Свята сустрэчы з паэзіяй | Заря над Бугом

Свята сустрэчы з паэзіяй

Мы, вучні і настаўнікі базавай школы вёскі Яцкавічы, сустрэчамі са знакамітымі людзьмі не спешчаныя, былі вельмі рады гасцям, якімі сталі берасцейскія паэты Іван Мельнічук і Мікалай Аляхновіч.

Дзеці з хваляваннем  чакалі: якія яны, сапраўдныя паэты? Усё аказалася проста, шчыра, амаль па-сямейнаму цёпла.

Іван Міхайлавіч Мельнічук спачатку расказаў пра сваё дзяцінства, якое было нялёгкім, але  даволі цікавым. Складаць вершы пачаў яшчэ ў пачатковых класах. Размяшчаліся яны ў насценнай газеце ў яго роднай школе вёскі Сычы, потым – у раённай газеце. Свой першы ганарар патраціў на далейшае навучанне. Іван Міхайлавіч прачытаў школьнікам свае творы, лірычныя героі якіх шчырыя, крыху наіўныя, з чыстымі пачуццямі. На старонках кніг дзіцячага паэта знайшлося месца і жартам, і пацешкам, і лічылкам, і загадкам, і цікавым малюнкам. Вельмі трапна падкрэслены паэтам дзіцячая непасрэднасць, цікаўнасць, дасціпнасць, кемлівасць, прыроджаная дабрыня. Паэзія Івана Міхайлавіча – гэта цэлы свет дзяцінства.

Вершы Мікалая Мікалаевіча Аляхновіча былі прызначаны вучням старэйшых класаў і дарослым. Яны напоўнены філасофскім роздумам. Гэта трапяткія радкі аб прыгожым і мудрым, пра тое, як важна цаніць і берагчы ўсё, што маеш, не забываць пра дабрыню, спагаду да іншых. Таксама Мікалай Мікалаевіч прачытаў свае пераклады вершаў венгерскіх паэтаў.

Лёгка, прыгожа гучалі творы нашых землякоў, якія ўмеюць займальна і шчыра гаварыць са сваімі чытачамі, актыўна далучаць іх да роднай мовы.

Сустрэча спадабалася і дзецям, і дарослым. Госці на развітанне падарылі юным чытачам свае кнігі з аўтографамі. Вучні ж пажадалі мастакам слова плёну ў працы і новых твораў.

Людміла САЛЫШКА,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “БШ в. Яцкавічы”

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!