Вандроўка ў свет рагейна | Заря над Бугом

Вандроўка ў свет рагейна

У ноч, з другога на трэцяе лістапада, адбыўся рагейн памяці Карпеша Міхайлы

Выезд у 21.00. На спаборніцтвы паедзе група «Промальпа», у саставе Паўла Хвясюка, Славы Мамалыгі, Кірыла Пятрачука і Максіма Сталярова. Дырэктар «Промальпа» — Максім Федаравіч Каляда вызначыў свайго забеспячэнца на рагейн, як вольнага ўдзельніка, за шафера. У Рагазнянскі лес паеду з імі і я…

Сіноптыкі ноччу абяцалі +12. А я цэлы дзень прашу Бога, каб не пасылаў дождж, каб моладзь радавалася спаборніцтвам.

З Чэрняў выехалі ў 21.00. Машына ў Руслана шыкоўная. Начны горад свеціцца рознакаляровай рэкламай. Прыгажосць яго радуе вока. Ехалі ў Рагазнянскі лес праз Паўднёвы гарадок. Там падабралі Максіма.

Праязджалі міма КПП 38 брыгады, дзе служыў Міхась. Сэрца заныла старым болем. Успаміны з сынам-салдатам доўгай чаргою паўсталі ў вачах. У брыгадзе, відаць, здзейсніліся вялікія перамены, калі пабудавана новая, сучасная, бетонная агароджа. Салдаты пафарбавалі яе ў шэры колер, а ў белы — верх. Таму той выглядае над ею белымі карункамі. Прыгожа!

За Паўднёвым — Гершоны, Страдзеч, а далей — Знаменка. За Знаменкай машына звярнула ўлева. З гэтага месца рух пачаўся па паметках, якія былі пачэплены на прыдарожных знаках і слупах. Пакрытыя святлоадбівальнай фарбай, яны свяціліся ў начы чырвона-белым агнём. Мы доўга блукалі па лесе, па яго вузкіх лясных дарогах і дарожках. Спаборніцтвы павінны былі адбыцца ў гушчары, недалёка ад Рагазнянскага возера. Усюды паабапал дарогі стаялі высокія, карабельныя сосны. Ім ужо па 80-90 гадоў.

Нарэшце наперадзе паказаліся вогнішчы і электрычнае святло. Недаязджаючы да рэзыдэнцыі рагейна, Руслан звярнуў улева і прыпаркаваўся. Усе дружна выгрузіліся і адчулі пад нагамі зямлю, пакрытую тоўстым слоем моху. Хлопцы адразу пайшлі адзначацца ў палатку да судзяў. Следам падалася за імі і я.

На палянцы, асветленай некалькімі электрычнымі лямпачкамі, стаяла вялікая, блакітная палатка. Да яе выцягнулася доўгая чарга спартсменаў. Усім, хто прыбыў на спаборніцтвы там выдаваліся карты і чыпы.

Бо ў час марафону, на кожным выяўленым пікеце чыпамі фіксуецца група, якая знайшла яго. Гэта і бачаць у сябе на экране камп’ютара суддзі. Таму ў спаборніцтвах падгонка пад адказ не пройдзе. Тут адбываецца сумленная гульня, у якой перамагае самы дужы, вынослівы і кемлівы.

Нашы «промальпаўцы» сталі ў хвост чаргі, а я падыйшла да дошкі аб’яў. Там вісела газета КСА «Бярэсце» з партрэтамі Карпеша Міхайлы. Побач былі размешчаны спісы каманд. Патаптаўшыся хвіліну ля дошкі, я рушыла далей у напрамку да вялікага вогнішча. Насустрач, з гарачым прывітаннем, да мяне падыйшоў галоўны арганізатар спаборніцтваў — Аляксандр Трацюк:

— У гэтым годзе на наш рагейн прыехала 67 каманд. Налічваецца ўсяго 164 удзельніка.

— Гэта выдатна! Віншую цябе, Аляксандр! — сказала я яму. — Справа расце, пашыраецца, а значыць будзе жыць!

— Так! У гэтым годзе да пешых арыентыроўшчыкаў мы дабавілі і веласіпедыстаў. Марым, каб у будучым прыймалі ўдзел і матацыклісты.

— Выдатна, Аляксандр! Дай Бог          вам вытрымкі і поспехаў у такой высокароднай справе. Я лічу, што Алег Копаць, Яўген Вярэніч, Арцём Чаркасаў — вы ўсе сапраўдныя патрыёты Радзімы. Вы — соль зямлі, як казаў Хрыстос… Бо вы нясеце святло для моладзі, захапляеце яе прыгожым, вучыце смеласці, выкладаеце бачанне радасці у звычайным жыцці.

Пачуўшы словы пахвалы і падзякі, арганізатар радасна дадаў:

— У гэты раз да нас на спаборніцтвы прыехалі групы з Мінска, Гродна, Бярозы, Пружан, Баранавіч, Лунінца. Самае цікавае тое, што прыехала каманда з суседняй Літвы.

— О, Саша! Гэта ўжо міжнародная справа! Віншую!

Мне было прыемна чуць такія навіны. Значыць «Палеская сава», пачатая Міхайлам Карпешам, не памрэ. Будзе жыць! А значыць будзе жыць і ён.

Перад стартам было аб’яўлена пастраенне. Адкрыў рагейн Аляксандр Трацюк. Ён расказаў спартсменам пра гісторыю ўтварэння гэтага начнога спартыўнага арыентыравання Міхайлам Карпешам, поплеч з якім усюды ішоў і ён.

Затым з тлумачэннем па забегу выступіў Алег Копаць. Пасля яго некалькі слоў прывітання на роднай мове сказала і я.

Першымі стартавалі ў 24.00 веласіпедысты. Праз дзве хвіліны — пешыя марафонцы. Старт светлякоў — гэта прыгожае відовішча. Імгненне, і яны разляцеліся ў розныя бакі.

На лясной палянцы раптам устанавілася непрывычная цішыня. Палянка, бы анямела і замерла ў чаканні іхняга прылёту. Яна прытаілася да шостай гадзіны раніцы, да галоўнага моманту — фініша.

А пакуль, арганізатарыі, суддзі і назіральнікі ўсе разам сабраліся ля вогнішча, дзе ў вялікіх вёдрах варыліся кампот і каша.

— Сёння «Дзяды». Таму ўместна ўспомніць тых, хто аднойчы не вярнуўся дадому з вандровак па гарам, — прапанаваў Саша Трацюк. У вялікі кубак ён выліў, з прыгатаванай бутэлькі ўсю «жывую» воду:

— Я хачу выпіць глыток гэтага дзіўнага напою за свайго сябра Міхася…

І кубак пайшоў па кругу. Кожны, стоячы, выказваў свае словы і прыгубляўся да яго, бы да крыніцы.

Калі чарга дайшла да мяне, то я шчыра падзякавала Сашу за сёняшняе свята спорту:

— Тое, што я ўбачыла тут — гэта вынік тваёй працы. А значыць, рагейн не памрэ і хай ляціць аб ім прыгожая слава далёка-далёка за межы Берасцейшчыны і Беларусі. Калі пра яго будуць ведаць у свеце, то і будуць з’язджацца сюды арыентыроўшчыкі адсюль. Дасць Бог і спаборніцтвы стануць міжнароднымі. Так што здароўя і поспехаў табе, Аляксандр, і тваім паплечнікам…

Цёплая восеньская ноч абгарнула ўсіх прысеўшых ля вогнішча сваім утульным покрывам. Слова за словам, і пайшла гамонка, якая перарасла ў рознабаковы дыспут. Пайшлі расказы пра мінулае і пра сёняшні дзень. Расказвалі цікавыя апавяданні, гісторыі і анекдоты. Спяваліся песні, часам гучаў покліч паляўнічага рога, які выдаваў галоўны доктар спаборніцтваў.

— Шкада, што няма ў нас гітары… — цяжка ўздыхаў ён і зноў будзіў начны лес зыкам з рога.

— Хай ведаюць сосны і лясныя жыхары, што ў нас сёння спартыўнае свята! — дабаўляў доктар, як бы апраўдваючы свае дудзенне.

Беглі гадзіна за гадзінаю, а з прысеўшых амаль ніхто не ішоў на адпачынак у палаткі. Усім было цікава.

У шостай гадзіне сярод соснаў          паказаліся першыя «светлякі». Гэта пачалі фінішыраваць арыентыроўшчыкі.

Многія з іх падыходзілі да вогнішча і прагна пілі прыгатаваны кампот.

Фініш зачароўвае сваёй прыгажосцю яшчэ больш, чым старт. У самы пік яго з усіх бакоў лесу ляцяць «светлякі» на спартыўную пляцоўку. Адзін за адным яны мільгаюць сярод соснаў, асвятляючы сабою цёмны, начны лес.

З пачаткам фінішу зноўку ажывае палянка. Прафінішыраваўшы, моладзь разыходзіцца па сваіх палатках, каб пераапрануцца ў сухую вопратку і адпачыць.

Прыбеглі і «промальпаўцы». Узмакрэлыя і цяжка дыхаючы, яны пайшлі здаваць свае чыпы. У агульным падліку хлопцы занялі дзесятае месца з шаснаццаці. А гэта выдатны вынік для пачынаючых арыентыроўшчыкаў.

Наш шафёр Руслан ужо быў напагатове. Калі ж хлопцы пераапрануліся, то ўсе селі да яго ў машыну. Праз некалькі хвілін матор завёўся і мы адправіліся дадому. Стомленасць і начное няспанне рабілі сваё. Яшчэ машына і не выехала з лесу, як пачалі сціхаць размовы. Сон змарыў усіх яе пасажыраў. Усе спалі, бы «пшаніцу прадаўшы». Толькі Руслан выдатна выконваў свой абавязак. Ён хутка даімчаў нас да Брэста і развёз усіх па адрасам.

Я адкрыла вочы на пад’ездзе да свайго скрыжавання. Яно свяцілася рознакаляровымі агнямі. Але больш усяго перабольшваў сярод іх чырвоны колер. Было тады ўжо сем гадзін раніцы.

А ў канцы дня прыехаў Саша Трацюк.

— Ну, якія ўражанні? Спадабалася?!

— Саша! Выдатна! Дзякуй табе! Твая высокародная справа будзе жыць. А значыць, і цябе ніхто не забудзе. Поплеч з рагейнам будзе жыць і тваё імя, а гэта вышэй любога багацця.

Так закончыўся чацвёрты рагейн «Памяці Карпеша Міхайлы».

Ціна Хутаранка

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!