«СВЯТЫЯ ДЗЯДЫ, ХАДЗІЦЕ ДА НАС…» | Заря над Бугом

«СВЯТЫЯ ДЗЯДЫ, ХАДЗІЦЕ ДА НАС…»

2 лістапада – Дзяды ў каталікоў. 5 лістапада – Дзяды ў праваслаўных. У розных мясцовасцях Беларусі памінальны абрад Дзяды спраўлялі ў розныя дні. Адныя з Дзядоў – так званыя Дзімітраўскія – адзначаюцца праваслаўнымі ў суботу перад 8 лістапада. У некаторых мясцінах у гэтым жа месяцы адзначалі Міхайлаўскія дзяды – у суботу перад Міхайлам. Каталіцкія Дзяды – нерухомыя, заўсёды спраўляюцца 2 лістапада. Абрад памінання продкаў кранальна апісаны Адамам Мікевічам у паэме “Дзяды”. У гэты дзень абавязковай была вячэра ў памяць памерлых продкаў. У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і абавязкова пакідалі трохі вады і венік для продкаў. Пасля гатавалі багатую вячэру. Абавязковымі за сталом былі дзедава чарка і дзедава міска, куды кожны з прысутных адліваў пітво і клаў ежу. Памiнальны стол накрывалi з наступленнем цемры. Вячэра пачыналася доўгай малiтвай кагосьцi са старэйшых членаў сям’i. За стол садзiлiся без запрашэння, без лiшняй гаворкi, кожны на сваё звычайнае месца. Гаспадар запальваў свечку, ставiў яе на кут або на сярэдзiну стала i, перахрысцiўшыся, казаў: “Святыя дзяды, завём вас: хадзiце да нас! Ёсць тут усё, што Бог даў, чым толькi хата багата. Просiм вас: ляцiце да нас!” Затым налiваў чарку гарэлкi, памiнаў нябожчыкаў, жадаў прысутным дажыць да наступнага святкавання, вылiваў некалькi кропель на абрус i выпiваў. Абрадавая чарка часцей за ўсё была адна, таму ад гаспадара яна пераходзiла да гаспадынi i астатнiх дарослых. Iснаваў строгi парадак падачы страў на стол, пры гэтым колькасць iх магла быць рознай (у залежнасцi ад сямейнага дастатку), але абавязкова няцотнай: 5—7—9—11 i да 15. Пачыналi звычайна памiнальным канонам або куццёй, потым ставiлi гарох з малаком, грыбны крупень, кiслую капусту, клёцкi, яечню, кашу ячную з маслам, блiны, верашчаку з каўбас i саланiны з падлiвай. Кожны з членаў сям’i абавязкова павiнен быў пакаштаваць усе стравы, каб продкi не пакрыўдзiлiся i не нарабiлi нiякай шкоды. Вячэра праходзiла цiха, стрымана. Iмкнулiся добрым словам памянуць усiх памерлых родзiчаў, але з найбольшай павагай i гонарам гаварылi пра людзей знакамiтых. Уставаць з-за стала трэба было ўсiм адначасова, бо верылi, што той, хто ўстане раней, можа хутка памерцi. Гаспадар заканчваў вячэру словамi: “Святыя дзяды! Елi i пiлi, iдзiце да сябе”. Як i на памiнках, стол пакiдалi непрыбраным, спадзявалiся, што пасля жывых ноччу падсiлкуюцца душы продкаў. Рэшткi страў назаўтра збiралi i аддавалi што старцам, што хатнiм жывёлам i птушкам, крошкi сыпалi на страху. Разнастайнасць памiнальнага стала тлумачыцца жаданнем паказаць душам продкаў, што гаспадарка вядзецца добра, што справы ладзяцца. Дзяды былі вялікім сямейным святам, якое захоўвала памяць і самасвядомасць, умацоўвала карані і давала надзею на лепшую долю. 21 лістапада – Міхайла, Міхайлаў дзень. Гэта свята прысвечана Архангелу Міхаілу. Згодна Святога Пісання Міхаіл – правадыр войска Божага, які выгнаў Люцыпара з нябеснага царства. Міхаіл прымае ўдзел у вызначальных для Царквы падзеях, з’яўляеца абаронцам веры і змагаром супраць ерасяў. Якраз Святы Міхаіл на Страшным Судзе будзе запісваць імёны верных дзяцей Божых. Архангел Міхаіл з’яўляецца з даўніх часоў адным з самых шанаваных ва ўсходніх славян воінам Хрыстовага войска. Ён з’яўляецца апекуном Кіева – горада, з якога пачалося хрышчэнне ўсходняга славянства. Выява Міхаіла змешчана на гербе Кіева, яго статуя знаходзіцца на Майдане Незалежнасці, Свята-Міхайлаўскі сабор з’яўляецца адным з самых прыгожых храмаў Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату. Сярод беларускіх гарадоў выяву Архангела Міхаіла мае на сваім гербе Навагрудак. У Брэсцкім раёне існуе дзве царквы ў гонар Архангела Міхаіла – у Астрамечаве і Чэрску.

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!