, іх лепшыя якасці: працавітасць, добразычлівасць, талерантнасць.

Улічваючы той факт, што сярод прысутных на свяце знаходзілася многа школьнікаў і маладых людзей, Фёдар Фёдаравіч палічыў мэтазгодным яшчэ раз звярнуць іх увагу на выявы нашай сімволікі. Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў срэбным полi зялёны контур Дзяржаўнай мяжы Рэспублiкi Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. У версе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — кветкамi лёну. Вянок тройчы перавiты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, па нізе якой у два радкi напiсаны залатым колерам словы: «Рэспубліка Беларусь».

Што тычыцца нашага штандару, то дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг з нацыянальным арнаментам нясе пажаданне дабра, поспеху і росквіту ўсім грамадзянам краіны.

Чырвоны колер са старажытных часоў з’яўляецца знакам сонца, сімвалізуе братэрства, барацьбу за правую справу. Менавіта пад Чырвоным сцягам нашы бацькі і дзяды змагаліся за перамогу ў імя светлай будучыні. Адначасова гэта знак шчасця, жыцця.

Зялёны колер — знак надзеі, вясны і адраджэння. Гэта колер нашых ніў і лясоў, якія здаўна займаюць асноўную частку тэрыторыі краіны.

Белая аснова арнаменту сцяга нясе сваё сімвалічнае пасланне: спрадвеку белы колер злучаўся са святлом паўдзённага сонца, сімвалізаваў чысціню, бязгрэшнасць, гасціннасць, згоду, волю. Ён пераклікаецца і з назвай нашай краіны – “Белая Русь”.

— Дзяржаўная сімволіка трывала ўвайшла ў наша паўсядзённае жыццё, — падкрэсліў Фёдар Каланчук, — а станаўленне грамадзян да яе робіцца ўсё больш паважлівым. Бо павага да сімвалаў – гэта павага да Радзімы, да зямлі, на якой нарадзіўся і вырас чалавек, дзе жылі яго продкі, якія здолелі ў цяжкай барацьбе захаваць сваю культуру і нацыянальную самабытнасць.

Сімвалы краіны шырока прапагандуюцца і суправаджаюць нас усюды: на пашпартах грамадзян, дыпломах і атэстатах аб адукацыі, дзяржаўных узнагародах, пячатках, таксама ў паўсядзённых і святочных афармленнях месцаў масавага знаходжання грамадзян. Нацыянальныя сцягі размяшчаюцца на фасадах дзяржаўных будынкаў. Ні адно урачыстае мерапрыемства не праходіць без дзяржаўных сімвалаў.

Мы адчуваем гонар за сваю краіну ў час правядзення дзяржаўных святаў, калі на нашых вуліцах развіваюцца дзяржаўныя сцягі. Асабліва гэта адчуваецца ў дні Першамая, Вялікай Перамогі і Незалежнасці, калі ўсё вакол сімвалізуе гераічнасць, мужнасць і працаздольнасць беларускага народа.

Дзякуючы актыўнай знешнепалітычнай, міжнароднай дзейнасці Беларусі, яе сцяг становіцца ўсё больш вядомым у свеце.

Гэтаму спрыяюць і нашы спартсмены. Мы адчуваем гонар за сваю краіну ў хвіліны, калі пры ўзнагароджанні нашых пераможцаў на міжнародных спабортніцтвах ўзнімаецца Дзяржаўный сцяг Рэспублікі Беларусь і гучыць гімн Беларусі.

— У кожным рэгіёне, — адзначыў напрыканцы Фёдар Фёдаравіч, — ёсць свае сімвалы. Брэсцкі раён таксама мае свой герб, які ў 2011 годзе быў зацверджаны рашэннем райвыканкама і ўключаны пад нумарам 76 у Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь.

У аснову герба Прыбужжа быў пакладзены варыянт, аўтарам якога з’яўляецца брэсцкі мастак Валянцін Болдзенка. Герб уяўляе сабой шчыт “варажскі” – прамавугольны верх і завастрэнне ўнізе.

Хвалістая гарызантальная лінія срэбнага колеру сімвалізуе раку і дзеліць герб на дзве часткі.

На верхняй яе палове — срэбны лук са стралой, гэта герб горада Брэста, ніжняя частка расквечана зялёна-чырвонымі колерамі памежнага слупа.

Наш герб таксама, як і дзяржаўныя сімвалы, усюды прысутнічае на тэрыторыі раёна і ззяе сваёй шматколернасцю на вуліцах сёл і ў адміністрацыйных будынках.

— Сённяшнее свята, — сказаў у заключэнні прамоўца, — аб’ядноўвае ўсе пакаленні грамадзян і дае магчымасць кожнаму з нас з асаблівым пачуццём гонару і адказнасці ўсвядоміць сваю прыналежнасць да беларускай зямлі, будаваць лепшае будучае. Ад кожнага з нас, ад нашай адказнасці, добрапрыстойнасці, працавітасці залежыць аўтарытэт і прэстыж дзяржавы.

— Няхай вечна ззяюць над Беларуссю слаўныя сімвалы нашай суверэннасці і свабоды. І пакуль мы маем свой нацыянальны атрыбут – герб і сцяг – мы будзем адчуваць і ведаць, што мы – паўнапраўныя гаспадары сваёй Айчыны. Таму наш святы абавязак – паважаць нашы дзяржаўныя сімвалы і павагу да іх перадаць не толькі сваім дзецям і ўнукам, але і ўсяму свету, — канстатаваў Фёдар Каланчук.

 

Ганаровае права падняць Сцяг Рэспублкі Беларусь было прадстаўлена вучням 11-га класа мясцовай школы Дзмітрыю Алімпееву і Хрысціне Мазоль. Пад урачыстыя гукі Дзяржаунага гімна ў выкананні ўзорнага аркестру пагранічнікаў юнак і дзяўчына годна выканалі гэтае пачэснае даручэнне. Палотнішча на высокім флагштоку залунала ў майскім небе.

Глыбока сімвалічна, што ў такі святочны дзень уступілі ў шлюб, афіцыйная цырымонія афармлення якога прайшла раніцай, дарэчы, у абноўленай карэнным чынам зале рэгістравання раённага загса ў будынку Чэрнінскага сельвыканкама, Максім Хомік і Алена Юхімчук. Свае віншаванні з нагоды нараджэння новай сям’і выказаў маладым старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Мацука:

— Паважаныя Алена і Максім! Вельмі прыемна, што якраз сёння вы, змацаваўшы свой шлюбны саюз гербавай пячаткай і заручальнымі пярсцёнкамі, прымаеце ўдзел у святкаванні Дня герба і сцяга, — звярнуў увагу прысутных Уладзімір Аляксандравіч. — Я ўпэўнены, што гэты сімвал будзе мець адбітак на ўсім вашым жыцці. І ваш шлюб будзе такім жа моцным і годным, як і наша дзяржава. І сям’я стане сапраўднай ячэйкай нашага грамадства: дружнай, працавітай і абавязкова вялікай. Каб складалася з сямі «я». Пачатак ужо ёсць. Засталося знайсці яшчэ, як мінімум, пяцярых яе членаў.

У добры шлях! І няхай вам спадарожнікамі будуць толькі радасць і шчасце!

Для ўдзельнікаў і гасцей свята яго арганізатары падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне, у якім прынялі ўдзел самадзейныя артысты творчых калектываў раёна і вучні мясцовай школы. Безумоўна, кульмінацыяй гэтага спектакля з’явіўся той момант, калі ганаровыя госці ўрачыстасці ў Чэрнях выпусцілі ў блакіт нябёсаў беласнежных галубоў. Хвалюючае, мушу зазначыць, і ні з чым не параўнальнае відовішча…

Віктар ГРЫШЫН

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!