ХЛЕБ — ГАЛОЎНАЕ НАША БАГАЦЦЕ | Заря над Бугом

ХЛЕБ — ГАЛОЎНАЕ НАША БАГАЦЦЕ

1000 тон – не проста сімвалічная лічба для кожнага ўдзельніка жніва – з яе толькі і пачынаецца сапраўднае спаборніцтва за вялікі ўраджай.

Стаць “тысячнікам” – гэта значыць узыйсці на варшыню піраміды, якую ўзвялі нялёгкаю працаю механізатары, спецыялісты, кіраўнікі, усе, хто мае дачыненне да вырошчвання, жніва і перапрацоўкі ўраджаю.

Аляксандр Міхайлавіч і Міхаіл Васільевіч Палешчукі, механізатары СГЦ “Заходні”, першымі ў раёне сярод сямейных экіпажаў зернеўборачных камбайнаў намалацілі 1000 тон збожжа. За выдатную працоўную перамогу сын і бацька былі заахвочаны падзякай кіраўніцтва гаспадаркі і каштоўнымі падарункамі райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Пад сузор’ем Ільва

Жыццё земляроба заўсёды звязана з прыродаю. Ва ўсім паўночным паўшар’і планеты менавіта ў жніўні людзі збіраюць ураджай. І як ніколі з надзеяй узіраюцца ў неба: якое надвор’е будзе сёння і заўтра, што чакае Зямлю пад сузор’ем Ільва.

На асабовым рахунку Мікалая Іванавіча Клімука, вадзіцеля СВК “Чарнаўчыцы”, ужо больш за тысячу тон перавезенага зерня. Свой лёс Мікалай Іванавіч, як кажуць, звязаў з роднай вёскай, з калектыўнай гаспадаркай. Бацька яго, Іван Клімавіч, усё жыццё працаваў шафёрам, і дзецям сваім перадаў любоў да працы, тэхнікі, роднай зямлі. З пяцёрых дзяцей Клімукоў у вёсцы працуюць чацвёра: браты Сяргей, Мікалай, Юрый і сястра Наталля. Толькі яна, Наталля Іванаўна, носіць цяпер прозвішча Брыт, а браты былі і засталіся Клімукамі.

Жыццёвыя шляхі Мікалая Іванавіча, здаецца, звычайныя і тыповыя для сучаснага чалавека. Школа, тэхнічнае вучылішча, служба ў Савецкай Арміі, а затым праца ў родным калгасе і сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве. 12 гадоў запар Мікалай Іванавіч водзіць адзін і той жа МАЗ. Іншыя самазвалы – ад нагодкі ўжо даўно спісаны, а яго яшчэ працуе. Вось і сёлета не падвёў гаспадара – без паломак, без усялякіх здарэнняў перавёз на сваіх жалезных “плячах” тысячу тон збожжа і яшчэ перавязе столькі, колькі трэба.

Усё залежыць ад чалавека, — упэўнена гаворыць Мікалай Іванавіч. Яго працоўная перамога заўважана: на мехдвары ў Чарнаўчыцах узняты ў яго гонар працоўны вымпел славы, а ад імя старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама С. Р. Радкаўца і старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК А. А. Флар’яновіча перадавіку–“тысячніку” было ўручана пісьмо-падзяка, у якім падкрэсліваецца: “Жадаем Вам не спыняцца на дасягнутых выніках, а далейшым Вашым поспехам няхай садзейнічаюць сучасныя тэхналогіі, надзейная тэхніка, паразуменне і падтрымка сям’і”.

Сямейныя тылы ў Мікалая Іванавіча надзейныя і моцныя. З вялікай павагаю адносіцца ён да жонкі Любові Сяргееўны, якая “адна цягне воз гаспадарчых клопатаў”, з гонарам расказвае пра дачку-студэнтку, якая ўжо перайшла на трэці курс тэхнічнага ўніверсітэта. Адным словам, можна сказаць, што пад сузор’ем Ільва для сям’і Клімукоў усё ўладкавана. А калі так, дык і работа звініць і спорыцца.

Добрыя ўспаміны пра сёлетняе жніво застануцца, пэўна, і ў Івана Кушнерука, вадзіцеля самазвала адкрытага акцыянернага таварыства “Агра-сад “Рассвет”. У намінацыі спаборніцтва на жніве сярод маладзёжных вадзіцеляў першым сярод “тысячнікаў” стаў менавіта ён. Прычым, да самай апошняй хвіліны ў маладога хлопца было мала надзеі на перамогу: толькі гэтай вясной сеў за баранку МАЗа, яшчэ як трэба і не вывучыў “характар” жалезнага каня, ды і на жніво ў гаспадарцы выйшлі не першымі ў Прыбужжы. Але факт: менавіта Іван Сяргеевіч Кушнерук першым пераадолеў планку і атрымаў каштоўны прыз ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. А гэта значыць, што малады шафёр стаў адным з лепшых прафесіяналаў раёна, стрымаў слова, якое даў дырэктару гаспадаркі Жэленгоўскаму гэтай высной: “Калі прымяце на работу, Васіль Пятровіч, то не пашкадуеце: я не падвяду”.

А справа ў тым, што пасля службы ва Ўзброеных Сілах Іван Кушнерук уладкаваўся вадзіцелем у гаспадарцы. І нават працаваў цэлы год. А потым задумаўся пашукаць шчасця і ўдачы ў горадзе. Адгаворвалі не раз, але не дапамагло – напісаў–такі заяву на “звальненне па ўласнаму жаданню”. Але нешта пайшло ў Брэсце не так, як меркавалася. І вось зноў пераступіў парог кабінета дырэктара ААТ “Агра-сад “Рассвет” малады чалавек: “Вазьміце….” Нічога дзіўнага ў гэтай гісторыі – не памыляюцца толькі святыя. У Івана Кушнерука, упэўнены, усё яшчэ наперадзе. А з першай працоўнай перамогай, з першым прызнаннем у раёне – віншуем ад чыстага сэрца. Так трымаць, Іван!

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт «Зари над Бугом»

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!