Усіх сабрала свята | Заря над Бугом

Усіх сабрала свята

Некалькі дзён таму карэспандэнты “Зари над Бугом” наведаліся ў Чэрск, паразмаўлялі с мясцовымі жыхарамі, даведаліся чым жыве вёска і якія праблемы хвалююць сёння людзей.

Дарога да Чэрска далёкая, але дзякуючы прыгожым зімовым краявідам мы не заўважылі як праляцеў час. Шмат каго з мясцовых жыхароў у той дзень, напярэдадні  Вадохрышча, мы сустрэлі каля царквы. Жанчыны падыходзілі павольна, яны ведалі, што айцец Сяргей будзе пазней, бо яшчэ не асвяціў ваду ў суседнім Дубку.

Спыніліся каля царквы і мы. У мінулым годзе наша газета пісала падрабязна аб Міхайлаўскай царкве, якая напрыканцы года адзначала сваё 310-годдзе. Старажытная драўляная царква са званіцай уражвае сваім убраннем і адразу прыцыгвае ўвагу гасцей Чэрска. Гэты ўнікальны архітэктурны помнік знаходзіцца на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка “Прыбужскае Палессе”. Мясцовым жыхарам пашанцавала – яны жывуць на экалагічна чыстай тэрыторыі, сярод багатых лясоў.

Аднак і праблем у вяскоўцаў таксама хапае. Моладзь у Чэрску не затрымліваецца – едуць у горад вучыцца, а назад не вяртаюцца. Напэўна, таму і няма змены Марыі Андрэеўне Свістун – загадчыцы ФАПам, якая, хоць даўно на пенсіі,  працуе тут шмат гадоў. Насельніцтва Чэрска ў асноўным пенсійнага ўзросту, і, як гавораць жыхары, нават хаваць ужо няма каму. Гэта і многія іншыя пытанні дапамагае вырашаць мясцовы стараста Іван Сцяпанавіч Качалоўскі. Невырашанай у вяскоўцаў застаецца праблема транспартных зносін – у Брэст можна трапіць толькі два раза на тыдзень. На канікулы і выхадныя да некаторых прыязжаюць дзеці або ўнукі, а даехаць назад у нядзелю вечарам можна толькі на асабістым аўтамабілі.

Вяскоўцы жывуць сваімі клопатамі, аднак кожную сераду і суботу яны чакаюць любімую раёнку. Амаль усе жыхары Чэрска выпісваюць “Зарю над Бугом”. Сваімі ўражаннямі з карэспандэнтамі падзялілася Еўдакія Данілаўна Зань. Трыццаць гадоў яна працавала ў Дамачаўскім доме інвалідаў, зараз ужо на пенсіі, таму пра ўсе раённыя навіны даведваецца з газеты. Найбольшую перавагу Еўдакія Данілаўна аддае “Літаратурнай старонцы”. Жанчына захапляецца творчасцю мясцовага паэта Аляксандра Харса і пісьменніцы Веры Пракаповіч, творы якіх часта друкуюцца ў раёнцы.

Час за размовамі праляцеў хутка. Да царквы ўжо пад’ехаў айцец Сяргей. Мы папрысутнічалі на абрадзе асвячэння вады і адправіліся ў дарогу.

Гэта маленькая вёсачка і яе жыхары выклікалі ў мяне радасныя і цёплыя пачуцці. У такім месцы як Чэрск хочацца бываць часцей.

Крысціна БУДЧАНІНА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!