У шлюб — з розумам? | Заря над Бугом

У шлюб — з розумам?

Сям’я нагадвае дзяржаву, бо ў ёй таксама вырашаюцца “дзяржаўныя” пытанні, толькі ў мініяцюры: фінансавыя, жыллёвыя, унутраныя ─ роднасныя, і знешнія ─ сяброўскія. А гэта значыць, што для развіцця сям’і неабходна дзяржаўная мудрасць і мужа, і жонкі. Таму, перш чым уступіць у шлюб, кожная пара павінна ўразумець: сямейнае жыццё ─ гэта няспынная праца розуму, сэрца і нерваў. А вось памятаюць пра гэта нямногія.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статкамітэта, яшчэ ў 2009 годзе Беларусь стала адным з светавых лідэраў па ўзроўні разводаў. Тады іх лік складаў 56 %, у той час як у Расіі ─ 57, ва Украіне ─ 55 і ў ЗША ─ 45% . Сёння мы цвёрда стаім на першым месцы, павялічыўшы колькасць разводаў да 73, 9%. А гэта толькі ў параўнанні з мінулым годам больш на 16, 3%. Псіхолагі такую сітуацыю тлумачаць тым, што маладыя пары несур’ёзна ставяцца да стварэння сям’і. Яны быццам бы падпісваюць пакт аб ненападзенні, які будзе скасаваны, як толькі ўзнікнуць першыя сур’ёзныя непаразуменні.

Тым часам пад марш Мендэльсона ў вялікае жыццё ідуць новыя пары. І ў кожнай з іх свае матывы. А вось якія, я і паспрабавала высветліць, каб зразумець, ці зробяць яны сям’ю моцнай. Спецыяльна для гэтага на адным з вэб-рэсурсаў на працягу тыдня праводзіла бліцапытанне з жыхарамі нашага рэгіёну, пасля чаго вывела сваю асабістую статыстыку.

Пластылінавае каханне

Як выявілася, адной з найбольш папулярных прычын стварэння сям’і для жыхароў Брэстчыны з’яўляецца звычайны страх перад адзіноцтвам. І такіх амаль 35 % шлюбаў. Але наколькі яны трывалыя?! Асабістым вопытам гатовы былі падзяліцца многія. Прапаную вашай увазе самыя цікавыя адказы.

Ірына Савацеева, 35 гадоў, г. Брэст:

-Жанчыны майго ўзросту, як правіла, даўно ўжо маюць сем’і. Вось і я ўсё часцей задумваюся аб тым, каб заняцца стварэннем сваёй. Разумею, што цяжка будзе жыць з некаханым (кахання так і не дачакалася), але я паспрабую, бо адной быць яшчэ горш. Нават няма з кім павячэраць разам.

Дзмітрый Шчэрба, 36 гадоў, г. Брэст:

-З былой жонкай мы сустракаліся месяц. Калі вырашылі з ёю ажаніцца, мне было 22 гады. Аб каханні, вядома, яшчэ не магло ісці і гаворкі. Але здавалася, што прыйшоў ужо час падумаць пра шлюб. Стварылі сям’ю. Аднак доўга яна не праіснавала. Зараз разумею, што паспяшаўся.

Андрэй Вірчык, 25 гадоў, г. Брэст:

-Мае бацькі вырашылі ажаніцца ўжо праз нядзелю знаёмства. Таксама без кахання. Аб’ядноўвала іх хіба толькі адзіноцтва. І што?! Яны і зараз у добрых адносінах… Думаю, усё дзякуючы мудрасці маці і адказнасці бацькі.

Ганна Парукова, 20 гадоў, г. Брэст:

-Асабіста я не змагла б жыць з некаханым. А вось мая сяброўка наважылася. І нічога добрага з гэтага не атрымалася. Ні пашкадуе, ні ласкай не ашчаслівіць яе… Так, павага ёсць. Але цеплыні ─ ні грама!

Ці ж варта насамрэч ствараць сям’ю толькі з-за страха перад адзіноцтвам?! Вырашыла не рабіць паспешных вынікаў, а звярнуцца за каментарыем да псіхолага Алены Сіжук.

Урок першы

Алена Сцяпанаўна Сіжук:

— Самае надзвычайнае ў гэтым жыцці ─ самое ваша жыццё. Калі вы любіце сябе, вам заўсёды знойдзецца з кім праводзіць час, вячэраць разам. Імкніцеся да таго, каб ваша жыццё не падвяргалася адзіноцтву. Зразумейце галоўнае: ад «складаных» адносін (а адносіны, злепленыя з адзіноцва іншымі быць і не могуць!) вы не выйграеце нічога, акрамя галаўнога болю. Калі ён патрэбен вам, калі вы жыць без яго не можаце, знайдзіце ў сабе смеласць прызнацца, што вам патрэбен не мужчына, а тыя праблемы, якія ён вам прыносіць вы з ім атрымліваеце. І навучыцеся свой галаўны боль атрымліваць з больш прадукцыйных адносін.

Папяровае каханне

Значная колькасць шлюбаў, а гэта прыблізна 40%, заключаюцца з-за непамерна вялікага кахання да матэрыяльнага дабрабыту. У ходзе абмяркоўвання станоўчых і адмоўных момантаў такога шлюбу ўзнікла сур’ёзная спрэчка паміж тымі, хто за пабудову сям’і на чыста матэрыяльнай аснове і супраць яе.

Вадзім Туліцкі, 25 гадоў, в. Дамачава:

-Падабаюцца мне нашы жанчыны: чысценькія, модна апранаюцца . Але ёсць у нашых дам адзін недахоп: векавое каханне да сапраўднага мужчыны. Напэўна, кожны, хто меў шчасце нарадзіцца ў нас мужчынам, сутыкаўся з гэтым мутантам. Падазраваю, што сапраўднага мужчыну сінтэзавалі ў адной колбе з бэн Ладэнам амерыканскія імперыялісты, знішчылі векавым дэпілятарам шчацінне, апранулі ў касцюм фабрыкі «Бальшавічка» і скінулі ў лясы нашай республікі. З тых часоў блукае ён па лясах, як прывід камунізму. Усе жанчыны аб ім гавораць, але ніхто яго не бачыў. Напрыклад, піліць жонка мужа: «Быў бы ты, Вася, сапраўдным мужчынам, адпачывалі б мы не ў Крыме, а на Балі”. Далей зразумела: гарэлка, серыя ўдараў па твару — распад сям’і, а сапраўдны мужчына сядзіць сабе ў кустах і хіхікае, пацірае далонькі: “Ты можаш сабраць усе зоркі з неба, але аднойчы будзеш узважаны і прызнаны надта лёгкім, каб насіць званне “сапраўдны”. Здзіўлены? А ў краіне адзінокіх жанчын па-іншаму быць і не можа.

Маліцкая Святлана, 23 гады, г. Брэст:

— Абсалютная большасць мужчын – недзе 80 % – сцвярджаюць, што дзяўчатам патрэбны толькі грошы. Але вось што, мужчыны, я вам скажу. Па вопыту – свайму і сябровак – гэтыя ж 80 % на спатканне не прынясуць дзяўчыне кветак, не зводзяць яе не тое, каб у рэстаран, а хоць бы ў напаўзаняпалае кафэ. І хутчэй за ўсё будуць вадзіць у халодны вечар узад-уперад па якому-небудзь “ забітаму” асфальту, не зважаючы на тое, што яна змерзла і на абцасах ёй элементарна цяжка. Дык з чаго гэта раптам дзяўчына не павінна адмаўляцца ад другога, такога ж убогага спаткання ?!

Юрый Пучык, 18 гадоў, в. Радванічы:

-А калі дзяўчына не варта таго, каб ёй імкнуліся падарыць казку? У 21-м ст. вы выходзіце замуж не за мужчыну, а за яго грошы. А самі што можаце даць наўзамен? Такім-сякім вас турбаваць нельга! І вось такім непажадана! У скрынку для смецця! І падумаеш: на планеце Зямля твой прынц не нараджаўся. Неадкладна ў космас!

Качкоўская Святлана, 21 год, г. Брэст:

-Вы лічыце, што жанчыны нічога не ўкладваюць? Тады раскажыце, хто з вас хоча бачыць побач недагледжаную дзяўчыну? А вы звярніце на такіх увагу! Я ўпэўнена, такая будзе прыходзіць на спатканне только з-за самаго факту вашай увагі. Дык не! Вы жадаеце дагледжаных. Пры тым, што большасць з вас, мужчын, ужо адразу ж пасля трыццаці дрэнна выглядаюць. А вы хоць разумееце, колькі каштуе жанчыне быць прыгожай? Вы калі-небудзь цікавіліся цэнамі на касметыку? Ведаеце, колькі каштуе нармальны начны крэм? Так-так, той самы, ад якога скура гладзенькая і аксамітная. А шампунь, пасля якога валасы сапраўды блішчаць? Вы любіце паўтараць,што не звяртаеце ўвагі на знешнасць, гэта няпраўда! Я памятаю, як была апранута, калі ў мяне не было грошай, і памятаю, як на мяне глядзелі мужчыны. А зараз я – той самы чалавек, толькі выглядаю ўжо не так, і глядзяць на мяне зусім па-іншаму.

Бясспрэчна, будаваць шлюб на папяровым каханні ─ рэч складаная. Каму не хочацца быць матэрыяльна забяспечаным?! Але ж і адным багаццем “сыты” не будзеш… Ды і багаты не той, у каго больш, а той, каму патрэбна толькі сапраўды неабходнае.

Урок другі

Алена Сцяпанаўна Сіжук:

— Вельмі важна, каб жанчына магла пакласціся на свайго мужчыну, і асабліва ў матэрыяльным плане. Я не кажу, што ён павінен лапатай грабсці грошы, але прагнуць да элементарнай стабільнасці ─ абавязаны! Яна ж выходзіць замуж, а значыць павінна быць за мужам. Не разумею тых жанчын, якія цягнуць увесь быт на сабе і радуюцца самому факту, што ў іх ёсць мужчына. Шкада і тых дзяўчат, што няспынна бегаюць за скарбам… Гэта ж як калі вы прыходзіце ў аўтасалон і збіраеце грошы на “Бэнтлі”, хоць вашых сродкаў у лепшым выпадку хапае на першы ўзнос за “Опель” у базавай камплектацыі. Вы можаце прыходзіць у гэты салон гадамі, але ўсё, што вам свеціць — гэта такі ж “Опель”. Вы сапсуеце сабе жыццё, ўзвядзеце пакуту ў фетыш, але ні разу не задумаецеся, што ўсё, што вам патрэбна — гэта надзейны рабочы конь з працуючым кандыцыянерам, чыстым салонам і правільна падабранай рызінай, якая даставіць вас з пункта А ў пункт Б. І калі вы аднойчы аглянецеся назад і ўсё ж такі ўбачыце ваш “Бэнтлі”, а разам з ім і руіны шлюбу, зразумееце, як шмат вы страцілі і як мала набылі.

Лебядзінае каханне

Сучасным сем’ям катастрафічна не хапае кахання – шчырага, лебядзінага. Яно ж як лякарства! Але важна не блытаць сапраўднае пачуццё з любоўнай залежнасцю, якая робіць чалавека хворым. Неяк пацікавілася, якім уяўляецца каханне ў шлюбе, якое лякарства, маладым асобам, што некалі таксама створаць сваю сям’ю. У размове многія шчыра прызнаваліся, што не размяжоўваюць каханне ад шалёнай закаханасці. Затое была прыемна здзіўлена тым, як выказаліся аб праяўленні глыбокага пачуцця дзеці. У іх няма «дарослаго» жыццёвага вопыту, комплексаў і стэрэатыпаў. Яны кажуць аб тым, што бачаць.

Кавальчук Таня, 10 гадоў:

-Каханне – гэта калі ты гаворыш хлопчыку, што табе падабаецца яго сарочка, і ён носіць яе потым кожны дзень.

Каралюк Арцём, 6 гадоў:

-Каханне – гэта калі вы ўвесь час цалуецеся, нават калі вам баляць губы. Так робяць мае тата і мама.

Крэнь Ганна, 12 гадоў:

-Каханне ─ гэта калі хлопчык кажа тваёй сяброўцы, што з распушчанымі валасамі табе вельмі прыгожа. А ты, даведаўшыся аб гэтым ад яе, перастаеш заплятацца, нават калі табе гэта нязручна.

Абапіраючыся на адны толькі думкі гэтых дзяцей, можна смела казаць ─ ёсць яшчэ сем’і, пабудаваныя на лебядзіным каханні. На Брэстчыне сярод мною апытаных асоб іх больш за 25%. Менавіта каханне яны лічаць асноўнай прычынай стварэння шлюбу. Канешне, 25% — гэта вельмі мала. Але чаму не больш? Паспрабуем прааналізаваць. У Германіі, Італіі, ЗША, дзе зусім нязначны працэнт разводаў, людзі, часцей за ўсё, ўступаюць у шлюб не раней як у 30-гадовым узросце. А цяпер правядзем лагічны ланцужок. 30 год ─ той самы ўзрост, калі чалавек дабіўся стабільнасці, “нагуляўся”, больш-менш навучыўся разбірацца ў людзях і ўжо цалкам падрыхтаваны да стварэння шлюбу. Рэзультат ─ шчаслівая сям’я. А як у нас? Толькі ўладкаваліся на працу, чаго хочам ад жыцця ─ самі не ведаем. Рэзультат ─ скасаваны шлюб. А зараз скажу пра тыя 25 %, якія лічаць сябе шчаслівымі. Як паказала маё апытанне, заключаліся гэтыя шлюбы… Не, не ў 20-25 гадоў, а пачынаючы з 28. І гэта, на мой пагляд, мудра. Бо ў такім шлюбе, як правіла, ёсць усё: і павага, і каханне, і грошы. Але стварыць яго можна толькі самастойна прайшоўшы праз рад цяжкасцей і набраўшыся жыццёвага вопыту.

Урок трэці

Алена Сцяпанаўна Сіжук:

— Калі людзі самасцвердзіліся, ім прасцей прыняць адзін аднаго такімі, якімі яны ёсць. Памудрэўшыя за гады, яны выдатна ведаюць, дзе трэба нешта сказаць, а дзе лепш пасмяхнуцца і крышачку закрыць вочы. Яны знаходзяць у сабе сілы прабачаць адзін аднаму тыя моманты, якія ім, магчыма, хацелася пражыць па-іншаму. Яны не злуюць, калі іх думкі не супадаюць, бо гэта нармальна, калі людзі глядзяць на адныя і тыя ж рэчы, а бачаць іх па-рознаму. Яны абдымаюць адзін аднаго, калі камусьці з іх дрэнна, бо разумеюць: цябе не заўсёды аб гэтым папросяць. Проста адчуваюць адзін аднаго… І сям’ю вырашаюць стварыць у той момант, калі ў чалавеку насупраць бачаць вочы сваіх дзяцей.

Р. S. Па дадзеных раённага суда, у 2010 годзе было разгледжана 112 спраў з вынясеннем рашэння аб скасаванні шлюбу, а ў мінулым годзе іх лік павялічыўся да 134. Разводзяцца, як правіла, пары, пражыўшыя ў шлюбе да 5 гадоў. Ініцыятарамі разводаў ўсё часцей становяцца мужчыны. У 2011 годзе сярод іх было зафіксавана 48 істцоў.

Юлія ЛАШЧУК.

 

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!