ТРЭЦЯЕ ПАКАЛЕННЕ | Заря над Бугом

ТРЭЦЯЕ ПАКАЛЕННЕ

Яшчэ жыве многа людзей, якія былі сведкамі ўборкі ўраджаю ўручную. Толькі ў мінулым стагоддзі прыйшла на палі самаходная машына, якая адначасова выконвае некалькі аперацый: зразае сцяблы з каласкамі, вымалочвае зерне, аддзяляе яго ад саломы, паловы і прымясей і падае ў бункер, пазбягае шматлікіх паўтарэнняў пагрузачна-разгрузачных і транспартных работ.

Іван Іванавіч Юшчук, адзін з лепшых трактарыстаў былога калгаса імя Гагарына, заслужаны калгаснік ААТ “Камароўка”, пэўна, памятае, як жыхары Прыбарава сустракалі першыя камбайны, прысланыя з Дамачаўскай МТС, як збягаліся паглядзець на яго работу ў полі, як прыдзірліва падлічвалі, колькі заставалася на зямлі каласкоў. Усё было. Да звычайных трактараў нават недавер быў. А потым нічога, наладзіліся справы і жыццё, і вось ужо Мікалай, сын Івана Іванавіча, пераняў ад бацькі эстафету механізатара, стаў адным з вядучых камбайнераў калгаса імя Дзяржынскага, а затым і адкрытага акцыянернага таварыства “Камароўка”. Шмат працоўных перамог мае на сваім рахунку Мікалай Іванавіч Юшчук, але ў сённяшнім рэпартажы мы раскажам больш пра Аляксандра, яго сына, камандзіра экіпажа камбайна Джон Дзір.

Разам з паплечнікам Сяргеем Маскалюком Аляксандр Юшчук першым у гаспадарцы намалаціў спачатку 500, а потым і 700 тон зерня. Маладзёжны экіпаж адразу “вырваўся” уперад і упэўнена ідзе ў ліку найбольш рэзультатыўных у Прыбужжы.

Стараюцца хлопцы, малайцы, — хваліць маладых камбайнераў намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Пётр Уладзіміравіч Макідон. – Яны б ужо даўно сталі “тысячнікамі”, каб не падвяло надвор’е…

Увесь мінулы тыдзень ішлі дажджы, у поле не ўвайсці, не ўехаць. Спадзяваліся з панядзелка прадоўжыць жніво – а дзе там! Сэрца баліць: такі ўраджай сёлета ў “Камароўцы”, а як ухапіць, узяць, падабраць да апошняга каласка…

Такога лета, такога труднага жніва не было ўжо гадоў дваццаць пяць, калі не болей, — расказваюць старажылы Камароўкі, Тамашоўкі і Прыбарава, з якімі нам давялося размаўляць. Заўважце: не цяжкага, а менавіта труднага.

Для Аляксандра Юшчука сёлетняе жніво не першае – апошнія два-тры гады ён уваходзіў у дзясятку лепшых маладых камбайнераў Брэстчыны. Гэты ганаровы і адказны статус Аляксандр не збіраецца здаваць і зараз.

Услед за экіпажам Юшчука-Маскалюка ідуць родныя браты Вадзім і Максім Здышчукі, якія працуюць на КЗС-1218 “Палессе”. Таксама прадстаўнікі ўжо трэцяга пакалення сельскіх механізатараў. Бацька хлопцаў, Сяргей Пятровіч, яшчэ працуе на “Амкадоры”. Унукі з гонарам адзначылі, што дзед іх, Пятро Аляксеевіч Здышчук, у свой час быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, а ў бацькі, Сяргея Пятровіча – цэлы стос грамат, падзяк і памятных значкоў, сярод якіх нават ёсць “Ударнік камуністычнай працы”. Прыемна, што дзеці і ўнукі паважаюць і ганарацца заслугамі старэйшын сваёй звычайнай працоўнай сям’і, добра ведаюць свае сялянскія карані і робяць усё, каб родавае дрэва не засыхала, а расло і квітнела на шчодрай і добрай зямлі.

Браты Вадзім і Максім у адным экіпажы працуюць упершыню. “Маладыя яшчэ хлопцы, але настойлівыя, — кажа П. У. Макідон. – Галоўнае, што яны ўжо вызначылі для сябе дарогу”. Разам з атэстатамі сталасці браты атрымалі пасведчанні механізатараў. Тэорыю праходзілі ў Дамачаве, а вось практыку – у бацькі на трактары. І таму, чаму навучыліся ў яго, ні адзін інструктар, напэўна, не здольны перадаць. Вадзім, якому толькі 26, сёння мае ўсе катэгорыі ў пасведчанні механізатара. Ён ужо жанаты, мае дачку Дашу і сыночка Сашу. А Максім, які бярэ ва ўсім прыклад са старшага брата, пяць гадоў ужо працуе самастойна на трактары. Пасля жніва збіраецца згуляць вяселле.

Жадаем, каб яшчэ да шлюбу, Максім, ты з братам стаў пераможцам на жніве!

— Дзякуй за добрае слова!

Такая была ў нас цікавая сустрэча ў Камароўцы. А яшчэ трэба адзначыць маладога вадзіцеля Андрэя Сівоху. Тры гады таму назад ён працаваў на жніве памочнікам камбайнера, так што ведае справу добра. А вось цяпер на МАЗе адвозіць ад камбайнаў зерне. У Андрэя таксама звычайная біяграфія. Сярэдняя школа, потым – Маларыцкі коледж, добра вядомы ў нас як кузня механізатарскіх кадраў. Спачатку слесар, потым шафёр на ГАЗіку, і вось ужо другі год – вадзіцель МАЗа. У бягучым сезоне перавёз з поля больш за 500 тон зерня.

Вось такое яно, трэцяе пакаленне. Звычайныя вясковыя хлопцы, для якіх самая новая і складаная сельгастэхніка – справа таксама звычайная. А вось працавітасць, надзейнасць, добразычлівасць, якія спрадвеку перадаюцца ад бацькоў, не паказныя, часовыя і маскарадныя – а з самага дзяцінства, з глыбінь сялянскага жыцця і нашай роднай беларускай вёскі.

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт “Зари над Бугом»

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!