Яны – нашы буквар i энцыклапедыя… | Заря над Бугом

Яны – нашы буквар i энцыклапедыя…

У суботу, 7 ліпеня, у вёсцы Чэрні адбылося раённае свята “Душа народа ў песнях іх гучыць”, прысвечанае 130-гадоваму юбілею класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа

Янка Купала, Якуб Колас… Гэтыя імены вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. З усіх славянскіх народаў беларусы, напэўна, найдаўжэй чакалі з’яўлення сваіх нацыянальных песняроў. Расія ўжо мела Аляксандра Пушкіна, Украіна— Тараса Шаўчэнку, Польшча — Адама Міцкевіча… Толькі багатая гістарычнымі падзеямі, славутая здабыткамі папярэднікаў беларуская зямля працягвала чакаць і верыць, што і на ёй з’явіцца геній. Аднак геніі ніколі не бываюць самотнымі дрэвамі, што выраслі ў пустыні. Іх з’яўленне — вынік дзейнасці папярэднікаў. Першыя крокі ў нацыянальным адраджэнні Беларусі зрабілі Ян Чачот, Кастусь Каліноўскі, Янка Лучына, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч… А потым успыхнулі дзве найярчэйшыя зоркі беларускай літаратуры — Янка Купала і Якуб Колас. Успыхнулі, каб паказаць усяму свету, што ёсць такі народ і такая мова.

Свята атрымалася вельмі цікавым і яркім. На шырокай пляцоўцы перад Домам культуры разгарнуўся “Святочны падворак”. Чаго там толькі не было! Разнастайныя майстар-класы, латарэі, конкурсы, гульні, дзіцячыя атракцыёны. Працаваў выязны гандль, выставы-продажы праваслаўнай літаратуры і перыядычных выданняў. Вельмі ўразіла прыбужцаў і выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Апоўдні пачалася непасрэдна культурная праграма. У выкананні аркестра народных інструментаў настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў в. Чэрні загучала цудоўная музыка, Кацярына Пунько праспявала песню “Спадчына”. На сцэну падняўся старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір Мацука, яки звярнуўся да прысутных з наступнымі словамі:

— У кожнага народа сярод класікаў нацыянальнай пісьменнасці вылучаюцца асобы, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё роднай літаратуры, мовы і культуры, сталі як бы неафіцыйнымі сімваламі самога народа, прарокамі нацыянальнага адраджэння. Гэтыя імёны першымі называюцца, калі гаворка заходзіць пра народ і краіну. У Беларусі такімі асобамі сталі Янка Купала і Якуб Колас.

Яны стаяць у шэрагу вялікіх мастакоў свету, якім было дадзена глыбока спазнаць сутнасць свайго часу, народа, яго гісторыю і выказаць гэта ў яскравай мастацкай форме.

Яны належаць да тых знакамітых асоб, чые творы маюць вечную каштоўнасць, з’яўляюцца класічнымі для нацыянальнай і сусветнай культуры.

Янка Купала і Якуб Колас – гэтыя імёны ў нашым уяўленні заўсёды побач. Мы гаворым: Янка Купала – і працягваем: Якуб Колас. І наадварот – Якуб Колас і Янка Купала. Такія своеасаблівыя “пары” – вядомая заканамернасць у сусветнай літаратуры, дзе ёсць Гётэ і Шылер у нямецкай, Пушкін і Гогаль у рускай, Бальзак і Стэндаль у французскай, Міцкевіч і Славацкі ў польскай літаратурах.

Цяжка, ды і немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў у беларускай культуры, літаратуры і мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які арыентуецца ўся наша нацыянальная культура і літаратура.

Яны — заснавальнікі новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а ў гісторыю сусветнай літаратуры ўвайшлі, як сімвалы беларушчыны, як найлепшыя прадстаўнікі беларускага народа.

Купала і Колас — нашы буквар і энцыклапедыя, нашы песні і сумленне.

Калі ў пачатку ХХ стагоддзя ў Расіі ў кожнага чалавека стала будзіцца пачуццё свайго “я”, стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што і мы людзі, у Беларусі паявіліся паэты, песняры свайго, забытага Богам і людзьмі краю і долі народнай – Янка Купала і Якуб Колас. Іх падзвіжніцкая дзейнасць на самым пачатку творчага шляху паспрыяла таму, што беларусы сцвердзілі сябе як нацыю, заклалі трывалы падмурак для пабудовы сваёй самастойнай дзяржавы, якая і сёння шукае і знаходзіць аптымальныя шляхі для далейшай нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Творчая спадчына Янкi Купалы і Якуба Коласа, як купальскі вянок, кінута нам – беларусам — на шчасце. На прасвятленне, на радасць зямной прыгажосці, — канстантаваў напрыканцы сваёй прамовы Уладзімір Мацука. — Той вянок паэзіі трэба захацець вылавіць у кніжным моры і разгадаць яго чарадзейства. Тады з вамі абавязкова адбудзецца дзіва. Вы зразумееце, навошта прыйшлі ў белы свет. І вам захочацца стаць пад сцяг паэтаў, а значыць, пад сцяг нашай мілай, роднай Беларусі. І хай на гэтым нялегкім шляху, якім ідзе сённяшняя маладая, суверэнная Беларусь, ніколі не забываюцца прарочыя словы нашых песняроў:

Дык жа шумі, красуй у волі,

родны Край!

Звіні ў свой звон,

сялянска-пралетарскі звон!

Спявай ты, Беларусь,

у радасці спявай!

Твайго Народа сёння

права і закон.

Змест свята быў вельмі разнастайным. Са сцэны прагучала мноства вершаў беларускіх класікаў, пранікнёна ліліся песні “Мой родны кут”, “Братка-беларус”, “Белая ластаўка”, “Мая малітва”…

Паэт Уладзімір Сітуха, запрошаны на свята, на вялікім эмацыянальным уздыме прачытаў два свае вершы. Адзін быў прысвечаны беларускім класікам, а другі — Маці.

Як вядома, многія творы Янкі Купалы і Якуба Коласа ўвайшлі ў дзіцячае чытанне. Іх любілі нашы бацькі, любім мы і нашы дзеці за легкасць, меладычнасць, эмацыянальны ўплыў і мудрасць жыцця. Гледачы на свяце замілаваліся тэатралізаванымі сцэнкамі, вялікае ўражанне зрабіў танец “Купалінка” ў выкананні выхаванцаў Матыкальскай дзіцячай школы мастацтв.

Потым да прысутных звярнулася дырэктар Брэсцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы( РЦБС) Ларыса Балашова. Яна заўважыла, што беларускія класікі з вялікай любоўю і павагай адносіліся да простага беларуса, горача жадалі яму шчасця. Такія шчырыя пачуцці не маглі застацца без увагі. Таму кнігі Коласа і Купалы будуць запатрабаванымі заўседы. Яшчэ Ларыса Пятроўна нагадала, што гэты год аб’яўлены годам Кнігі, але наша пашана паэтам будзе аддавацца незалежна ад даты ў календары. Свае выступленне Ларыса Балашова скончыла заклікам:

— Прыходзьце ў бібліятэкі. Чытайце! Любіце кнігу!

Дарэчы, Брэсцкая РЦБС налічвае 22 бібліятэкі, а кніжны фонд сістэмы — 368 тысяч экзэмпляраў разнастайных дакументаў. Яны даступныя ўсім жадаючым, дзякуючы ўнутрысістэмнаму кнігаабмену…

А ў час свята працавалі кніжна-ілюстраваныя выставы “З Купалам і Коласам у сэрцы жывем”. Вялікую цікавасць таксама выклікала латэрэя “З якога твора ўрывак?” Адным словам, прыбужцы праводзілі час прыемна і цікава.

Напрыканцы свята ў раённым Доме культуры адбыўся спектакль Брэсцкага драматычнага тэатра “Прымакі” па п’есе Я. Купалы. Узнагародай акцерам сталі ўсмешкі і шчырыя апладысменты гледачоў…

Аляксандр Ярмашук

 

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!