«Я таксама буду касманаўтам!» | Заря над Бугом
«Я таксама буду касманаўтам!»

«Я таксама буду касманаўтам!»

Было гэта вельмі даўно, а калі быць больш дакладным, то адразу пасля вайны. На лузе, за жывапіснай беларускай вёсачкай Камароўка сеў самы сапраўдны самалёт. Так!.. Сапраўдны! Самалёт! Вы не аслухаліся! Самы сапраўдны! І да яго можна было дакрануцца.

Усе камароўцы кінуліся на луг паглядзець на незвычайнае здарэнне. Зразумела, што самымі актыўнымі былі дзеці. Гурт мясцовых хлапчукоў шпарка імчаўся да жалезнага птаха. Сярод іх быў і Пеця Клімук, які, не адчуваючы ног, ляцеў насустрач свайму лёсу, сэнсу і зместу далейшага жыцця. Пеця бег і не адчуваў пад сабой зямлі, здавалася, што ён не бяжыць, а сапраўды ляціць. Ком паветра затрымліваўся у горле і яго нельга было прадыхнуць… Але ўжо тады Пеця быў упартым хлапчуком і таму на ветлівую ўсмешку таго, хто за ваколіцай пасадзіў самалёт, упэўнена прашаптаў: «Я таксама буду лётчыкам!»

Прайшлі гады і сёння амаль увесь свет ведае пра прыгожы куточак Беларусі, пра дзіўную вёсачку Камароўка і, канешне, гісторыю нашага вядомага земляка Пятра Ільіча Клімука, які змог-такі дасягнуць нязведаных, прыцягальных прастораў космасу і пакінуць там важкі для навукі след.

На працягу ўжо  дзесяцігоддзя ў цэнтры вёскі стаіць самалёт, які з’яўляецца музейным экспанатам і ім ужо нікога не здзівіш. А вось штогадовы прыезд на сваю малую радзіму двойчы Героя Савецкага Саюза, лётчыка-касманаўта Пятра Ільіча Клімука з’яўляецца для яго аднавяскоўцаў сапраўдным дзівам і святам. І калі ў ліпені мінулага года ўсе жыхары наваколля чакалі новай «пасадкі» героя ў роднай вёсцы з нагоды яго юбілею, мой чатырохгадовы брацік Пеця не пакінуў гэту падзею без увагі. Пецечка задаваў мне вельмі многа сваіх дзіцячых пытанняў пра самалёты, неба і космас. Пасля чаго катэгарычна заявіў: «Я хачу ўбачыць вялікага Пецю!..»

На сустрэчу з Пятром Клімуком, якая адбывалася ў мясцовай школе, наш малы імчаўся не адчуваючы пад сабой ног. А хто ведае, можа гэта таксама яго лёс? Бо на сустрэчы двух Пятроў, калі вялікі Пятро паціскаў руку  маленькага, той ледзь чутна, але ўпэўнена прашаптаў: «Я таксама буду касманаўтам!»

Ганна САГАН,

удзельніца гуртка «Літаратурная творчасць» ДУА «Сярэдняя школа в. Тамашоўка»

 

comments powered by HyperComments
Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!