СТВАРАЛЬНІКІ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ | Заря над Бугом

СТВАРАЛЬНІКІ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Некалькі месяцаў назад пабачыла свет чарговая кніга нашага земляка, жыхара Цюхініч, Уладзіміра Сітухі. Шыкоўнае выкананне, выдатныя фотаздымкі сталі добрым дапаўненнем да зместу кнігі, якая прысвечана самым розным людзям сучаснай Беларусі, а найперш – Берасцейшчыны.

Невыпадкова размову пра кнігу мы прымеркавалі да першага ліпеньскага нумара, прысвечанага Дню Незалежнасці. Героі кнігі Сітухі – не проста стваральнікі. Па-сутнасці, яны стваральнікі нашай Незалежнасці.

Выданне ў пэўнай ступені (наколькі ўвогуле магчымы паралелі паміж фотаальбомам і мастацкім выданнем) нагадвае вядомы двухтомнік “Беларусь созидающая” (дарэчы, “Стваральнікі” плануюцца таксама ў двух тамах). Калі першая кніга – гэта канстатацыя таго, што створана ў гады незалежнасці, то другая — пра тых, чыімі рукамі, розумам, талентам і геніем створана новая краіна – Рэспубліка Беларусь.

Дваццаць год ад таго дня, як утварылася незалежная краіна – немалы прамежак часу. Можна рабіць пэўныя падсумаванні. Іх і робіць Уладзімір Сітуха паэтычным радком. З першых старонак вядзе чытача ў Астрамечава на сустрэчу з гаспадаром Аляксеем Скакуном і гасцьмі. Сярод гасцей гаспадаркі, пра якіх піша паэт – Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар. Напэўна, толькі ў Сітухі кіраўнікі такога ўзроўню загаварылі паэтычным радком. Смелы эксперымент, але гэтым і цікавы, тым больш, здаецца, удалы.

Паэзія ў кнізе пераплятаецца з мастацкай і дакументальнай прозай. Уражвае тая колькасць людзей, пра якіх піша (а піша, як правіла, пра тых, каго асабіста ведае) Уладзімір Сітуха. Усіх не пералічыш, а ці варта лічыць? Тут і сяляне проста ў полі, тут дактары і кампазітары, леснікі і кіраўнікі розных рангаў. Тут побач і два Героі, два Пятры, два землякі: Герой Савецкага Саюза Пятро Клімук і Герой Беларусі Пятро Пракаповіч. Размову пра іх дапаўняе здымак, дзе яны прыселі за сваю школьную парту, якая сёння знаходзіцца ў Тамашоўскім музеі касманаўтыкі.

…Афіцыйна Беларусь не лічыцца правапераемніцай Савецкага Саюза. Але яна, як можа ні адна з былых рэспублік СССР, захавала да той краіны павагу і добразычлівасць. Зрэшты, гэта зразумела: якраз у Савецкім Саюзе многія з герояў “Стваральнікаў” пачыналі набываць свой першы працоўны вопыт, першую магчымасць рэалізацыі патэнцыялу, які пазней так спатрэбіўся Беларусі ў час яе станаўлення як незалежнай дзяржавы, у час пакутніцкага выбару шляху развіцця, перад якім яна стаяла ў першай палове 1990-х.

Час паказаў, што шлях быў выбраны правільны. Сведчанне гэтай правільнасці – светлыя твары герояў “Стваральнікаў”, якія сведчаць пра тое, што сёння на нашых вачах нараджаецца адчуванне, якое не было вядома нам яшчэ дваццаць год назад – адчуванне еднасці гістарычнага лёсу дзесяці мільёнаў беларусаў. Мільёнаў рупных гаспадароў і таленавітых майстроў, смелых маладых і разважлівых старых, якія па ранейшаму, калі ўзнікаюць праблемы, вырашаюць іх не на плошчах, пляскаючы самім сабе ў ладкі, а на гародах, спадзеючыся найперш на сябе.

Сёння прыйшоў час, калі Беларусь замарудзіла свой рух наперад. Тым, хто хаця б трошкі цікавіцца гісторыяй, зразумела, што ў гэтым нічога дзіўнага няма: крызісы ў развіцці краін перыдычна здараюцца. Сённяшні крызіс не з’яўляецца падставай для таго, каб сцвяржаць, што мы развіваліся не так як трэба. Якая, скажыце, з суседніх краін магла пахваліцца такой рупнасцю пра чалавека, як наша, нягледзячы на ўсе свае маштабы, нафту, газ, выхады да мора?

Таму павінна ва ўсіх нас застацца вера ў свае стваральныя сілы. Сённяшні дзень – гэта праверка народу-стваральніку, ці з’яўляецца ён сучаснай спелай нацыяй, якую адрознівае такая рыса, як давер самім сабе, свайму кіраўніцтву ў крызісных сітуацыях.

Я свядома не рабіў нейкіх спроб паэтычнага аналізу кнігі. Здаецца, ён непатрэбны, калі размова ідзе найперш не пра мастацкія вартасці, а пра актуальнасць выдання. А яна на паверхні, у тых жа першых, “астрамечаўскіх” радках:

Мець мэту, перспектыву варта.

Лічыць капейку, гандляваць.

Бо крызіс гэты нам не жарты –

З двайной напругай трэба дбаць.

Размова пра кнігу была б няпоўнай, калі б прадставіць яе як своеасаблівую хроніку развіцця сучаснай Берасцейшчыны. Дынамічны рытм размовы, калі аўтар гаворыць пра стананаўленне краіны, замаруджваецца пры пераходзе да філасофскіх роздумаў пра сэнс чалавечага існавання, сэнс яго стваральнай працы, пра рэлігійныя перакананні, без якіх праблематычным уяўляецца поўнавартаснае існаванне асобы. Нездарма паважнае месца ў кнізе аддадзена земляку, ураджэнцу Драгічыншчыны, майстру Аляксею Кузьмічу, які аднавіў Крыж Ефрасінні Полацкай – сімвал хрысціянскай Беларусі.

Кароткі газетны матэрыял не можа ахапіць усе вобразы, выведзеныя Уладзімірам Сітухам у новай кнізе. Каб быць у курсе справы – найлепш пачытаць новую кнігу аўтара, які даўно ўдала спалучае творчую самабытнасць з творчай пладавітасцю.

Ігар ГЕТМАН

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!