Узнімаецца над Чэрскам старажытны храм… | Заря над Бугом

Узнімаецца над Чэрскам старажытны храм…

chersk1Як ужо пісала раённая газета, 21 лістапада Чэрск адзначыў вялікую дату – 315 гадоў з дня заснавання Свята-Міхайлаўскага храма. 

Свята-Міхайлаўская царква са званіцай стаіць у самым цэнтры вёскі Чэрск, на яе галоўнай вуліцы. Гэта помнік драўлянага дойлідства Беларускага Палесся. Ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Збудаваны, па адным крыніцам, у 1700 годзе, па другім, у 1701-м (па словах жыхара вёскі Рудня Івана Струка, не мясцовым, а якімсьці прыезджым, магчыма, берасцейскім старастам Мікалаем Радзівілам). У архітэктуры царквы яскрава праявіўся стыль барока. Як і большасць храмаў той эпохі, мае непаўторную аб’ёмна-прасторавую пабудову.

Спачатку царква была без прытвора. У XIX стагоддзі да галоўнага фасада дабудаваны квадратны прытвор, або “бабінец”. Інтэр’ер малітоўнай залы ўпрыгожвае драўляны разны іканастас з творамі іканапісу XVII-XVIII стагоддзяў.

Адасоблена ад царквы стаіць 3-ярусная званіца – таксама арыгінальнай архітэктуры – кампазіцыйнай трактоўкі. Спачатку, паводле архіўных дакументаў, царква была ўніяцкай. У XIX стагоддзі, пасля ліквідацыі ўніі, яна стала праваслаўнай.

Гэты ўнікальны архітэктурны помнік размешчаны на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка “Прыбужскае Палессе” і знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Цікава ведаць, што тут, яшчэ да другой сусветнай вайны, захоўвалася рукапіснае евангелле XVI стагоддзя, напісанае на старабеларускай і старапольскай мовах.

Адметна тое, што гэты храм не кранулі ні час, ні пажары, ні войны. Богаслужэнне ў ім не спынялася з моманту яго заснавання. Тут заўсёды гучалі святое слова і царкоўны спеў.

Настаяцелямі храма ў розны час былі свяшчэннікі Іосіф Целяхоўскі, Дубінскі, Фама Дземідзюк, Васіль Дземідзюк, Антон Бойка, Канстанцін Козел, Вячаслаў Бельцюкоў, Анатоль Пашкевіч, Вадзім Валадкевіч. Нізкі паклон ім! Вось ужо 13-ты год настаяцелем прыхода з’яўляецца протаіерэй Сяргей Дзмітрук.

Айцец Сяргей – чалавек вельмі сціплы, стрыманы, цярплівы. Пры-хаджане ў нас у асноўным людзі сталага ўзросту, але ў настаяцеля храма хапае цярпення на ўсіх, заўсёды з павагаю адносіцца да людзей, ніколі ніхто не чуў ад яго благога слова. Дарэчы, атмасфера ў храме добразычлівая, уміратваральная, таму і цягнуцца да храма і старыя і малыя. 

Нельга не згадаць добрым словам першы царкоўны хор, які быў створаны ў 1944 годзе. Заснавальнікам яго быў свяшчэннік Фама Дземідзюк. Хор быў вялікі, налічваў каля 30 чалавек і складаўся з мясцовых юнакоў і дзяўчат.

Прайшлі гады і многае за гэты час змянілася. Пайшлі з жыцця амаль усе ўдзельнікі першага прыходскага хору. Справу іх працягваюць новыя сілы. зараз царкоўны хор невялічкі, спяваюць у ім Аляксандра Галалюк, Лідзія Карнялюк, Аляксандра Супрунюк, Ганна Карнялюк, Вольга Стаднік з Чэрска, а таксама з вёскі Ляплёўка Уладзімір Буряк з жонкаю Ганнай і Надзея Сакалоўская. Нядаўна да калектыву далучылыся Мікалай Галазюк і Іван Стаднік.

Асобна трэба сказаць словы падзякі ў адрас дзвюх цудоўных жанчын: Аляксандры Галалюк і Лідзіі Карнялюк, якія на працягу многіх гадоў бескарысліва робяць добрую і благую справу. Яны не толькі спяваюць у хоры, а яшчэ з’яўляюцца псаломшчыкамі, выдатна ведаюць богаслужэнне і дапамагаюць весці службу. Акрамя таго, Аляксандра Сцяпанаўна валодае прыгожым голасам і з’яўляецца нязменным кіраўніком хору, а Лідзія Васільеўна ўдастоена чытаць свяшчэнную кнігу “Апостал”.

Самааддана служаць храму стараста Георгій Навумік і казначэй Пелагея Рэкунова. І ўсе прыхаджане заўсёды, чым могуць, дапамагаюць храму.

А 13 лістапада, з самага рання, у храме было мнагалюдна. Не толькі з Чэрска, а і з суседніх вёсак сабраліся людзі. Усё было гатова да прыезду Уладыкі: жывымі кветкамі выкладзена  сцежка да храма, а сярод зялёных лісточкаў барвінку чырванелі лічбай 315 ягады каліны. У гэты дзень, як ніколі, святочна і ўрачыста было і ў самім храме.

З вялікай радасцю віталі прыхаджане Уладыку Іаана, які павіншаваў усіх з 315-годдзем асвяшчэння храма і адслужыў літургію, пасля якой быў здзейснены хрэсны ход.

Ніхто не застаўся раўнадушным да пропаведзі Уладыкі аб сэнсе жыцця як Божага дара, аб прызначэнні чалавека на зямлі, яго імкненні да самавыхавання, прытрымлівання хрысціянскіх ідэалаў.

Заслужаную ўзнагароду, удзячныя граматы з рук Уладыкі атрымалі людзі, якія пастаянна аказваюць бескарыслівую і вясомую дапамогу ў добраўпарадкаванні храма і яго тэрыторыі. Гэта Мікалай Дугельны, сям’я Уладзіміра Кудраўца (ён сам, жонка Галіна Міхайлаўна, сын Уладзімір Уладзіміравіч), старшыня Дамачаўскага сельсавета Уладзімір Хвацік. Быў узнагароджаны за сумленную службу і настаяцель храма Сяргей Дзмітрук.

Хочацца верыць, гаворачы словамі Уладыкі, што яшчэ не адно стагоддзе у Свята-Міхайлаўскім храме будзе гучаць святое слова, што, як і 315 гадоў, людзей будзе весці сюды дарога веры, любові і надзеі.

Вольга СТАДНІК,

прыхаджанка Свята-Міхайлаўскага храма

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!