Вобраз Радзімы ў творах Максіма Багдановіча | Заря над Бугом

Вобраз Радзімы ў творах Максіма Багдановіча

Жыццё Максіма Багдановіча было кароткім, як лістападаўскі дзень, і хмурым, непрыветным, як позняя восень. Ён нарадзіўся ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя, і яго свядомае жыццё пачалося ў перыяд змрочнага часу, калі назаўсёды не дачакаўся “залацістага яснага дня”.

Адкуль жа з’явілася ў Максіма Багдановіча столькі духоўнай сілы і энергіі, астацца аптымістам, жыццялюбам, стварыць шматлікія вершы і паэмы,стаць адным з першых беларускіх крытыкаў і гісторыкаў літаратуры?

Сваімі першымі вершамі паэт паказаў сябе як натуру актыўную. Вельмі характэрны ў гэтых адносінах верш “Краю мой родны! Як выкляты богам..”

Сціснула гора дыханне ў народзе,

Гора ўсюды пануе.

Хваляй шырокай разлілась, як мора,

Родны наш край затапіла…

Брацця! Ці зможам грамадскае гора?

Брацця! Ці хваце нам сілы?!

Суровая карціна народнага жыцця ледзь не палохала самога паэта. “Брацця, ці зможам грамадскае гора?” Ды гэта быў не спалох, а роздум перад атакай, узважванне сваіх сіл, сваёй рашучаці і любові да роднага краю, заклік збірацца з сіламі.

У вершах паэта быў і боль юнака, улюбёнага ў жыццё, але хворага, няўмольная хвароба “палічыла” яго дні. Аднак галоўны пафас паэзіі Багдановіча вызначылі не гэтыя настроі. “Кінь вечны плач свой аб старонцы!” – як бы палемізуючы з самім сабою, пісаў ён у адным з вершаў і як бы ў самога сябе пытаў:

Няўжо жа цёмнай ноччу ты

Не бачыш, што глядзіцца сонца

У люстэрка – месяц залаты?

Максіма Багдановіча заўсёды глыбока хвалявалі грамадскія пытанні, сацыяльнае, нацыянальнае і палітычнае бяспраўе беларускага народа. У полі яго зроку заўсёды знаходзілася сацыяльная рэчаіснасць з яе супярэчнасцямі і барацьбой.

Глыбокую любоў да Радзімы і шчырую адданасць ёй чуваць у кожным вершы М. Багдановіча. Ён услаўляе гаючую сілу роднага паветра і чыстай крынічнай вады.

Ён любіць свой народ і кліча да самаадданай працы дзеля яго карысці і ўзвышэння. “Краю мой родны! Як выкляты Богам…” – песня-роздум пра Радзіму-Беларусь. Непрыдатныя прыродныя ўмовы краю, яго беднасць і ўбогасць, аднастайнасць вясковых пейзажаў шчымлівым болем адкукаліся ў сэрцы маладога Багдановіча. Невыносны цяжар ляжыць на плячах людзей, накладвае цень пакуты на аблічча ўсёй роднай старонкі.

Такія ж, як і жыццё, поўныя смутку і жальбы песні, гутаркі-казкі беларусаў аб нядолі, аб няшчасным каханні, сімвалам якога з’яўляецца горкая каліна.

У значэнні сацыяльнай сцяны, што падзяліла грамадства на два супрацьлеглыя лагеры – бедных і багатых, — выступаюць у творчасці М. Багдановіча межы, якія паглыбілі гэты падзел, прайшлі між людзьмі саслоўнымі, прававымі, дзяржаўнымі, рэлігійнымі рубяжамі. У такіх умовах чалавек адчуў сябе самотна, безабаронна. Аб гэтым ён піша ў вершы “Мяжы”:

Глядзі: па ўсёй зямлі святой

Шырокай хваляй залатой

Без краю блішча збожжа мора,

Цвітуць лугі, шумяць лясы…

Так многа ёсць паўсюль багацтва і красы,

А людзі нішчацца у голадзе, у зморы

Ад беднаты, ад цемнаты,

Бо скрозь – мяжы, бо скрозь – платы.

М. Багдановіч асуджае бяздушнасць, заняволенне чалавека чалавекам, даводзячы, што жыццё можа і павінна стаць іншым, свабодным, прыгожым, шчаслівым, бо гэтыя магчымасці закладзены ў багаццях зямлі, у разумнай волі і працы чалавека.

Паэт верыў у блізкае абнаўленне свету. Ахоплены прадчуваннем і чаканнем перамен, ён пісаў:

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколькі ў марах залётных агня…

Будучыня беларускага народа ўяўлялася М. Багдановічу шчаслівай, светлай, радаснай, у рамантычна-сімвалічных вобразах усходу сонца, залацістага, яснага дня, цудоўнага камення, якое не блішчыць у час змяркання і ў цемені ночы, але затое ў сонечных промнях зіхаціць дзівоснаю красою, а таксама ў вобразе зярнятак, што ўзраслі і буйна ўскаласілі, кінутыя вясною ў свежую раллю.

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа на раллі.

Развіццё жыццёвых народных сіл увогуле нельга спыніць, яго можна толькі часова стрымаць, абмежаваць, але пры першай магчымасці, нібы імклівая крыніца, гэтыя сілы праб’юцца з глыбінь і змятуць са свайго шляху ўсе перашкоды.

І хоць мала пражыў Багдановіч, след, які пакінуў ён — неўміручая старонка нашай паэзіі. Паэт сапраўды ўзвялічыў родную беларускую мову, а яго цудоўныя вершы ўвайшлі ў скарбніцу не толькі нацыянальнай паэзіі.

І заўсёды ў сэрцах нашых жывуць крыштальна чыстыя, чалавечныя вершы паэта. Багдановіч з намі. З намі ён сваімі марамі аб нашым светлым дні і ўсім тым, што ён для яго зрабіў.

Колькі б не прайшло гадоў, з імем Максіма Багдановіча заўсёды будзе паўставаць вобраз паэта магутнай велічыні. І магутнасць яго ўвасобілася ў любові да роднай зямлі, да роднага краю, у светлым лірызме, у стойкасці асобы, смеласці публіцыста, неўтаймаванасці жыццялюба, генія, мастака. Яго імя і творчасць прайшлі выпрабаванне часам і набылі неўміручасць.

Таццяна КАВАЛЬЧУК,  вучаніца 11 класа СШ в. Матыкалы

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!