ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ ШКОЛЬНІКАЎ | Заря над Бугом

ПРАФАРЫЕНТАЦЫЯ ШКОЛЬНІКАЎ

У жыцці кожнага чалавека існуюць моманты, калі ён павінен зрабіць выбар, які кардынальна паўплывае на яго будучыню. Нялёгкі перыяд цяпер у выпускнікоў 11 класаў, бо ад адказнага выбару прафесіі залежыць іх паспяховасць. Як выбраць прафесію, кім стаць, каб праз некаторы час не шкадаваць аб сваім рашэнні? На гэтыя і іншыя пытанні вучняў раёна адказалі прадстаўнікі вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў краіны, а таксама раённага цэнтра занятасці. Пазнавальная сустрэча, якая сабрала больш за 150 навучэнцаў, адбылася ў мінулы чацвер у вялікай зале райвыканкама.

Перад моладдзю выступіла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Тамара Уладзіміраўна Навіцкая, якая расказала аб неабходнасці атрымання прафесіі і запатрабаванасці маладых спецыялістаў у нашым раёне.

Спецыяліст цэнтра прафесійнага самавызначэння моладзі “Прафарыенцір” Вікторыя Васільеўна Тарасюк паведаміла аб абавязковай суадноснасці індывідуальных асаблівасцей вучняў з патрабаваннямі той ці іншай прафесіі.

Школьнікі пачулі шмат новай карыснай інфармацыі аб формах навучання ў розных беларускіх ВНУ, умовах паступлення, вытворчай практыцы і пражывання іншагародніх. Выкладчыкі навучальных устаноў расказалі пра актуальныя запатрабаваныя прафесіі, такія як агент па рэкламе, мэнэджар па турызму і дызайнер.

Думаецца, што гэта сустрэча дапамагла вызначыць свой далейшы шлях многім з прысутных выпускнікоў.

Крысціна БУДЧАНІНА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!