ЗОРНЫ ЧАС «КАРАЛЕВЫ» | Заря над Бугом

ЗОРНЫ ЧАС «КАРАЛЕВЫ»

У “Племзаводзе Мухавец” актыўна ідзе нарыхтоўка кукурузнага сіласу

Ёсць два шляхі павелічэння запасу кукурузнай масы і зерня: пашырэнне пасяўных плошчаў і павышэнне ураджайнасці. Землю не расцягнеш, значыць, трэба браць розумам: знаходзіць і выкарыстоўваць тэхналогіі, якія найбольш адпавядаюць нашым умовам земляробства.

У “Племзаводзе Мухавец” у гэтым годзе большасць кукурузных палеткаў была пасеяна зернем айчыннай селекцыі. Ці прыжылася “каралева палёў” на мухавецкай зямлі?

Механізатар Аляксандр Верамей (злева), галоўны аграном Андрэй Балкоўскі і вадзіцель Дзяніс Шуміла у добрым настроі – такой кукурузы, як у гэтым годзе, у гаспадарцы яшчэ не было!

Галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Балкоўскі чакаў нас на ўзбочыне шумнай дарогі каля вёскі Камяніца-Жыравецкая.

— Вось адсюль мы пачалі касіць кукурузу ўчора, — паказваючы, што ўжо зроблена за гэты час, сказаў Андрэй Мікалаевіч. – К вечару мяркуем тут закончыць і перайсці на другі ўчастак.

Плантацыя, на якой бегае-снуе “Ягуар” Аляксандра Верамея, прылягае да аўтатрасы. Адсюль добра відаць горад.

— Кожны год “ваюем” з мяшочнікам, якія зрываюць пачаткі на продаж, — расказвае галоўны спецыяліст.- Проста бяда. У нас усе гатункі кукурузы кармавыя, а людзі ж не ведаюць, не ўнікаюць у такія дробязі. Цяпер ужо, праўда, не крадуць, бо зацьвярдзела зерне. А паглядзіце, што на зямлі робіцца?

Заходзім у кукурузу. Раліны магутныя, з зарасляў неба не відна. А на зямлі бачым шмат пакінутых “распранутых” пачаткаў: гэта сляды нядаўніх набегаў. Шкода, безумоўна ёсць, прычым значная.

Мухавецкія пясочкі патрабуюць увагі, увішнасці, адэкватнай рэакцыі на змену надвор”я. Вучоныя і практыкі сцвярджаюць, што частыя дажджы, якія прыводзяць да залішняй вільгаці глебы, прыносяць большую шкоду кукурузе, чым сухія перыяды з кароткачасовымі дажджамі. Выходзіць, для мухавецкіх палеткаў сёлетняе лета атрымалася найбольш спрыяльным. Улічым таксама, што гатункі зерня амаль усе айчыннай селекцыі. А яшчэ адзін, найгалоўнейшы козыр, — “каралеву палёў” даглядаюць не калектыўна, як было раней, а як і патрабуе сучасная тэхналогія, замацавалі за адным спецыялізаваным звяном. Сеяў, даглядаў, а зараз і косіць кукурузу на сілас Аляксандр Верамей.

Тэарытычныя даведкі і практычны вопыт Андрэя Балкоўскага дапамаглі нам разабрацца, у чым сакрэм мясцовых кукурузаводаў. Галоўная роля цалкам належыць чалавеку – яго сумленню, адносінам да працы, даручанай справе, дысцыпліне, вопыту і майстэрству, уменню прыслухацца да разумных парад. Зямля, надвор”е, безумоўна, важныя рэчы, але ж усё-такі новыя гатункі раслін, новыя сродкі аховы іх ад шкоднікаў, хвароб і неспрыяльных з”явішчаў, новыя тэхналогіі выпрацоўваюць людзі.

Кожны дзень на дастаўку зялёная масы ў “Мухаўцы” выдзяляецца некалькі транспартных адзінак. Сёння на нарыхтоўцы кукурузнага сіласу працуюць два магутныя МАЗы, адзін КамАЗ, чатыры трактары “Беларус-1221” з прычэпамі і адзін МТЗ-80. “Плячо” дастаўкі грузаў ад Камяніцы-Жыравецкай да кармавой пляцоўкі малочна-таварнага комплексу невялікае, транспарт спраўляецца.

— Колькі можаш скасіць , Міхайлавіч, за рабочы дзень? – пытаемся у вадзіцеля “Ягуара” Аляксандра Верамея.

— Пры такім ураджаі, як сёлета, лёгка магу накасіць тысячу тон.

— За дзень? – не паверылі мы, бо хто і калі чуў такія “крамольныя” заявы ў “Мухаўцы”.

— За дзень, — адказаў кукурузавод.

— Учора залажылі ў траншэю 650 тон, — пацвердзіў словы механізатара галоўны аграном. – Маглі б і болей даць, — як аб нечым даўно звыклым і звычайным сказаў Андрэй Балкоўскі.

А нам падумалася: калі на такіх пясочках як у “Мухаўцы” кукуруза вырасла, як у тропіках, то сапраўды для яе ў нашым Прыбужжы наступіў зорны час.

Вечарам у той дзень мы пазванілі ў гаспадарку: “Колькі скасіў Верамей?”

854 тоны, — пачулі ў адказ.

Мікалай ПАЎЛЮКОВІЧ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК;

Сямён ІВАНЕНКА, карэспандэнт “Зарі над Бугом”

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!