ЖНІВО Ў ПРЫБУЖЖЫ ПАЧАЛОСЯ | Заря над Бугом

ЖНІВО Ў ПРЫБУЖЖЫ ПАЧАЛОСЯ

Яшчэ напрыканцы мінулага тыдня многія гаспадаркі Прыбужжа пачалі выбарачнае жніво азімага ячменю. Сёння ўжо можна сказаць, што першы экзамен камбайнеры здалі на выдатна – ячмень, які займаў каля 600 гектараў, абмалочаны. На чарзе цяпер уборка рапсу, шматгадовых траў і галоўных нашых каласавых культур.

Да жніва заўсёды старанна рыхтуюцца. У таварыстве з абмежаванай адказнасцю “Агравіта” самае галоўнае – укамплектаваць экіпажы зернееўборачных камбайнаў. Так было пазалетась, у мінулым годзе, і вось цяпер. Камбайнаў у гаспадарцы ўсяго чатыры, але падабраць вопытных у гэтай справе людзей не проста – горад “паглынуў” многа спецыялістаў і работнікаў.

Інжынер па ахове працы Іван Мікалаевіч Барташ расказвае, якая была праведзена работа з удзельнікамі жніва.

-Інструктаж прайшлі ўсе, выдалі спецвопратку, пад распіску пазнаёмілі з умовамі аплаты працы. Узмацнілі кантроль за выездам з тэрыторыі мехдвара, наладзілі бытавыя паслугі.

Галоўны аграном Анатоль Мікалаевіч Касцюкевіч адзначыў, што ў “Агравіце” тэхніка толькі айчыннай вытворчасці. Камбайны “Гомсельмаша” добра прыстасаваны да ўмоваў жніва ў Прыбужжы.На мадэлі КЗС-7 Уладзімір Кузьміч Бандэра, напрыклад, адзін працуе ўжо каторы год, хваліць машыну. На мадэлі КЗС-10 – Леанід Міхайлавіч Варэніч і Віталь Аляксандравіч Субоцін. На КЗС-12 – Дзмітрый Іванавіч Саўчанка і Арцем Вітальевіч Мельнічэнка, Леанід Міхайлавіч Дземідовіч і Васіль Георгіевіч Ярашчук. Пад камбайны “Гомсельмаша” наладжаны і ўзровень рамонтнай базы гаспадаркі. Добра наладжана таксама ўзаемадзеянне з дылерамі камбайнавага завода, які прадстаўляе тэхнічны цэнтр ТАА “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Дарэчы, калі мы гутарылі на полі з камбайнерамі, легкавічок рамонтна-тэхнічнай службы падкаціў да КЗС-12, на якім працуе экіпаж Саўчанка-Мельнічэнка, і хлопцы ў фірменных камбінезонах ВА “Гомсельмаша” спрытна палезлі на машыну, да рухавіка, які нешта “закашляў” яшчэ з раніцы.

Мусіць, прастудзілі ўчора, — жартуюць вясёлыя мужчыны з Жабінкі. – Надвор’е, бачыце, якое?

Бачым, канешне. І дажджы, і маланкі, і вецер. А спякота якая! Калі прывозяць механізатарам абед, то ў першую чаргу хлопцы бягуць за бутэлькамі мінеральнай вады.

Усяго некалькі дзён спатрэбілася, каб зжаць ячмень. Але і гэтага часу хапіла, каб наладзіць і ўпарадкаваць уборачны канвеер, убачыць недахопы, вызначыць тактыку жніва. На многіх палетках шмат мясцін, дзе паламала ветрам і прыбіла да зямлі каласавыя. Нядаўняя чэрвеньская спякота нарабіла бяды. І цяпер у гаспадарцы стараюцца сабраць тое, што яшчэ ёсць. Выбарачнае жніво азімай пшаніцы, напрыклад, цалкам ідзе на кармавыя мэты. На гаспадарчым двары ў Кацельня-Баярскай мы ўбачылі, як завіхаліся механізатары Уладзімір Андрэевіч Масюк і Леанід Адамавіч Гер, рыхтуючы плюшчанае зерне ў поліэтыленавыя “рукавы”. Два тарктарысты – адзін на “Беларус-2022”, другі – на “Амкадоры”, і два паляводы – Віктар Яўгенавіч Блізнюк і Вера Філіпаўна Зданевіч паспявалі ўсюды, і насыпаная з вечара на бетанаванай пляцоўцы куча зерня на вачах “худзела”, затое доўжыўся кармавы “рукаў”.

-Як справы, Фёдараўна, што новенькага? – пытаемся ў вагаўшчыцы і ў галоўнай кладаўшчыцы Інны Буднік, якая на гэтых пасадах сустракае ўжо сёмае жніво.

-А добра, дзякуй Богу! – адказвае жанчына. – Чакалі, канешне, лепшага ўраджаю. Ды што зробіш, калі ўся Еўропа збілася з рытму…

У прафкаме гаспадаркі мы атрымалі такую інформацыю. На 14 ліпеня ў “Агравіце” было зжата 20 гектараў азімага ячменю, 18 – азімай пшаніцы, 66 – трыцікале і больш за 13 гектараў жыта. Усяго на раніцу ў чацвер было ўбрана каля 120 гектараў зерневых. А гэта – больш 20 працэнтаў ад усёй плошчы.

Канешне, намалаціць па 1000 тон зерневых і зернябабовых, каб стаць пераможцам у раённым спаборніцтве на жніве-2011, камбайнерам “Агравіты” не дазваляюць сціснутыя рамкі засеяных палеткаў. Аднак лепшых механізатараў чакае свая, прафсаюзная ўзнагарода. Грашовыя прэміі будуць уручаны таму экіпажу, які першы намалоціць 300 тон зерня.

-А хто намалоціць 500 і болей – адзначым таксама! – запэўніў і кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Іванавіч Дземенціюк.

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК; Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт “Зари над Бугом”.

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!