ПРОДКАЎ СКАРБ НЕАЦЭННЫ – РОДНАЯ МОВА… | Заря над Бугом
ПРОДКАЎ СКАРБ НЕАЦЭННЫ –  РОДНАЯ МОВА…

ПРОДКАЎ СКАРБ НЕАЦЭННЫ – РОДНАЯ МОВА…

Велічнае і прыгожае свята роднай мовы – ХХV Дзень беларускага пісьменства адбылося напачатку верасня ў стражытным Янаве, які сёлета адзначае свае 595-годдзе.Не памылімся, калі скажам, што ў мінулую нядзелю тысячы аматараў матчынай мовы, шматлікіх гасцей, а таксама знакамітыя персоны замежных дэлегацый знаёміліся з горадам, а таксама з насычанай і цікавай праграмай свята. Прыемна адзначыць, што у мерапрыемстве прынялі ўдзел і прадстаўнікі Прыбужжа. Яе дэлегацыю ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама Павел Валынец.

Свята пачалося, безумоўна, з сімвалічнай для райцэнтра падзеі. Горад набыў яшчэ адзін помнік. Гэты памятны знак — асаблівы. Ён як бы фіксуе 25-гадовую гісторыю свята. Ідэя помніка досыць арыгінальная: цень ад пяра, якое сімвалізуе пісьменнасць, адбіваецца на круглай чашы, на якой адлічваецца час, кожная насечка — гэта горад, які калісьці прымаў мерапрыемства. Ен атрымаў назву «Янава слова».

Пад час цэрымоніі адкрыцця знака старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун падкрэсліў тую акалічнасць, што прымаць такое свята для мясцовых жыхароў – вялікі гонар, бо яно набліжае грамадства да тых каштоўнасцей, якія закладзены ў кнігах.

Шчырыя прывітанні ўсім прысутным са святам выказаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, адзначыўшы, што наша краіна заўсёды жыве ў згодзе і сяброўстве з суседзямі. У вялікай ступені садзейнічаюць гэтаму багатыя культурныя традыцыі і літаратурнае слова.

З адкрыцця “Янава слова”свята шырокай і бурлівай ракой разлілося на вуліцах, скверах, пляцоўках і галоўнай плошчы горада, якую ўпрыгожвае сучасная брукаванка, дагледжаныя клумбы і журчанне фантана. Яны як бы намякаюць, што ўся гэтая аздоба была зроблена не ўчора, але і не вельмі даўно. Дакладней, у 2015-м, калі Іванава прымала абласныя «Дажынкі». Тады горад і абнавіўся прыстойна. А ў дні свята на плошчы Кастрычніка разгарнуўся фестываль кнігі і прэсы. Функцыяваў “Друкарскі двор ХVI стагоддзя”. Па традыцыі там раскінуліся таксама павільёны вядучых выдавецтваў і рэдакцый, дзе ладзіліся прэзентацыі, тэматычныя гульні, віктарыны. Адбылося тут і гашэнне паштовых канверта з маркай “Дзень беларускага пісьменства ў Іванава”.

На галоўнай сцэне ў гарадскім парку намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў прывітальнае слова Прэзідэнта краіны ўдзельнікам і гасцям свята. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што, “святкуючы Дзень беларускага пісьменства,мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова”.

Амаль паўтары гадзіны доўжылася мастацка-тэатралізаванае прадстаўленне “Малой радзіме пакланюся”, падрыхтаванае артыстамі Вялікага і Купалаўскага тэатраў, а таксама творчымі калектывамі Брэстчыны.І зноў жа прыемна адзначыць тую акалічнасць, што сярод удзельнікаў канцэрта была і наша знакамітая “Спадчына”.

Упэўнены, што ўсе члены дэлегацыі Прыбужжа шчыра радаваліся і ў той момант, калі ўручалі Нацыянальную літаратурную прэмію за 2017 год нашай зямлячцы Зінаідзе Дудзюк. Перамогу для яе прынесла кніга публіцыстыкі “Пара высокага сонца”.

З гэтай нагоды хачу падкрэсліць, што Зінаіда Дудзюк – даўні пазаштатны аўтар раённай газеты “Заря над Бугом”. Яе шматлікія творы друкаваліся на літаратурных старонках выдання “Вытокі”.

Да позняй ночы працягвалася свята ў раённым цэнтры. Безумоўна, «Слова Янава» пакінула незабыўныя ўражанні і ў жыхароў, і ў шматлікіх гасцей старажытнага города, які перадаў эстафету Дня беларусскага пісьменства Слонім.

Віктар ГРЫШЫН

Фото аўтара і Валерыя КАРАЛЯ

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!