ЗА ДВАЦЦАЦЬ ГОД | Заря над Бугом

ЗА ДВАЦЦАЦЬ ГОД

Дзень незалежнасці вяртае нас да падзей тысяча дзевяцьсот сорак чацвертага года. Амаль семдзесят год мінула з тае пары, калі была адноўлена беларуская савецкая дзяржаўнасць. Затым БССР трансфармавалася ў Рэспубліку Беларусь. Адбылося гэта ў 1991 годе, дваццаць год таму.

Як і любая дзяржава ў перыяд станаўлення, Беларусь стаяла перад выбарам шляху развіцця. Выбраны намі шлях – адрозны ад тых,якімі ідуць суседнія краіны. Мы не сталі членам Еўрасаюзу і НАТО, як нашыя суседзі Польшча, Латвія, Літва. Мы не пайшлі па шляху алігархічнага капіталізму, як Украіна і Расія.

Што дала нам незалежнасць?

Каб адказаць на пытанне, трэба ўспомніць, што мы набылі, а што страцілі за гэтыя дваццаць год.

Мы набылі новую форму дзяржаўнасці, якая мае як сваіх прыхільнікаў, так і крытыкаў. Крытыкі гавораць, што ў краіне мала дэмакратыі, яна аўтарытарная, сацыялістычная і бюракратычная.

Прыхільнікі пярэчаць: сённяшні лад – самы ліберальны за апошнія дзвесце дваццаць год, з часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Наш сацыялізм – гэта найперш пэўны кошык сацыяльных гарантый, гэта сучасная медыцына, адукацыя, права на жыллё, завязаныя на палітыку стымулявання нараджальнасці. А элемент аўтарытарызму непазбежны ў краіне, якая не мела стагоддзямі вопыту незалежнага існавання.

Мы набылі новую вёску ў рамках палітыкі яе адраджэння. Мы набылі сотні новых прадпрыемстваў і аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. За гэтыя дваццаць год мы паднялі з руінаў нашы цэрквы, касцёлы, замкі і маёнткі, якія зноў, як сотні год таму, сталі звыклаю часткаю беларускага пейзажу.

Мы набылі ўласныя грошы, ўласнае войска, ўласную замежную палітыку. Прызвычаіліся да такой з’явы, як візіты ў Мінск кіраўнікоў самых розных краін – ад Венесуэлы да Італіі – гэтага не было ўсяго дваццаць год назад. Тут мне могуць запярэчыць, што не ўсе ездзяць, бо не з усімі мы дружна жывем. Але ж, як вядома, ўсім добры не будзеш і благія адносіны паміж дзяржавамі такая ж распаўсюджаная з’ява, як добрыя.

Што мы страцілі?

Мы страцілі магчымасць ваяваць ў Чачні і Таджыкістане, як Расія, і пры гэтым не набылі права ваяваць у Іраку і Афганістане, як астатнія нашы суседзі.

Мы страцілі адчуванне непарушнасці устояў. У грамадстве з’явіліся групоўкі, якія маюць на мэце падтрыманне градуса палітызаванасці. Удаецца, гэта, праўда, блага.

Усе спробы рэвалюцый заканчваюцца выхадам на вуліцы некалькіх соцень патлатых студэнтаў. А студэнт беларускае грамадства на рэвалюцыю не падніме, ў гэтым можна не сумнявацца. Беларусы стараюцца прыслухоўвацца да людзей аўтарытэтных, у лік якіх малады чалавек, які нідзе ні дня не рабіў, не ўваходзіць. Ды й самому студэнту, як аказваецца, не так пільна тая рэвалюцыя трэба: паліў дождж у мінулую сераду – і не пайшлі студэнты “на рэвалюцыю”, пра якую некалькі дзён гаварылі. Якая можа быць рэвалюцыя, калі дождж на двары? Так што нават сённяшняя няпростая сітуацыя не будзе саюзнікам апанентам існуючага ладу: плюсы незалежнага існавання ўсё роўна перакрываюць цяжкасці і нечаканасці цяперашняга часу.

Што страцілі яшчэ? Незалежная Беларусь працягвае губляць носьбітаў беларускай мовы, усіх яе варыянтаў і дыялектаў. Не выключэнне – і заходнепалескі. Старыя паміраюць – а новае пакаленне мовы не ведае, не лічыць яе нейкай каштоўнасцю. Таму і маем сёння сітуацыю, калі жыхар Прыбужжа загаворыць у Брэсце родным дыялектам, яго могуць прыняць за выхадца з Украіны – жыхар абласнога цэнтра часам нават не здагадваецца, як гаварылі пад Брэстам, здавалася б, зусім нядаўна.

Што чакае нас наперадзе? Хочацца верыць, што ўсё будзе добра. Таму што цяжкасці прыйшлі і пойдуць, а мы застанемся.

Ігар ГЕТМАН

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!