Звычайны працоўны дзень | Заря над Бугом

Звычайны працоўны дзень

Павышэнне закупачных цэн на сельгаспрадукцыю станоўча адбілася на дынаміцы развіцця аграпрамысловага комплексу, аднак не вырашыла ўсіх праблем. І рэзерваў, і памылак у жывёлагадоўлі, напрыклад, яшчэ дастаткова, але практыка і час паказалі, што пытанне застанецца адкрытым, калі не будзе ўдзяляцца дастаткова ўвагі галоўнаму — чалавечаму фактару.

 За апошні час многа чаго сказана пра навейшыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі, — пачаў з намі размову старшыня СВК “Чарнаўчыцы” Іван Уладзіміравіч Бурда. – У нас ёсць і сучасны малочны комплекс, і рэканструіраваны цялятнік, прычым, не адзін. Зараз на аднаго аператара машыннага даення прыходзіцца столькі рагуль,  што знайсці “індывідуальны” падыход, як практыкавалі раней усе даяркі, проста немагчыма. А гэта ж праца не за станком – да кожнай жывой істоты трэба знайсці падыход. Калі нейкім там рэгулятарам у машыны можна павялічыць абароты і хуткасць, то з кароваю такі прынцып не праходзіць. Я правільна кажу?

Чыстая праўда, -пацвердзіла  Тамара Уладзіміраўна Леанідава, якая ўжо 28 гадоў шчыруе на Чарнаўчыцкай ферме. Спачатку была даяркай , а апошнія шэсць гадоў – аператарам на адкорме буйной рагатай жывёлы. Тамара Уладзіміраўна не прысутнічала пры нашай бяседзе з кіраўніком гаспадаркі, але калі мы задалі пытанне, як практычна павялічыць у гурце прывесы, адказала: — Да кожнай кароўкі трэба падыходзіць без злосці. Пагладзь каторую – яна табе і рукі абліжа…

Тамара Уладзіміраўна усё сваё жыццё правяла ў Чарнаўчыцах. “На ферму пайсці папрасіў старшыня калгаса Флар.яновіч Аляксей Аляксеевіч, — успамінае мінулыя гады

Тамара Уладзіміраўна. – Добры быў кіраўнік, спагадлівы. Як не паслухацца? Пайшла вось, і не шкадую.”

Два гады ўжо як на пенсіі. Ды хіба ж ўсядзіш дома, калі ўсё, слава Богу, у парадку. Трэба і дзеткам дапамагчы, унучкам. Старшыня СВК “Чарнаўчыцы” Іван Уладзіміравіч умее ацаніць старанную добрасумленную працу, і прафсаюз не забывае пра жывёлаводаў. Зараз вось такія маразы ўдарылі, а на ферме ўсё ладком, нічога не здарылася. Бо кожны работнік робіць сваю справу, як трэба, не п.е, не перакладвае на іншых.

Такія вось размовы і справы ў звычайны працоўны зімні дзень.

Анатоль Мікалаевіч Дзяцел і Тамара Уладзіміраўна даглядаюць гурт, у якім зараз 137 галоў. Бычкі – нібы зубры ў пушчы. Ладныя, чысценькія, прыгожыя. Хто стаіць, хто ляжыць – усе занятыя найважнейшай справай: перажоўваюць сабе,  уважліва назіраючы чорнымі вачыма за тым, як людзі акуратненька падграбаюць раскіданы сілас. З месца не скрануцца. Ды яны і не перашкаджаюць людзям: даглядчыкі ходзяць толькі уздоўж кармушак. Гэтае правіла тэхнікі бяспекі на ферме – найгалоўнейшае.

 У вытворчым памяшканні – цепла, чыста, дастаткова святла. А некалі ж тут было цемнавата. Пры рэканструкцыі фермы вокны зрабілі большымі, перайначылі нешта ў транспарцёры. Паміж стойламі – шырокія праходы. Хочаш – едзь на трактары з прычэпам, хочаш – на возе. Менавіта тут карыстаюцца  фурманкаю. Скажаце – мінулы век!

 Што для чаго,- разважае Анатоль Мікалаевіч. – Да нашага коніка, напрыклад, гурт прызвычаіўся. А заганю я сюды трактар? Увесь жа статак на дыбы стане, хлеў разнясе..

А.М. Дзяцел і Т. У. Леанідава працуюць па метаду брыгаднага падраду. Дакладней, выкарыстоўваюць элементы сямейнага  падраду, якім карысталіся ў свой час на гэтай жа ферме бацька і маці Анатоля Мікалаевіча – Мікалай Іосіфавіч і Марыя Антонаўна. Менавіта М.І. Дзяцел з жонкаю “пры Туруцьку” ( у той час Міхаіл Іванавіч Туруцька кіраваў калгасам “Іскра”) першымі ў гаспадарцы адважыліся на сямейны падрад.  Выгадная, пэўна, справа, калі сын працягвае справу бацькоў. Выгадна і для гаспадаркі: за мінулы год сярэднясутачныя прывагі жывёлы па ферме склалі 839 грамаў, а валавы прывес – 447 цэнтнераў. За першы месяц бягучага года паказчыкі ўзраслі.

Пэўна,  з маладых гадоў працуеце жывёлаводам? – пытаемся ў Анатоля Мікалаевіча, бо цяжка ўявіць сабе, як можна пры мінімуму механізацыі дабіцца найлепшых вынікаў на адкорме буйной рагатай жывёлы.

Бацькам, бывала, дапамагаў, — адказвае Анатоль Мікалаевіч. – Пасля арміі гадоў дзесяць працаваў ў Брэсце, але ж ўсе-ткі вярнуўся ў вёску. Пайшоў на ферму.

Моцнымі каранямі звязаны Дзяцел-малодшы з Чарнаўчыцамі. Жонка яго, Ірына Аляксандраўна, уладкавалася у садаводчую брыгаду – зусім новую галіну гаспадаркі СВК “Чарнаўчыцы”. Трое дзетак падрастае ў сям,і – Жэня, Сярожа і Анастасія. Свой дом. Гаспадарка. 

А ў неба не цягне? – на развітанне пытаемся ў знатнага жывёлавода. Справа ў тым,  што яшчэ ў канторы прачулі, што ў свой час Анатоль Мікалаевіч служыў у ВДВ, зрабіў 13 скачкоў з парашутам.

Ой не, хлопцы,  я пасля арміі за гэты час зусім стаў зямным чалавекам.

Сямён ІВАНЕНКА

Похожие новости

Create Account



Log In Your Account



Заказать звонок
+
Жду звонка!