Сакрэтныя матэрыялы Дня самакіравання | Заря над Бугом

Сакрэтныя матэрыялы Дня самакіравання

den-samoupravleniya-telmy-2Нядаўна ў Тэльмаўская сярэдняй школе адбыўся Дзень самакіравання. Гэта незвычайнае і доўгачаканае свята як для настаўнікаў, так і для вучнёўства. Мы, цяперашні 11 клас, заўсёды ведалі, што ў нашай школе раней існавала такая традыцыя: мяняцца ролямі з настаўнікамі і адмінстрацыяй школы. І дружна ўсім класам вырашылі адрадзіць яе. Таксама адміністрацыя і класны кіраўнік падтрымалі нашу ідэю.

Дазвольце падзяліцца з вамі некалькімі сакрэтамі нашай падрыхтоўкі. Па-першае, трэба было вызначыцца з датай правядзення дня наадварот. Вызначыліся забіць двух зайцаў адным стрэлам: і з Днём настаўніка павіншаваць, і Дзень самакіравання правесці. Дата прызначана – пятніца 30 верасня.

Па-другое, Дзень самакіравання  — гэта не вяселая гульня, а сапраўдная адказная праца. Таму мы размеркавалі ролі настаўнікаў старэйшай школы і адміністрацыі паміж сабой, а таксама сфарміравалі клас з настаўнікаў, дзе для іх распрацавалі асабліва цікавыя ўрокі.

Па-трэцяе, урокі ўрокамі, а непаседлівыя перапынкі ніхто не адмяняў! Трэба прыдумаць, чым заняць вучняў усёй школы? Добра! Актывам класа падрыхтавалі віктарыну, вывучылі некалькі “запальнічак” –  кароценькіх простых танцаў. Зрабілі імправізаваны флэшмоб.

Заставала толькі чакаць…

І вось наступіла, з першага погляду, звычайная вераснёвая раніца, але ў школе кіпела праца. Каб падрыхтавацца да ўрокаў, кожны з імправізаваных настаўнікаў  прыйшоў у школу як мага раней. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Ільютчык і педагог-арганізатар Марына  Альшэўская зрабілі перад урокамі агульнашкольную лінейку, дзе вучням былі прадстаўлены новыя маладыя і энергічныя настаўнікі, а таксама часовая адміністрацыя. Сапраўдны дырэктар Ілона Лявонцьеўна Рагальская адкрыла Дзень самакіравання ўступнымі словамі  і пажаданнямі, перадала сімвалічныя ключы ад школы часоваму дырэктару –  Анастасіі Фёдаравай, якакя пажадала гэтай аўдыторыі ўдалага дня і поспехаў.

Празвінеў званок. Па сваіх уроках разбегліся вучні. Мёртвая цішыня запанавала ў школе. Хутка першы ўрок падышоў да канца. Дзелячыся паміж сабой уражаннямі ад першага вопыту, у настаўніцкую сталі збягацца настаўнікі-адзінаццацікласнікі.

Вось і званок на другі ўрок. Уласнай персонай гэты ўрок пад назвай “Кот у мяшку” у класе настаўнікаў проводзіла часовы дырэктар школы. Не кожны дзень дарослым выпадае шанец пабыць дзецьмі, таму нашы настаўнікі паводзілі сябе як сапраўдныя свавольнікі-вучні!  Ды хуліганілі так моцна, што на дапамогу прыйшлося клікаць Станіслава Хмарука – іх класнага кіраўніка і па сумяшчальніцтве настаўніка фізікі. Ён і навёў парадак. Але шчасце дырэктара працягвалася нядоўга: дзесьці на палове ўрока ў клас уварвалася навіна аб тым, что ў школу прыехала санстанцыя, і трэба хуценька сустракаць яе. Вылецеўшы куляй з кабінета, Анастасія Рыгораўна ўбачыла, што ніякай санстанцыі няма, і даведаўшыся, што яе разыгралі, вымушана была вярнуцца ў клас.

Толькі на вялікі перапынак празвінеў званок, у вестыбюлі школы зайграла сучасная музыка, як быццам запрашаючы ўсіх жадаючых спусціцца і ўбачыць на свае вочы, што здарылася. Кожны навучэнец, апынуўшыся тут, быў захоплены ў палон весялосці. Новыя настаўнікі прапанавалі крэатыўны флэшмоб. Немагчыма было выстаяць на месцы, ногі самі пускаліся ў пляс! Натанцаваўшыся ўдосталь, вучнёўства разышлося па ўроках.

den-samoupravleniya-telmy

Трэці ўрок прайшоў адносна спакойна, толькі раз-пораз са школьных кабінетаў раздаваліся выбухі смеху, бо настаўнікі-адзінаццацікласнікі заражалі добрым настроем і дзяліліся дасціпнымі жартамі.

Трэці перапынак быў таксама гарачым для навучэнцаў. На гэтым перепынку кожны мог прадэманстраваць свае веды ў віктарыне “Складана аб простым”, дзе за кожны правільны адказ пераможца атрымліваў задавальненне і бонус —  салодкі прыз.

Чацвёрты ўрок быў апошнім для настаўніцкага класа. Ужо трохі стаміўшыся, “непаслухмяныя дзеці” прыйшлі на ўрок логікі. Незвычайны  тандэм: настаўнік фізічнай культуры і здароўя Галіна Усовіч і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Ільютчык прапанавалі цікавыя гульні, правілы якіх можна зразумець гуляючы. Столькі разнастайных эмоцый рэдка калі ўбачыш у вочках дарослых людзей: тут і расчараванне, і смех, і здзіўленне!

Усё ішло па плану. Пасля шостага ўрока для педкалектыву адбыўся святочны канцэрт, падрыхтаваны разам з пачатковай школай. І пакуль настаўнікі былі на канцэрце, мы забаўлялі ўсіх астаніх. Надвор’е спрыяла нам, таму хлопчыкі выставілі апаратуру на ганку школы. Тут мы праводзілі цікавыя гульні, танцавалі і спявалі знакамітыя песні ў караокі.

У другой змене ўрокі праходзілі неяк спакойней, ніхто не зрываў дысцыпліну, усе вучыліся з задавальненнем, так як у другой змене вучацца толькі 6-7 класы, у маладых педагогаў з’явіўся час, каб падзяліцца ўражаннямі. Хтосьці раз і назаўседы зразумеў, што праца настаўніка вельмі адказная і цяжкая, і вырашыў, што гэта не для яго. Але з’явіліся сярод выпускнікоў і тыя, хто ў чарговы раз пераканаўся, у чым іх прызванне.

У канцы працоўнага дня, збіраючыся дахаты, кожны з сапраўдных настаўнікаў зазіраў у настаўніцкую і дзякаваў нам за такое добрае свята.

Дзень самакіравання запомніцца ўсім, як адзін з самых яркіх дзён у навучальным годзе. Вучням 11-га класа — незвычайнай адказнасцю, што нечакана лягла на іх плечы, астатнім навучэнцам — цікавымі момантамі, насычанымі перапынкамі, нестандартнымі ўрокамі, настаўнікам  — шанцам вярнуцца ў дзяцінства і адпачыць ад школьнай руціны. І зараз, аглядаючыся назад,  кожны з нас ні кроплі не шкадуе аб гэтым выдатным Дні самакіравання!

Кацярына ІЛЬЮТЧЫК, вучаніца 11-га класа ДУА “Сярэдняя школа в.Тэльмы-1”

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!