«Святая тройца» | Заря над Бугом

«Святая тройца»

Ціна ХУТАРАНКА

Нарыс

Усё сваё працоўнае жыццё, а гэта трыццаць два гады, Пячко Марыя Емельянаўна працавала настаўніцай пачатковых класаў. Дваццаць пяць з якіх – у Чэрнінскай васьмігадовай школе. На ўроках усім вучням яна давала цвёрдыя і грунтоўныя веды. Была строгай і патрабавальнай настаўніцай. За добрую працу савецкая дзяржава ўзнагародзіла яе медалямі «Да стагоддзя Леніна» і «Ветэран працы»…

У працоўным жыцці кожнага настаўніка сустракаюцца выдатныя вучні, добрыя, сярэднія. Ну, і тыя, хто дастаецца мноствам нярвовых клетак. Звычайна вось такія і запамінаюцца на ўсё жыццё.

Самым лепшым з усіх яе вучняў, якім яна заўжды ганарылася, быў Нячай Коля. У далейшым яго жыцці ён закончыў мараходнае вучылішча і стаў капітанам карабля…

Але расказ пойдзе не пра выдатнікаў, а пра звычайных хлапчукоў, якіх ёй давялося вучыць цэлых чатыры гады…

Было гэта ў далёкія шасцідзесятыя. Прыйшлі вучыцца тады ў першы класс Коля Турэвіч, Іванчын Саша і Апановіч Коля. Усе дзеці, як дзеці, а гэтыя былі асаблівымі. Усе трое былі здольныя да навукі, але ляноты ў іх было больш, чым іх саміх. Часценька настаўніца астаўляла гэтую «святую тройцу», як яна іх называла жартуючы, пасля ўрокаў давучваць не выкананае хатняе заданне. Усе сябры пойдуць дадому, а гэтыя сядзяць у школе з кіслымі тварамі. Хочацца пабегаць, пагуляць з дружбакамі, а тут трэба вучыць тое, што ўчора не вывучылася. І тады хлапчукі пачынаюць пратэставаць: палягаюць на парты і нічога не робяць. Другі раз глядзяць замест кніжак у вокны, за якімі – сама вольная волюшка. У той час, калі яны папаўнялі веды, застаўшыся пасля ўрокаў, Емельянаўна правярала вучнёўскія сшыткі і рыхтавалася да наступнага працоўнага дня.

— Рабяты, вывучылі заданне? — часам пытала яна іх, адрываючыся ад сваіх спраў.

— Не-е… — хорам адказвалі тыя.

— Ну, вучыце далей…

Другі раз яна ўжо выканае ўсе свае справы, а «тройца» сядзіць, нічога не піша і не чытае.

А калі, акрамя школы, былі ў настаўніцы другія, тэрміновыя справы, то яна іх адпускала з марнай надзеяй, што яны ўсё вывучаць дома. А хлопцам таго і трэба! З класа ў такія разы яны выходзілі пераможцамі, маўляў, «наша ўзяла!»

Раз, другі так адбылося, і «тройца» вырашыла, што так будзе заўжды. Але наступіў такі час, калі настаўніцы не было куды спяшацца. Набралася яна неяк цярпення і вырашыла перамагчы хлапечую ўпартасць:

«Ці я? Ці яны?.. — Не! Будзе па-мойму!»

І вось, як заўжды, сядзяць хлапчукі пасля ўрокаў і мараць: як хутчэй аказацца за сценкамі школы. Паглядаюць на настаўніцу і чакаюць, што ўжо вось-вось у яе лопне струна цярпення…

Але дзіва! Емельянаўна, як на тое, нікуды не спяшаецца. Прайшла гадзіна…

— Рабяты, вы ўжо вывучылі?

— Не-е…

— Ну што ж – вучыце…

Каб хутчэй ішоў час, настаўніца знаходзіла сабе якую-небудзь справу ў класнай шафе. Пачынала там перакладаць наглядныя дапаможнікі, а не, то малявала каляндар прыроды, аздабляла яго рознымі карцінкамі, і ён заўжды меў выдатны выгляд.

Непрыкметна так праходзіла другая гадзіна… Хлапчукоў ужо пачынаў даймаць голад… Хацелася дамоў…

— Ну што, вывучылі ўрокі? — пытала іх настаўніца.

— Не-е…

— А я сёння тут буду да ранку, так што вучыце, бо нам разам прыйдзецца начаваць…

Такі паварот справы не ўваходзіў у хлапечыя планы. Яны адразу зразумелі, што на гэты раз іхняя хітрасць не ўдалася. Што ж рабіць?.. Мусіць, трэба вучыць…

А пачуўшы навіну пра начоўку, вучні імгненна пачалі вучыць заданне і праз дзесяць-пятнаццаць хвілін ужо ішлі да дошкі адказваць.

Емельянаўна глядзела на іх тады з усмешкай і журыла:

— Няўжо цікавей сядзець гадзінамі пасля ўрокаў і нічога не рабіць?  Ці так цяжка вывучыць заданне дома?

Хлапчукі маўчалі. Нічога не адказвалі. Стаялі перад настаўніцай нізка апусціўшы галовы.

— Рабяты, зразумейце! Усё чалавечае жыццё складваецца з цяжкасцей, якія прыйдзецца кожнаму з вас адольваць самастойна, — гаварыла Емельянаўна. — А самым галоўным зараз для вас з’яўляецца тое, што вам трэба тэрмінова прагнаць ляноту, якая села на шыю і не злазіць…

Сваёй настойлівасцю настаўніца перамагла. З таго дня хлопцы сталі старацца ісці ў нагу з астатнімі вучнямі…

Запомнілася Емельянаўне яшчэ адно здарэнне, якое яна часта расказвала…

Было гэта ў тым жа класе. Згубіў неяк Турэвіч Коля ручку, а мо яна дзе завалілася ў ягонай хаце —  гэта невядома… Адным словам, сядзіць на ўроках склаўшы рукі і не піша.

— Турэвіч, чаму ты не пішаш? — запыталася настаўніца.

— Ручкі няма…

— Рабяты, у каго ёсць ручка лішняя?

— У мяне ёсць! — адгукнуўся Пеця.

— Петрык, то ты выручы таварыша, дай яму, калі ласка, яе папісаць…

Такім чынам, Турэвіч мусіў пісаць. А часам, калі лішняй ручкі не было ў шкаляроў, то тады настаўніца давала Колі сваю.

Праз нейкі час такая завядзёнка ўвайшла ў прывычку Турэвіча і надакучыла ўсім так, што з ёю трэба было штосьці рабіць. На чарговы раз Емельянаўна паслала Пецю ў двор школы, каб той знайшоў там роўную палачку. Яна магла паслаць самаго Колю, але той бы хадзіў цэлы ўрок.  Хлапчук хуценька прынёс базавую, роўную галінку, хтосьці з дзяцей даў лішняе пяро, а настаўніца дастала з шафы ніткі і прывязала імі, да палачкі пяро. Такім чынам, атрымалася добрая ручка.

— На, Коля! Пішы!

І вучань стаў пісаць. Гэты падарунак незвычайна ўразіў яго. З таго разу Турэвіч больш ніколі не забываў ручку дома…

Абодва Колі і Саша скончылі школу і пайшлі ў шырокі свет. Емельянаўна праз гады стала пенсіянеркаю.

Былыя яе выдатнікі маглі прайсці міма старэнькай настаўніцы і не заўважыць. Але толькі не хлопцы з «святой тройцы». Апановіч Коля, Турэвіч Коля і Іванчын Саша заўжды прывячалі яе, размаўлялі, успаміналі з ёю пра свае школьныя прыгоды і заўжды жадалі Емельянаўне здароўя і даўгалецця.

— Марыя Емельянаўна! — казалі яны ёй. — Такіх настаўнікаў, як вы, зараз няма. Зараз: «адчыталі лекцыю і бывайце»…

— Так… — адказвала настаўніца. — Зараз другі час, другія патрабаванні. А перад намі ставілася задача: «Навучыць!» У наш час шырока прапагандаваўся лозунг Сухамлінскага: «Няма дрэнных вучняў! Ёсць дрэнныя настаўнікі!»

І яно сапраўды так… Таму, рабяты, прабачце мяне за настойлівую прынцыповасць… Я ж выконвала патрабаванні часу…

А ён бяжыць, бы вада ў рацэ…

Ціха адыйшла на той свет Марыя Емельянаўна. Ужо не ходзяць больш па зямлі Апановіч Коля і Турэвіч Коля…

Таму хай вось гэтае апавяданне і будзе нашым прыгожым успамінам пра іх. Бо пакуль жыве памяць, да той пары і жыве чалавек.

Прысвечана Марыі Емельянаўне ПЯЧКО

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!