«СПЕЛЫ ВЕРАСЕНЬ З МЁДАМ І ХЛЕБАМ ІДЗЕ» | Заря над Бугом

«СПЕЛЫ ВЕРАСЕНЬ З МЁДАМ І ХЛЕБАМ ІДЗЕ»

Дзясятага верасня ў Бярозе прайшлі абласныя “Дажынкі-2011”.

З чым у нашай свядомасці асацыюецца восень? Не ў апошнюю чаргу з тым самым мёдам і хлебам, пра якія некалі сказаў Сяргей Грахоўскі. А раз з хлебам, то і з “Дажынкамі”, якія, без перабольшання, прыблізіліся ў сваім статусе да дзяржаўнага свята. Напэўна, інакш і не можа быць у народа, які хоць і перабраўся масава ў гарады, ўсё ж ментальна, па сваім духу, застаўся сялянскім і земляробчым. Таму і нельга сказаць, што “Дажынкі” – свята выключна земляробскае. Гэта – ўсенароднае свята.

Дарогу на Бярозу можна было пазнаць па “дажынкавым” афармленні адразу па выездзе з Брэста, але асабліва аздоблена была, безумоўна, Бярозаўшчына. Уздоўж дарог, у вёсках, у самім раённым цэнтры гасцей чакала сапраўдная выстава, што на розныя лады ганаравала хлеб новага ўраджаю.

Дэлегацыю Брэсцкага раёна на мяжы Бярозаўскага сустрэла прадстаўнічая дэлегацыя гаспадароў. Пасля шчырага прывітання, з хлебам-соллю і песнямі, госці з Прыбужжа на кароткі час завіталі ў СВК “Вінец”, затым пераехалі ў сталіцу абласных “Дажынак”.

Бяроза з самага ранку нагадвала адзін вялікі карнавал: тут і традыцыйныя сялянскія строі, і шляхецкія ўборы па “сармацкай” модзе 17 стагоддзя, і гарнітуры са стужкамі “Пераможца жніва”. Тысячы людзей, гаспадароў і гасцей, запаланілі горад.

Уласна свята традыцыйна пачынаецца шэсцем прадстаўнікоў раёнаў. Безумоўна, гэта суб’ектыўнае ўражанне, але здавалася, што найцяплей плошча вітала якраз прадстаўнікоў Прыбужжа: воплескі перакрываліся вітаннямі з натоўпу гледачоў на адрас Прыбужскага краю.

Затым з галоўнай сцэны свята да прысутных звяртаецца кіраўніцтва вобласці і прадстаўнікі сталічнай улады. Канстанцін Сумар, у прыватнасці гаворыць: “Здаецца, прайшло зусім няшмат часу з “Дажынак” у Маларыце, дзе былі пазначаны галоўныя арыенціры, зыходзячы з Задач, пастаўленых Кіраўніком краіны перад аграрыямі на будучае дзесяцігоддзе – павялічваць аб’ёмы вытворчасці прадуукцыі для ўнутранага рынка і нарошчваць экспартыя пастаўкі. Зараз, апынуўшыся ў няпростай посткрызіснай сітуацыі, мы бачым, наколькі своечасовымі і дальнабачнымі былі гэтыя кірункі… Год для хлебаробаў склаўся няпроста, хаця з боку гаспадарак было зроблена многае для атрымання высокага ўраджаю…

Нягледзячы на ўсе складасці, вобласць змагла забяспечыць ураджайнасць 32 цэнтнеры з гектара, а хлебаробы Баранавіцкага і Брэсцкага раёнаў атрымалі з кожнага гектара у сярэднім каля 40 цэнтнераў збожжа. ”

Далей кіраўнік вобласці адзначыў: “Наш гонар – гэта працоўныя калектывы і хлебаробы, якія, дзякуючы дасягнутым высокім паказнікам, заслужана прадставілі Брэстчыну на рэспубліканскім спаборніцтве і будуць адзначаны ўзнагародамі на ”Дажынках” у Маладзечна.

Гэта уладальнікі:

Ганаровага першага месца – Баранавіцкі раён;

Першага месца – Брэсцкі раён”.

Гэтая частка прамовы для прадстаўнікоў Прыбужжа стала дамінантай свята. А пераможцам абласнога спаборніцтва па ўборцы збожжавых стаў Драгічынскі раён.

Кульмінацыйны момант свята – уручэнне ўзнагарод пераможцам. Не раз на сцэну выходзяць і “нашы” – вадзіцель Васіль Мельнічук і машыніст КЗС Анатоль Саўчук з СВК “Астрамечава”. Яшчэ адзін прадстаўнік Прыбужжа — Уладзімір Штык – узнагароджаны Падзякаю Міністра сельскай гаспадаркі.

Дыплом першай ступені за дасягненне высокіх паказнікаў у вытворчасці зерня, забеспячэння належнымі сацыяльна бытавымі ўмовамі ўдзельнікаў жніва атрымаў СГЦ “Заходні”. Дыплом быў уручаны дырэктару Аляксандру Бічу і старшыні прафсаюзнага камітэта Марыі Драневіч.

Потым хлебаробаў віншуюць намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Басалай, старшыня абкама прафсаюзаў работнікаў АПК Аляксей Флар’яновіч. Начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Уладзімір Сычэўскі на добрай беларускай мове віншуе са святам прысутных і ўручае ўзнагароды сваім падначаленым, што прынялі актыўны ўдзел у жніве.

Кранальным момантам свята стала ўручэнне караваяў новага ўраджаю старшыні аблвыканкама і кіраўнікам раёнаў.

Па заканчэнні канцэрта на галоўнай сцэне свята канчаткова перацякае на вуліцы Бярозы. Святочнаму настрою спрыяе пагожы дзянёк, канцэртныя праграмы, прысмакі, што прапануюць спажывецкія таварыствы вобласці. Дарэчы, Брэсцкае райпо заняло трэцяе месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю абслугоўвання насельніцтва пры ажыццяўленні выязнога гандлю на абласных “Дажынках — 2011”.

Ігар ГЕТМАН

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!