СЫН І БАЦЬКА МЕЦЯЦЬ У «ТЫСЯЧНІКІ» | Заря над Бугом

СЫН І БАЦЬКА МЕЦЯЦЬ У «ТЫСЯЧНІКІ»

Жніво ў Прыбужжы пачыналася звычайна з уборкі азімага рапсу. Сёлета на першы план выйшлі ячмень, жыта і іншыя збожжавыя культуры. Прычына ўсяму — непрадказальнасць надвор’я. Сямейны экіпаж Паляшчукоў з СГЦ “Заходні” прыйшлося “шукаць” у полі каля вёскі Нехалсты. Два ці, мусіць, тры камбайны стаялі каля майстэрні на мехдвары ў Матыкалах, а вось КЗС-1218, на якім працуюць Аляксандр Міхайлавіч і яго бацька Міхаіл Васільевіч, ужо з навешанай жняяркаю чакаў у загоне.

Жаць пакуль што немагчыма, — павітаўшыся, сказаў Міхаіл Васільевіч. – Адчуваеце, як парыць? На ўзгорачку, вядома, яшчэ рана пачынаць. Трэба пачакаць…

Пакуль ёсць час, то распытваем у камбайнераў пра жыццё, прафесію, магчымасці і надзейнасці тэхнікі, якая сёння ёсць у гаспадарцы.

Я ўжо на пенсіі, — тлумачыць Паляшчук-старэйшы. – А тут прыходзіць Саша і кажа: “Давай, бацька, папрацуем сезончык на камбайне “Палессе”? Пойдзеш да мяне помочнікам?” “Пайду, — адказваю. — Толькі запомні, сынок, што Паляшчукі ў абозе не ходзяць. Наша месца ў авангардзе”.

Міхаіл Васільевіч, працуючы ў Брэсцкім райаграсервісе, кожны год адпраўляўся ў камандзіроўку на жніво ў якасці старшага камбайнера. Куды толькі не трапляла яго “Мега”! І ў прыбужскія калгасы на дапамогу пасылалі, і ў суседнія раёны і нават вобласці. Вопыту ў гэтых працоўных падарожжах Міхаіл Васільевіч атрымаў, як кажуць, пад самую завязку. І многае з гэтай практыкі перадаў сыну, які не адзін год быў памочнікам у бацькі пад час жніва.

На сёлетнім жніве Паляшчукі памяняліся толькі ролямі.

Усё астатняе, мяркуем, засталося па-ранейшаму: экіпаж “Палесся” з першых дзён жніва выйшаў у лідэры па гаспарадцы. Відавочна, што і сын і бацька мецяць у “тысячнікі”.

Пэўна, на гэтым тыдні прывязу я вам, хлопцы, вымпел, — сказала камбанерам старшыня прафкама Марыя Паўлаўна Драневіч. – У вас ужо больш за 300 тон зерня на рахунку. Так што старайцеся!

Дзякуй за добрае слова! – адказалі мужчыны. А мы падумалі, што вёска наша будзе жыць, пакуль у яе ёсць такія вось працоўныя хлебаробскія дынастыі, як Паляшчукі.

ПЕРШЫЯ У РАЁНЕ “ТЫСЯЧНІКІ”

Толькі зводдаль магчыма ўбачыць усе гмахі КЗСВ-30Г. На гэтым сучасным зернесушыльным комплексе, які ўзведзены на тэрыторыі СГЦ “Заходні”, ужо чацвёрты сезон працуе аператарам-машыністам Мікалай Жэдзік. Увогуле, і па штатнаму раскладу ён таксама “прыпісаны” да комплексу як тэхнік-механік. Пятро Дыдышка – другі член звяна, якое абслугоўвае вялікую і складаную гаспадарку.

— Як жа вам удваіх удаецца спраўляцца з работаю?

Начальнік зернесушыльнага комплексу Вольга Іванаўна Алякевіч тлумачыць:

— Унас тут тры звяны, дзяжурства па 8 гадзін. Вось зараз працуе якраз змена Жэдзіка і Дадышкі.

Хлопцам ўрачыста перадалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК за тое, што яны першымі ў раёне з пачатку жніва прасушылі да пэўнай кандыцыі 1000 тонн зерня. Падарункі атрымалі і два іншыя звяны, у якіх шчыруюць Ігар Герасімовіч, Максім Папчэня, Яўген Шымчук і Мікалай Бут-Гусаім.

Вось такая першая на гэтым жніве калектыўная перамога.

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт “Зари над Бугом

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!