Пра Беларусь у 1812 годзе | Заря над Бугом

Пра Беларусь у 1812 годзе

Інтэлектуальнае жыццё Беларусі ў значнай ступені сёння насычаецца дзякуючы рэгіёнам. Яшчэ адным пацверджаннем гэтай думкі з’яўляецца выхад некалькі месяцаў таму змястоўнай работы берасцейскага даследчыка Леаніда Несцерчука “Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам”

Імя Леаніда Несцерчука добра вядома тым берасцейцам, якія цікавяцца культурнай спадчынай родных мясцін. Да нядаўняга часу ён быў сакратаром абласнога міжведамаснага каардынацыйнага савету па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, з’яўляецца аўтарам шэрагу манаграфічных выданняў: “Андрэй Тадэвуш Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму”, “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Манарх, асветнік, мецэнат”, “Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны” і іншых.

Новае даследаванне, як гэта відаць з назвы, прысвечана найперш падзеям 1812 года – вайне паміж Французскай і Расійскай імперыямі, арэнай якой з’яўлялася тэрыторыя сучаснай Беларусі. Праца Несцерчука дае адказ на шэраг пытанняў, якія з’яўляліся прадметам дыскусій як у навуковай супольнасці, так і ў медыйных сродках у мінулым годзе.

Разглядаемае выданне належыць да ліку тых даследаванняў, якія спрабуюць глядець на падзеі 1812 года з пазіцыі ўласнабеларускіх інтарэсаў, разглядаючы Літву-Беларусь не толькі як геаграфічную прастору, дзе ішлі зацятыя баі варагуючых бакоў, але і як палітычны арганізм – Вялікае княства Літоўскае, адроджанае да жыцця французскім імператарам, што пайшоў насустрач жаданням тутэйшай шляхты.

Аўтар пераканаўча даказвае, што ў 1812 годзе Напалеон меў на сваім баку “большасць польскага і беларускага народу, гатовага на ўсемагчымыя ахвяры”.

Чаму так адбылося? Не ў астатнюю чаргу таму, што “імператар французаў” аказаўся больш моцным палітыкам, чым цар Аляксандр, які таксама меў магчымасць адрадзіць Вялікае княства Літоўскае пад расійскай каронай, але не пайшоў на гэты крок.

Гісторыя, як вядома, не мае ўмоўнага ладу. Але, калі ўявіць, што французская “Вялікая армія” прыйшла б не проста ў заходнія губерні Расіі, а ў Вялікае княства Літоўскае, адроджанае Расіяй і прыхільнае Расіі, то напэўна, не сустракалі б французаў з такім энтузіязмам у Вільні, Мінску, Пінску, Магілёве, як гэта адбылося.

Кніга Несцерчука падвяргае сумненню і такое сцвярджэнне шэрагу даследчыкаў, якое гаворыць, што сустракала Напалеона шляхта, на той час у значнай ступені спаланізаваная, а сяляне засталіся вернымі рускаму цару і нават спальвалі свае хаты і адыходзілі з рускай арміяй.

Фактаў, якія б сведчылі на карысць прыведзенага сцвярджэння, у навуковай літаратуры сустракаць не даводзілася. Выкажу здагадку, што іх проста няма: трэба кепска ведаць беларускага мужыка, каб думаць, што ён можа добраахвотна кінуць абжытае месца і пайсці ў свет за чыімсьці войскам. Бежанства часоў Першай сусветнай не ў лік: там сялян прыспешвала казацкая нагайка, адыход углыб Расіі быў прымусовым.

Сама саманазва сялянства – “тутэйшыя” – была своеасаблівым выклікам усім несваім: вы прыйшлі і пойдзеце, а мы застанемся.

Перабольшанымі ўяўляюцца і словы пра сялянскую адданасць цару Аляксандру. Некаторыя сучасныя беларускія даследчыкі аргументавана сцвярждаюць, што Напалеона чакалі ўсе станы беларускага грамадства, у тым ліку і сяляне, якія ведалі, што ў Варшаўскім герцагстве паводле загаду Банапарта адменены прыгон і чакалі ад імператара таго самага ўчынку ў выпадку прыходу ў Літву-Беларусь.

Аўтар пераканаўча даводзіць, што эпітэт “Айчынная” ў дачыненні да вайны 1812 года Беларусі не пасуе.

І гэта не павінна бянтэжыць чытача, які прызвычаіўся глядзець на 1812 год вачыма расійскай гістарыяграфіі або рускай літаратуры.

Пройдзе ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў, і расійская прысутнасць стане ўяўляцца легітымнай і адзіна магчымай на беларускіх землях у вачах значнай часткі тутэйшага грамадства, а спробы змены існуючага ладу трактавацца як здрада Айчыне.

А ў 1812  годзе Бацькаўшчы-най палітычнаму класу па-ранейшаму заставалася Рэч Паспалітая, яшчэ жывымі былі ўспаміны пра гістарычную крыўду ў  выглядзе трох падзелаў, жыла памяць пра паўстанне 1794 года і надзеі на гістарычны рэванш.

Аднак спадзяванні на французскую дапамогу ў аднаўленні самастойнасці аказаліся ілюзорнымі. Напалеонаўская рэдакцыя Вялікага княства Літоўскага аказалася васальным утварэннем, цалкам залежным ад французаў, што стала для продкаў суровым і крыўдным урокам.

Нягледзячы на тое, што напалеонаўскім войнам прысвечаны тысячы даследаванняў, “Беларусь у вайне 1812 года” не пройдзе незаўважанай. Сабраныя аўтарам на працягу амаль 15 год матэрыялы ў музеях, архівах, фондах Беларусі, Расіі, Францыі, Польшчы, Італіі, Украіны, Літвы, Швейцарыі зрабілі гэтае выданне сапраўды ўнікальным.

Акрамя таго, кнігу адрознівае выдатная паліграфія і аздоба выдатнымі ілюстрацыямі. Нягледзячы на акадэмічную грунтоўнасць, кніга будзе цікавай не толькі прафесійным гісторыкам, але і шырокаму колу чытачоў, асабліва тым хто прызвычаены ўспрымаць гісторыю з гледзішча ўласнабеларускіх прыярытэтаў.

Ігар Гетман,

першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення  ідэала-гічнай работы аблвыканкама

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!