«…Святыні з'яўляюцца тады, калі прыходзіць час ім вярнуцца» | Заря над Бугом

«…Святыні з’яўляюцца тады, калі прыходзіць час ім вярнуцца»

Брэсцкая Біблія — шэдэўр кнігадрукавання XVI стагоддзя

Горад, як і чалавек, мае свой лёс, сваю біяграфію. За больш чым 9-векавое існаванне Брэста ў гісторыі горада, як у кроплі вады, адбыліся ўсе асноўныя этапы развіцця Беларускай дзяржавы.

Тут не толькі вяршыліся лёсы дзяржаў і народаў, але і ствараўся летапіс гісторыі веры.

Чатыры з паловай стагоддзя таму назад — 4 верасня 1563 года — маршалкам і канцлерам ВКЛ Мікалаем Радзівілам была выдадзена кніга, якая атрымала назву Радзівілаўскай Бібліі. Але найчасцей самы поўны збор XVI стагоддзя Старога і Новага запаветаў называюць у гонар горада, дзе ён быў надрукаваны, — Брэсцкай Бібліяй.

Выданне ўяўляла сабой пераклад, зроблены з грэцкай, яўрэйскай і лацінскай моў на польскую: «Biblia swieta, to jest ksiegi Starego i Nowego zakonu wlasnie z zydowskiego, greckiego i lacinskiego nowo na polski jezyk z pilnoscia i wiernie wylozone».
Забяспечаная прадметным паказальнікам, гравіраваная тытульнымі лістамі, з шыкоўнымі ілюстрацыямі — гэта ўсё пра яе. І сёння Брэсцкая Біблія лічыцца адным з лепшых і самых поўных друкаваных выданняў XVI — XVIII стагоддзяў. Кніга-юбіляр сапраўды вартая ўсялякіх рэгаліяў. Выхад у свет яе першага асобніка адбыўся раней, чым заснавальнік друкарскай справы ў Расіі Іван Фёдараў выдаў першую кнігу на царкоўнаславянскай мове «Апостал».

Лёс Бібліі — трагічны. Пасля смерці Радзівіла Чорнага яго сын Мікалай Радзівіл Сіротка, будучы заўзятым каталікам, загадаў сабраць пратэстанцкія брэсцкія выданні бацькі і спаліць іх у двары Нясвіжскага замка. У гэтым полымі загінула і вялікая частка выданняў Брэсцкай Бібліі.

Аднак, пры ўсіх сваіх вядомых і бясспрэчных вартасцях Брэсцкая Біблія і дагэтуль знаходзіцца ў самым эпіцэнтры мноства гіпотэз: чаму Радзівіл Казімір Чорны палічыў за лепшае пратэстанцтва? Чаму ён ўклаў у выданне Бібліі ўвесь свой гадавы даход — 10 тысяч дукатаў, не шкадуючы грошай на прыцягненне лепшых перакладчыкаў і мастакоў? Нарэшце, чаму для кнігадрукавання быў абраны менавіта Брэст?

Увогуле, «Радзівілаўская Біблія» з’яўляецца эпахальнай з’явай не толькі для ўсяго абшара колішняга Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, але і для тагачаснай Масковіі. Пра гэта сведчыць геаграфія распаўсюджання Берасцейскай Бібліі: асобнікі, якія захаваліся да нашага часу або фрагменты гэтага рэдкага выдання складаюць прадмет гонару бібліятэк і архіваў Мінска, Вільнюса, Кракава, Масквы, Санкт-Пецярбурга.
Адзіны асобнік Брэсцкай (Радзівілаўскай) Бібліі 1563 года выдання знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, у фондзе аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На жаль, у Брэсце яе няма. «У нашай бібліятэцы захоўваецца асобнік Радзівілаўскай Бібліі, адноўлены ў 2003 годзе намаганнямі прафесара Ягелонскага універсітэта, дырэктара выдавецтва Collegium Columbinum Вацлава Валецкого і мецэната Пятра Кралікоўскага. Але мы не губляем надзеі атрымаць і арыгінал у свае фонды. Нездарма ж кажуць, што святынi з’яўляюцца тады, калі прыходзіць час ім вярнуцца. Мы спадзяемся, што гэты час калі-небудзь настане і Брэсцкая Біблія вернецца на радзіму», — падзялілася сваімі думкамі намеснік дырэктара па навуковай працы Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. Максіма Горкага Ала Мяснянкіна.

А інакш і быць не можа, бо Радзівілаўская Біблія —  гэта адзін з сімвалаў Брэста. Нараўне з Брэсцкай уніяй, Брэсцкім мірам  і Брэсцкай крэпасцю.

Матэрыял падрыхтавала Алена СЕЗІНА

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!