Свята роднай мовы | Заря над Бугом

Свята роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень быў абраны  для святкавання таму, што 21 лютага ў далёкім для нас 1952 годзе загінулі 5 студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бенгалі статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Гэты сонечны дзень лютага стаў сапраўдным святам і ў нашай Тамашоўскай школе. Напярэдадні свята ўдзельнікамі  гуртка “Літаратурная творчасць” была падрыхтавана выстава творчых работ гурткоўцаў, якая зацікавіла і дзяцей, і дарослых. Пачаўся святочны дзень з віншавання настаўнікаў  паштоўкамі, прысвечанымі беларускаму слову. З пяшчотнай любоўю да беларускай мовы гэтыя паштоўкі былі падрыхтаваны вучнямі 8-га класа пад кіраўніцтвам  настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Віктараўны Пархац.

Вучні дзясятага класа Аляксандра Мельнік і Уладіслаў Дацык наладзілі радыёгазету, у якой расказалі аб гісторыі паходжання свята і прачыталі вершы, прысвечаныя  беларускай мове. Ужо традыцыйна на ўроках беларускай мовы прайшлі дыктоўкі па творах беларускіх пісьменнікаў.

Але, напэўна, самай яскравай падзеяй гэтага дня стала гульня-конкурс “Мова – душа народа” паміж вучнямі 8-га класа. Усе гульцы паказалі сябе кемлівымі аматарамі роднай мовы. І хоць адна з каманд набрала на некалькі балаў больш, усе згадзіліся: перамагла любоў да роднай мовы. А інакш і быць не магло! Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.

Насця ЛАГОДЗІЧ, 

Саша ЦУРЫКАВА,  удзельнікі гуртка “Літаратурная творчасць” ДУА “СШ в. Тамашоўка”

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!