Таямнічы цмок | Заря над Бугом

Таямнічы цмок

Ягор пазіраў з набярэжнай на серабрыста-сінюю паверхню ракі,на якой самотна пагойдваўся апалы кляновы лісток, і думаў… Падумаць было пра што. Яму ўжо дваццаць пяць, а чаго ён дабіўся ў жыцці? Гэтым летам не здолеў здаць два экзамены, і яго выключылі з універсітэта. Яшчэ адна акалічнасць, што прыгнятала яго: Дыяна. Яе абрысы так і стаялі ўваччу, люстраваліся ў рачной плыні. Яркі кляновы лісток аздабляў і без таго прыгожыя хвалістыя валасы, асвятляў вялікія цёмныя вочы ў абрамленні доўгіх веек, зграбны нос, пульхныя губы… Ах, Дыяна! Чароўная і недаступная.

Ягор пазнаёміўся з ёю год таму. Запрасіў  у кавярню, у тэатр і потым часта тэлефанаваў ёй, каб сустрэцца зноў. Яна пастаянна спасылалася на неадкладныя справы, аднак Ягор быў настойлівы. Заўчора ён зноў пазваніў і, на вялікую сваю радасць, адмовы не атрымаў. Апрануў касцюм, купіў белую ружу (на букет грошай не хапіла) і дачакаўся яе тут, на набярэжнай.

— Дзякуй, — сказала яна, узяўшы ружу, і яе голас падаўся Ягору халодным. Змоўчала на ягонае “сёння такі цудоўны вечар”, а праз хвіліну прамовіла нечаканае:         —Паслухай, Ягор, не тэлефануй мне больш. Забудзь. У мяне ёсць той, хто дарагі мне, а ты…

Згадка пра гэта, як і той раз, кальнула крыўдаю. Дыяніны абрысы ў вадзе расплыліся, зніклі. Ягор прысеў на лаўку і сціснуў ладоням твар. Як жа так? Няўжо нельга нічога змяніць. Няўжо?..

— Чаму ж? Усё можна  змяніць, — пачуўся побач мяккі мужчынскі голас.

Ягор падняў вочы. Перад ім стаяў высокі хударлявы мужчына ў чорным гарнітуры і беласнежнай кашулі. Вузкі твар з прамым носам і тонкімі губамі. А больш за ўсё ўразілі вочы — глыбокія і нерухомыя.

— Хто вы? — спытаў Ягор.

— Мяне завуць Люцыян,— спакойна адказаў незнаёмы і прысеў на лаўку поруч. — Вы здзівіліся, малады чалавек? Гэта праўда, што можна змяніць усё, літаральна усё. Я магу даць вам сілу, грошы, уладу, знакамітасць. Дыяна без памяці будзе кахаць вас.

— Думаеце, я паверу вашым казкам?!

— Усе казкі, пан былы студэнт, маюць пад сабой рэальны грунт. Ды не пра тое зараз гаворка. Я, у прынцыпе, проста чалавек, але з неймаверна вялікімі магчымасцямі. І я  магу вам дапамагчы.

— Праўда? — паддаўся спакусе заварожаны Ягор. — І як жа, якім чынам?

— Ды лёгка. — Мужчына завёў правую руку за спіну, а праз момант працягнуў яе ашаломленаму Ягору. На далоні ў незнаёмага стаяла невялікая алавяная статуэтка. —Вазьміце. Не бойцеся.

Ягор асцярожна ўзяў, прыглядзеўся. На яго пазіраў цьмянымі, загадкавымі вачыма маленькі цмок.

— Падабаецца? — працягваў незнаёмы, і Ягор міжволі кіўнуў. — Абыходзіцца з ім зусім лёгка. Калі вы хочаце, каб збылося жаданне, трэба роўна апоўначы паставіць каля цмока тры свечкі, сесці перад ім і загадаць сваё жаданне ў думках або ўголас. Вось і ўсё. Толькі памятайце: цмока нельга нікому ні дарыць, ні прадаваць.

— Але чаму вы дарыце яго мне?

— Мне падабаецца дапамагаць людзям. Не ўсім, а толькі слабым, пакрыўджаным, няўпэўненым.

— А як і дзе вас можна знайсці? — дарэшты ўражаны, запытаў Ягор.

— Я часта бываю тут па вечарах, — мужчына падняўся. — Мне час ісці. Да сустрэчы.

Дома Ягор,  стомлены і збіты з панталыку дзіўнай сустрэчай, не наважыўся выняць цмока з кішэні пінжака і толькі намацваў яго рукою, адчуваў прыемнае цяпло, што зыходзіла ад статуэткі. Дый было ўжо цёмна, адольваў сон. Ягор скінуў пінжак і паваліўся на канапу.

Увесь наступны дзень не выходзілі з галавы словы незнаёмага. А што, калі ён сказаў праўду і перад Ягорам адкрываюцца бязмежныя магчымасці? Загадаў любое жаданне—і яно збудзецца! Галава ішла кругам ад самай захапляльнай прыгоды ў ягоным жыцці. Жыцці пустым і нудным… У ванным пакоі ён паглядзеў у люстэрка: худы бляклы твар. Нічога. Калі Люцыян не зманіў, можна будзе папрасіць у цмока ўнушальны выгляд і не горшую, чым у культурыстаў, мускулатуру.

А і праўда, што ён загадае найперш? Пра гэта Ягор думаў калі мыўся, калі снедаў, калі хадзіў у краму па свечкі і нават калі надвячоркам неўпапад адказваў на пытанні бацькі. “Ты ўрэшце знойдзеш пастаянную работу? Або хоць кніжкі чытай. Ці ўжо і думаць забыў, каб аднавіць вучобу ва ўніверсітэце?” Ягор толькі ківаў ці няўпэўнена вымаўляў “так”, адзін жа раз адказаў Люцыянавай фразаю “змяніць можна ўсё”, чым збянтэжыў бацьку і змусіў махнуць на сына рукою.

Дык і што прасіць у ўмока сёння? Загадаць на грошы? На ўнушальную знешнасць? На вяртанне ва ўніверсітэт?.. Дыяна! Спачатку ён папросіць у цмока яе. Каб пакахала ўсёй душой. Так, менавіта так. Спачатку— Дзіяна, усё астатняе— потым.

Пасля вячэры Ягор бавіў марудлівы час. Паглядзеў тэлевізар, пагартаў прынесеную бацькам газету, пасля ўзяў кніжку, што першаю трапіла пад руку. “Сергей Есенин. Поэмы”. Разгарнуў наўздагад:”Чёрный человек на кровать ко мне садится… Чёрный человек водит пальцем по мерзкой книге…” Яго ахапіў неспакой. Ах, Сяргей Аляксандравіч, што вы мелі на ўвазе?! Ягор трасянуў галавою, праганяючы трывожныя прадчуванні, і загарнуў кніжку. Паспрабаваў заснуць, адкінуўшы галаву на спінку канапы. Скрозь дрымоту бачыў твар Люцыяна.

Тым часам на горад апусцілася ноч. Калі Ягор прахапіўся, гадзіннік на сцяне паказваў 23.50. Пара. Ён падняўся з канапы, шпурнуў на яе ясенінскі томік, падышоў да стала. Паставіў на сярэдзіну статуэтку цмока, абапал і за ім свечкі, прысеў на крэсла насупраць. Паглядзеў на гадзіннік: за хвіліну поўнач. Патушыў святло і запаліў свечкі. Водсвет ад іх заскакаў язычкамі на паверхні невялікага круглага люстэрка, што стаяла збоку. Ягор адсунуў яго далей.

Яны пранізвалі адзін аднаго позіркамі— чалавек і цмока. Ягору здавалася, што цмокавы вочы ажылі, іх бляск пранікаў яму ў душу. “Хачу, каб…” — дрогкім голасам пачаў Ягор, але не вытрымаў напружання, і яго позірк таксама таргануўся. Краем вока Ягор зірнуў на люстэрка. Там адлюстравалася фігура Люцыяна. У руках — старадаўняя кніга з іерогліфамі на вокладцы. Люцыянаў твар наблізіўся, і на губах яго загуляла злавесная ўсмешка. А вочы! Такія ж, як вочы дракона. Дракон, Люцыян, Чорны чалавек… Сэрца сціснула ледзяная рука жаху.

— Не! — бязгучна ўсклікнуў Ягор. Намаганнем волі глыбока ўздыхнуў і, з сілай выдыхнуўшы, задзьмуў свечкі. Ужо ў змроку змахнуў са стала цмока. Статуэтка з жудасным грукатам ўпала на падлогу— і Ягор праваліўся ў бяспамяцтва.

У непрытомнасці, гарачцы і трызненні праляжаў ён амаль да зыходу гэтага дня. Адзіны проблеск свядомасці быў у прыезд доктара, які агледзеў яго і зрабіў укол. Яшчэ Ягор запомніў, як яго ўхутвала ў мягкую коўдру маці, пасля чаго ён спаў ужо спакойным сном.

Маці сядзела на канапе ў яго нагах і зараз, калі ён ачуўся.

— Усё добра, мама, — сказаў Ягор. — Ідзі прыгатуй што паесці, а мне хочацца пабыць на вуліцы, развеяцца. Не забаўлюся, не турбуйся.

Калі маці выйшла, Ягор апрануўся, падняў з-пад стала статуэтку і паклаў у кішэню. На дварэ прагна ўдыхаў свежае паветра. Затым рушыў на аўтобусны прыпынак.

Вось і тое месца, дзе ён сустрэўся з Люцыянам. Сустрэча… А ці была яна, тая сустрэча? Лухта! Сон! Але, і тут Ягор адчуў глыбокую прыкрасць, калі гэта быў і сон, дык ўсё адно як ён мог згадзіцца на несусветную прапанову? Паддацца нейкай цёмнай сіле, Чорнаму чалавеку?.. Даўно кімсьці сказана: трэба па кроплі выціскаць з сябе раба. Трэба верыць у сябе, сваю зорку.

Ягор агледзеўся. Люцыян… Дзе ж ты? Ён выняў статуэтку, смела зірнуў у маленькія, затаенныя вочкі. “Цмок, чараўнічы цмок… Заваражальная пастка для наіўных, слабых, расчараваных…”

— Люцыян! — нягучна клікнуў Ягор. На набярэжнай панавала цішыня і зыбаўся змрок.

— Люцыян! — павысіў голас Ягор. Размахнуўся і што ёсць сілы шпурнуў цмока ў ваду. Глухі ўсплеск, і зноў стала ціха.

Ягор павярнуўся спіной да парапета. Яго позірк улавіў у змроку, як фігура Люцыяна замігцела прывідным серабрыстым святлом і праз некалькі імгненняў знікла.

Аляксандр ЯРМАШУК

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!