Свайму часу і вечнасці | Заря над Бугом

Свайму часу і вечнасці

Кніжнай выставе “Свята слова расправіла крылы” сапраўды было чым прывабіць наведвальнікаў. Ну дзе яшчэ яны змаглі б ўбачыць такі кантраст экспанатаў? Толькі ўявіце сабе кніжкі накшталт кішэннай, а побач з гэткімі малюткамі – вязізныя старажытныя фаліянты… З адкрыцця гэтай не зусім звычайнай выставы і пачалося абластное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, якое праходзіла 21 лютага ў Брэсцкім абластным грамадска-культурным цэнтры.    

Экспанаты для кніжнай выставы супрацоўнікі мясцовага краязнаўчага музея адбіралі асабліва старанна. Дык было ж з чаго, яго калекцыя кніг налічвае больш за дзве тысячы экземпляраў. А наведвальнікі ўбачылі, між тым, самыя-самыя…  Напрыклад, вялізарны фаліянт 1672 году выдання “Портреты, гербы и печати большой государственной книги” і маленькі зборнік эпітафій VII-VIII стагоддзяў з бібліятэкі Сапегаў. А вось “Лечебник домашних животных”- маскоўскае выданне 1903 года, на якім добра відаць, што кніга раней належыла  Астрамечаўскай бібліятэцы Брэсцкага павету. Побач – унушальных памераў кнігі аб прыродазнаўстве, надрукаваныя ў канцы XIX-пачатку ХХ стагоддзяў, выданне ад 1914 года “Анна Каренина” Льва Таўстога і іншыя не менш цікавыя старажытнасці.

А абластная бібліятэка імя Горкага з свайго фонду падрыхтавала экспазіцыю іншага накірунку. Справа ў тым, што бягучы год адметны адразу трыма вельмі значнымі юбілейнымі датамі: 130-годдзем з дня нараджэння класікаў беларускай і сусветнай літаратуры, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама – 100-годдзем з дня нараджэння Максіма Танка. У выставе можна было убачыць не толькі прыжыццевыя выданні твораў знакамітых юбіляраў, але ж і амаль ўсе, з чаго складаецца іх літаратурная спадчына, а таксама – кнігі аб жыццевым шляхе,  ілюстрацыі да іх твораў. Супрацоўніцы бібліятэкі з веданнем справы, цікава адкаменціравалі кожны раздзел.

Пакуль наведвальнікі больш падрабязна знаеміліся з шматлікімі экспанатамі кніжнай выставы, яны маглі атрымаць асалоду ад народных мелодый, якія выконваў для іх на цымбалах ансамбль “Лілея” Брэсцкага музычнага коледжу. А пасля свята плаўна перацякло з фае ў канцэртную залу, дзе пачалася паэтычна –музычная вечарына “Табе,мая мова, навекі і шчыра я сэрца аддаў”. На вечарыне гучалі прыгожыя беларускія мелодыі. Гледачы з задавальненнем сачылі за развіццем дзеяння у музычна-харэграфічнай кампазіцыі, прысвечанай купалаўскай ночы.  Думаецца, словы вядомай паэткі Зінаіды Дудзюк былі сугучны з меркаваннем многіх: “Больш за ўсе хацелася б, каб на роднай мове ўсе мы размаўлялі не толькі па святах, а кожны дзень”.

Абластны тур Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ХІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі стаў адным з раздзелаў свята роднай мовы. А вечарам яго ўдзельнікаў чакала этнадыскатэка “Час вяртання”. На яе былі запрошаны два ўзорных фальклорных гурта: “Дараносіца”з Хмелеўскага СДК (Жабінкоўскі раен) і “Верабейкі” – дзіцячы калектыў з г. Любань, што пад Мінскам. Іх кіраўнікі – Таццяна Грыцук і Сяргей Выскварка – правялі  масцер-класы для усіх жадаючых навучыцца народным танцам.

-У кожным з нас недзе нават на генным узроўні заложана імкненне да этнаграфічных танцаў, якія добра ведалі нашы продкі, — лічыць арганізатар дыскатэкі, супрацоўніца грамадска-культурнага цэнтру Ларыса Быцко.- Яны, як і родная мова, варочваюць нас да сапраўдных вытокаў.

Ведаеце, пакідаючы гасцінны грамадска-культурны цэнтр, злавіла сябе на раптоўным  жаданні гаварыць па-беларуску і нават думала ў той момант выключна  на роднай мове… А гэта, на мой погляд, самы лепшы паказчык, што свята ўдалося.

Ала  КАВАЛЕВА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!