ПЕРШЫЯ «ТЫСЯЧНІКІ» ПРЫБУЖЖА | Заря над Бугом

ПЕРШЫЯ «ТЫСЯЧНІКІ» ПРЫБУЖЖА

Камбайнеры, як вядома, спецыялісты сезонныя. Толькі напачатку лета яны перасаджваюцца за штурвалы зернеўборачных машын, грунтоўна правяраюць кожную дэталь, прыдзірліва абкатваюць усе вузлы і механізмы камбайна. А яшчэ з першых дзён кожнага жніва за ганаровы тытул “тысячніка” пачынаюць змагацца дзесяткі і сотні экіпажаў зернеўборачных машын.

На гэтым тыдні сталі вядомы імёны тых, хто першымі ў Прыбужжы намалацілі 1000 тон зерня. Героямі жніва сталі Павел Віктаравіч Панько і Міхаіл Анатольевіч Піліпчук з СВК “Астрамечава”, а таксама вадзіцель Яўген Анатольевіч Міхно.

Павіншаваць першых “тысячнікаў” раёна з выдатнай працоўнай перамогай прыехалі ў поле кіраўнікі і прадстаўнікі гаспадаркі, прафсаюза, БРСМ і аддзела ідэалагічнай работы Брэсцкага райвыканкама.

На аранжавым КЗС-1218 “Палессе” з двух бакоў кабіны прымацаваны вымпелы, якія весела трапечуць пад парывамі лёгкага ветрыку. Злева вымпел зялены, справа – чырвонага колеру.

Той, што злева – за перамогу ў спаборніцтве экіпажаў сярод механізатараў Лышчыцкага вытворчага участка. А чырвоны – за першае месца па намалоту зерня ў гаспадарцы, — тлумачыць прадстаўнікам з раёна старшыня прафкама Любоў Антонаўна Каберна.

Выходзіць, экіпаж Панько-Піліпчука ўжо двойчы адзначаны?

Увагаю ў нас ніхто не абдзелены, — пачулі ў адказ.

Сапраўды, на кожным мехдвары СВК “Астрамечава” кожны дзень абнаўляецца інфармацыя аб ходзе спраў на жніве, узнімаюцца вымпелы працоўнай славы ў гонар пераможцаў спаборніцтва. Трэба адзначыць, што кожны год у “Астрамечаве” віншуюць не адзін-два экіпажы “тысячнікаў”, а многа больш. І не дзіва: толькі ў гэтым сезоне на палі выйшла 25 экіпажаў. Так што “развярнуцца” каму ёсць, і ёсць дзе прыкласці сілы: пад каласавымі і зернебабовымі ў “Астрамечаве” заняты 4385 гектараў. Гэта самая вялікая па плошчы ніва ў Брэсцкім раёне.

Які настрой у вас, хлопцы?

На гэтым тыдні справы пайшлі значна весялей, — ажывіліся Павел Віктаравіч і Міхаіл Анатольевіч, якія былі вельмі сур’ёзнымі нават у час, калі іх горача віншавалі з тытулам “камбайнер-тысячнік”. – Надвор’е увесь час падводзіла. Два тыдні таўкліся, можна сказаць, на адным месцы…

І сёння яшчэ відаць мясціны, дзе буксавалі камбайны. Хлеб ніколі не дастаецца лёгка. Але ж такой сітуацыі, у якой аказалася ўсё Прыбужжа гэтым летам, не прыпомняць нават старажылы. Пазалівала ўсюды. Рэдка хто з сялян пахваліцца, што ў агародах нават не пачарнела бульба. А што ўжо казаць пра пшанічку, ячмень?

Мы доўга назіралі, як у аддзяленні з усіх бакоў “штурмавалі” прыбітую да зямлі, перакручаную лапінку, як лавіравалі сярод слупоў электраперадач, збіраючы літаральна кожны каласок. Таму і не дзіва, што кожны гектар тут дае больш за 50 цэнтнераў зерня.

Стараюцца на жніве ўсе, нікога не трэба падганяць. Добрыя ўмовы працы, нармальныя расцэнкі, надзейная тэхніка. Працуй, ды і толькі.

Працуюць хлебаробы, увіхаюцца. Грошы – добрая рэч. Але ж і цёплае слова вельмі дорага значыць для кожнага з нас. Таму і не дзіва, што кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадаркі ў гэты час хутчэй знойдзеш у полі ці на зернесховішчах, чым у службовых кабінетах. Кантроль за вытворчым працэсам павінен быць, але ж і цёплая, душэўная размова з чалавекам многа дае. Менавіта такая тактыка – галоўная і стратэгічная – прайшла выпрабаванне часам у СВК “Астрамечава” не толькі на жніве.

Жнівень прыспешвае хлебаробаў. Упэўнены, што ў гаспадарцы хутка стануць “тысячнікамі” і іншыя экіпажы, магчыма нават, што і перагоняць сённяшніх лідараў спаборніцтва. Веды, вопыт, майстэрства нельга заключыць у пэўныя рамкі. У рэшце рэшт зараз як ніколі вельмі важны ўклад кожнага хлебароба ў агульны каравай дзяржавы.

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт “Зари над Бугом”

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!