ТЫ ПАКЛІЧ МЯНЕ, МАЯ "СЯБРЫНА"… | Заря над Бугом

ТЫ ПАКЛІЧ МЯНЕ, МАЯ “СЯБРЫНА”…

Народны ансамбль песні “Спадчына” і народны ансамбль народных інструментаў “Сябрына” Тэльмаўскага сельскага Дома культуры сталі лаўрэатамі 1-й ступені 15-га Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах

“Спадчына” і “Сябрына” – як два крылы птушкі-песні і птушкі-музыкі, — гаворыць мастацкі кіраўнік ансамбля “Спадчына” Уладзімір Літвінчук. – Мы заўсёды выступаем разам. Але ў першы раз нашы два народныя калектывы адзначаны вышэйшаю узнагародаю Міжнароднага фестывалю. “За захаванне народных музычных традыцый і выканальніцкае майстэрства” – так значыцца у Дыпломах, якія ўрачыста і прылюдна ўручылі нам у мінулую нядзелю старшыня журы, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Міхаіл Казінец і старшыня аргкамітэта фестывалю, намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. На такі поспех, шчыра прызнаюся, мы не разлічвалі…

Прыемная навіна. Тым больш, што за ўсю гісторыю Пастаўскіх фестываляў упершыню з аднаго сельскага Дома культуры лаўрэатамі першай ступені сталі два мастацкія аматарскія калектывы. Уявіце сабе ўзровень патрабаванняў журы, калі на конкурсную сцэну выходзілі, напрыклад, ансамбль беларускай музыкі “Бліскавіца” выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў №2 горада Мазыра або інструментальны ансамбль “Кросны” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў… Літву прадстаўляў дзяржаўны ансамбль песні, музыкі і танца “Летува”, Украіну – узорны мастацкі калектыў бандурыстаў “Мальвы” і ансамбль “Колодзій” з Кіева, Казахстан – танцавальны ансамбль “САНА” казахстанскага зямляцтва Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў. На юбілейны фестываль прыехалі з Расіі ўзорны дзіцячы калектыў “Белаярскія лыжкары” Мошкаўскага раёна Новасібірскай вобласці і народны ансамбль рускай песні “Масковія” горада Пушкіна. Выбіраць, як бачым, было з чаго. Аўтарытэтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі васьмі краін, першае месца прысудзіла нашым, берасцейскім аматарам-артыстам!

І гэта яшчэ не ўсё. У асабовай намінацыі фестывалю ”За захаванне народных музычных традыцый і выканальніцкае майстэрства” гарманістам-лаўрэатам стаў Уладзімір Літвінчук. Цэлы сноп узнагарод прывезлі на гэты раз з Пастаў тэльмаўскія спевакі і музыканты.

Справа ў тым, што некалькі гадоў назад “Спадчына” і “Сябрына” ужо прымалі ўдзел у Пастаўскім фестывалі. Гэта была, мовім так, разведка, параўнанне сваіх магчымасцей, узроўню майстэрства, рэпертуару. І ўжо тады нашы народныя мастацкія калектывы “засвяціліся”. А сёння, як бачым, успыхнулі яркімі зорачкамі.

Хутка споўніцца 40 гадоў, як Уладзімір Літвінчук працуе кіраўніком народнага ансамбля “Спадчына”. Уладзіміру Іванавічу ёсць пра што ўспомніць і расказаць — рэдка які дзяржаўны савецкі прафесійны калектыў выязджаў на гастролі у замежныя краіны столькі, колькі ў свой час давялося “Спадчыне”… Яна была візітнай карткай Беларусі, уяўлялася невычэрпнай крыніцай народнага мастацтва. Вельмі радуе, што нават у самыя цяжкія гады “Спадчына” і “Сябрына” не распаліся. І не дзіўна, што ўся наша бяседа з Уладзімірам Іванавічам нагадвала ўсебаковы агляд не толькі свайго “войска”, але і стан культуры навогул. Фестывалі даюць моцны штуршок не толькі самадзейным, але і вядучым прафесійным калектывам краіны, даюць магчымасць ва ўсёй паўнаце прадставіць сучаснае музычнае мастацтва, розныя выканальніцкія школы. Сёлета ў Паставах разам з традыцыйнымі ўдзельнікамі – Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Жыновіча і Нацыянальным акадэмічным хорам Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча – выступалі вельмі цікавыя, можна сказаць, нават каларытныя ансамблі, пра якіх, нажаль, мала хто ведае. Спартыўныя навіны на тэлебачанні ідуць кожны дзень, а вось пра нашу культуру нешта такой увагі няма.

Таленты вырошчваюцца вялікай працай. Каб іх узгадаваць, трэба прыкласці шмат намаганняў, — разважае Уладзімір Літвінчук, — Галоўнае – каб сам чалавек імкнуўся дасягнуць сёння большага, што дасягнуў учора. З кіраўніком ансамбля народных інструментаў “Сябрына” Віктарам Дземянюком мы працуем даўно. Неяк прынёс Мікола Пракаповіч свой верш, у якім ёсць такія радкі:

Не дазволь зрабіцца блудным сынам

І за лёс бяздонны дакараць,

Ты пакліч мяне, мая “Сябрына”

Да свайго яднальнага кастра…

Паслухалі. Пахвалілі. Я найграў мелодыю на баяне, Віктар зрабіў аранжыроўку. Так з.явілася песня, ад назвы якой пайшло і названне нашага ансамбля “Сябрына”. Сёння у ім хто? Толькі два прафесіяналы – Віктар Дземянюк (баян) і я, гарманіст. Астатнія – проста аматары. Але якія! Ала Каўкіна – цымбалы, Віктар Васькоў – ударныя інструменты, Наталля Карпук – скрыпачка, Юрый Чурыла – кантрабас, Мікіта Монін – балалайка. Толькі сямёра ў ансамблі, але ж кожны – майстар , маэстра у сваёй справе…

Так і ў народным ансамблі песні “Спадчына”, – адзначае Уладзімір Літвінчук.- Галіна Рабчук у мастацкай самадзейнасці ўдзельнічае больш за сорак гадоў, калі не болей. Усё свядомае жыццё. Яна і цяпер у нас спявае. Ветеран калектыву – Таццяна Быстранкова… Час праходзіць імкліва, і ў “Спадчыне” таксама змяняюцца “кадры”. Святлана Будкоўская і Наталля Зінавук ужо з другога пакалення спевакоў. А ўсіх нас такіх аматараў у ансамблі – дванаццаць. Сярод іх – чатыры мужчыны. Ветеран Мікола Літвіновіч, трактарыст с аўгаса “Брэсцкі” Васіль Выржамкоўскі…

Нельга каго выдзеліць – у кожнага удзельніка ансамбля ёсць сваё, адметнае, непаўтаральнае.

Якія планы у лаўрэатаў на будучае? Аб гэтым можна было і не пытацца, бо адказ адзін — ісці наперад. Міжнародны фестываль, які праходзіў у мінулыя пятніцу, суботу і нядзелю, па сутнасці, быў святам аўтэнтычнай музыкі, дастаткова прадстаўнічы, геаграфія ўдзелу ў якім усё пашыраецца, а ўзровень патрабаванняў да народных музыкаў узрастае. З года у год умацоўваецца сяброўства з краінамі-удзельніцамі фестывалю, павышаецца аўтарытэт нашай дзяржавы ў свеце. Хочацца толькі падзякаваць “Спадчыне” і “Сябрыне” за тое, што яны актыўна ўдзельнічаюць у гэтым стваральным працэсе.

 

Сямён ІВАНЕНКА

 

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!