ПРАСЯКНУТЫ ЧАРОЎНЫМІ МАТЫВАМІ | Заря над Бугом

ПРАСЯКНУТЫ ЧАРОЎНЫМІ МАТЫВАМІ

Калядным настроем прасякнуты старонкi чарговага нумару “Астрамечаўскага рукапісу”, які ўбачыў свет напрыканцы 2015 года. Адкрывае альманах чароўны зімовы пейзаж на фоне святочнага ручніка, створанага прыбужскай майстрыхай Тамарай Негерыш.

Зададзены вокладкай тон яскрава раскрываецца ў традыцыйнай рубрыцы выдання “Чароўныя спевы і паданні спадчыны”. Як хадзілі “гагатаці” перад Новым годам у Вельямовічах, як варажылі на пеўня ў Старым Сяле, якія песні спявалі на Раство ў Дубку і загадвалі загадкі ў Чэрску мясцовыя жыхаркі, распавялі студэнтам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна – заўсёды жаданым гасцям краязнаўчага альманаха.

У гэтым годзе Астрамечава спраўляе пяцьсотгадовы юбілей, у сувязі з чым асаблівую актуальнасць набылі публікацыі, прысвечаныя аграгарадку. Напрыклад, артыкул ветэрана педагагічнай працы Івана Панасюка прыадчыняе таямніцу пабудовы Свята-Міхайлаўскай царквы і пахаванняў каля яе. Цесна пераплятаюцца з гісторыяй вёскі здымкі з сямейнага альбома  былога старшыні калгаса “Памяць Ільіча” Міхаіла Дулевіча і дынастыі педагогаў Мельнікавых. Дарэчы, прадстаўніцай гэтага славутага роду з’яўляецца Ала Крац, падборка фотаздымкаў якой надрукавана ў рукапiсе пад характэрнай назвай “Знікаючая даўніна”. Старадаўнія жорны і гармонік, разныя аканіцы, тканыя дываны, кованыя вырабы жанчына сфатаграфавала ў вёсках Церабунь і Мухавец Брэсцкага, а таксама Рапехі і Мазуры Пружанскага раёнаў. Знаёмства са здымкамi гэтай серыі  будзе працягнута і ў наступных нумарах. А вось фотацыкл «Поры года» убачыў свет на старонках выдання ў чацверты раз. Менавіта тут старшыня СВК “Астрамечава” Аляксей Скакун на працягу года дзяліўся сваiм фотапозiркам на навакольны свет. Як і заўсёды, ў яго работах знайшлі адлюстраванне родная прырода, людзі працы, будні і святы прадпрыемства, якім ён кіруе.

Эксклюзіўным, безумоўна, з’яўляецца малітоўнік-песеннік Вольгi  Емяльянаўны Каравай з Лышчыц, якi таксама можна ўбачыць у рукапiсе. Запiсаныя ў iм народныя памінальныя песні жанчына на працягу свайго жыцця спявала, калi яе запрашалi выконваць гэтую журботную місію.

Зусiм iншая танальнасць гучыць у раздзеле “Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны”. Радаснымі, жыццесцвярджальнымi акордамі напоўнілі яго матэрыялы пра вясельныя абрады. Напрыклад, прафесар Іна Швед з БрДУ імя А.С. Пушкіна распавяла аб святочным застоллi, якое суправаджаецца сваімі рытуаламі, прыкметамі і магічнымі дзеяннямі. Пераклікаюцца з тэмай вяселля і замалёўкі пра прыбужскiх умеліц: вышывальшчыцу ручнікоў з в. Чэрнi На-дзею Іванаўну Барычэўскую і каравайніцу з в. Пескі Галіну Аляксееўну Катоўскую. Іх работы – сапраўды скарбніца народных талентаў.

Духмянаму хлебу – нязменнаму госцю святаў і абрадаў беларусаў — прысвечаны сцэнар фальклорнай гульнявой праграмы “Шлях да каравая”, у якiм захаваны абрады і гаворка Клейнiкаўскага сельсавета. Да друку мытэрыял падрыхтавалі дырэктар мясцовага СДК Святлана Кузьміч і загадчыца аўтаклуба Брэсцкага раёна Ульяна Апановіч.

Прыцягвае ўвагу і літаратурны блок альманаха. Галоўны рэдактар выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч ў “Кніжнай зале” знаёміць чытачоў з украінскім пісьменнікам Андрыянам Iванчуком, а таксама ўраджэнцамi Берасцейшчыны, звесткi аб якіх увайшлі ў энцыклапедычны даведнік “Сузор’е беларускага Памежжа”. А вось рэцэнзію вядомага у нашай краiне крытыка Адама Мальдзіса чытаць трохі хвалююча. Бо ў ёй ідзе гаворка аб вершаваным зборніку нашай прыбужскай паэткі Ціны Хутаранкi “Скрыжаванні бусліннага краю”, які вядомы літаратуразнаўца разглядае ў звязцы з шостым выданнем “Прагулак па Мінску” Якава Адэльскага.

Нельга не адзначыць і артыкулы пра Беларусь рэдактара “Астрамечаўскага рукапісу”Аляксандра Валковіча, напісаныя ім  для амерыканскага часопіса “US-Belarus Observer”. З якой цеплынёй i павагай ён кажа пра такія важныя, можна сказаць, сакральныя для нас рэчы, як вёска, хата, ручнік i бульба. Нават цэлую оду прысвяціў дранікам! Гісторыю, культуру, характар і звычаі беларусаў пісьменнік умудрыўся змясціць у невялікае эсэ “Зямля пад белымi крыламi”. У гэтым артыкуле Аляксандр Мiхайлавiч змог данесцi далёкiм ад нас амерыканцам душу нашага народа, паказаўшы яе праз трагiчны i мужны лёс сваіх продкаў.

Па традыцыі ў выданні знайшлі месца і “Старонкі гісторыі”, і “Калаўрот культурнага жыцця”. А найбольш значнай падзеяй Берасцейскага навоколля сталі, паводле меркавання рэдкалегіі альманаха, раённыя Дажынкі, з апісання якіх пачынаюцца першыя старонкі заключнага ў 2015 годзе нумара альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”.

Алеся ПАШКЕВIЧ

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!